АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Чым закончыцца «справа прафсаюзаў»?

Чым закончыцца «справа прафсаюзаў»?
04.08.2017
Былы палітвязень Мікола Дзядок распавядае пра сутнасць крымінальнай справы ў дачыненні да лідараў незалежных прафсаюзаў.

 Нагадаем, што 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”  – быў затрыманы Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). 

Пазней ён быў адпушчаны. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Генадзю Фядынічу, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. 
РР: На ваш погляд, якія перспектывы гэтай справы? Папужаюць і забудуць альбо людзі могуць атрымаць рэальныя тэрміны зняволення? 

Мікола Дзядок: Пакуль усё кажа пра тое, што пужаюць, бо баяцца пратэстаў з-за падатку на дармаедства, які хутка хочуць уводзіць у жыццё. Адзіным фактарам, што стрымлівае ўлады ад рэпрэсій, зараз з’яўляецца ціск Еўропы, а не, на жаль, унутрыпалітычнае становішча і ціск грамадзянскай супольнасці. Таму, здаецца, улады вырашылі пакінуць крымінальную справу, але выпусціць на волю Фядыніча, каб „не абвастраць” сітуацыю. 
РР: А якая будзе рэакцыя Захаду? Зробіць выгляд, што нічога не было ці стане ў пазіцыю? 

Мікола Дзядок: Пакуль не будзе рэальных тэрмінаў, мяркую, Еўропа зробіць выгляд, што нічога не было альбо абмяжуецца сімвалічнымі заявамі. Зараз у краіне два афіцыйна прызнаныя праваабаронцамі палітвязні – Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. І Захад ніяк не рэагуе, на жаль. 

РР: А навошта наогул была “справа прафсаюзаў”. Толькі-толькі “справа патрыётаў” сцішылася… 

Мікола Дзядок: Як ужо казаў, каб запалохаць дзеячаў і структуры, якія, на іх погляд, могуць адыграць ролю ў будучых пратэстах у бліжэйшы час. Ідзе прэвентыўная падрыхтоўка. 
РР: І ўдасца запужаць? 

Мікола Дзядок: Я думаю што запужванне традыцыйных апазіцыйных актывістаў ужо нічога не вырашыць. Сакавіцкія пратэсты паказалі, што з народу паўстае вялізная колькасць новых лідараў, адсачыць і запужаць іх робіцца ўсё цяжэй. Дарэчы, гэта яшчэ адзін плюс на бок дэцэнтралізацыі і самаарганізацыі. Замест таго, каб мець аднаго лідара, якога можна запужаць ці пасадзіць, паўнамоцтвы прымаць рашэнні павінны быць у як мага большай колькасці людзей. Тады пратэст будзе нашмат цяжэй падавіць, перадае Беларускае Радыё Рацыя.




Дата стварэння навіны 04.08.2017

Возврат к списку