АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

За апраўдальны прысуд суддзю ніякім чынам не караюць

За апраўдальны прысуд суддзю ніякім чынам не караюць
01.08.2017
Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч дае сваё тлумачэнне гэтаму.

У першай палове 2017 года суды вынеслі 36 апраўдальных прысудаў. Сярод іх 2 чалавекі былі прызнаныя невінаватымі ў забойстве, адзін ― у гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянера.

 

У той жа час апраўдальных прысудаў у Беларусі ўсяго 0,7%. І калі, да прыкладу, у 2012 годзе апраўданыя былі 324 чалавекі, то за палову 2017 года ― 36 чалавек. Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч дае сваё тлумачэнне гэтаму.

 

“З утварэннем Следчага камітэта ў суды стала паступаць менш спраў з даказальнай базай 50 на 50. Калі судовая перспектыва справы яшчэ на стадыі накіравання ў суд пралічвалася шмат у якіх выпадках вельмі слаба. Таму, скарачэнне колькасці апраўдальных прысудаў ― гэта працэс натуральны. Асабліва, калі ўлічыць, што каля чвэрці крымінальных спраў, што паступаюць у суд, маюць прызнанне абвінавачаным сваёй віны. Пры тым, што цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы складаюць 10-12% ад агульнай лічбы разгледжаных судамі спраў, то гэтая лічба (0,7% апраўдальных прысудаў. ― Еўрарадыё) падаецца мне рэальнай. У суды другой інстанцыі па крымінальнай справе трапляе не больш за 20% прысудаў. Астатнія проста не абскарджваюцца і не апратэстоўваюцца ― з імі згодныя”.

 

  

За апраўдальны прысуд суддзю ніякім чынам не караюць

 

 ― Сам факт апраўдальнага прысуду не можа за сабой цягнуць дысцыплінарную адказнасць суддзі. І гэта правіла вытрымліваецца вельмі жорстка. Якія меры прымаюцца да следчых і пракурораў, якія адправілі ў суд справу, якая завяршылася вынясеннем апраўдальнага прысуду… Наколькі я ведаю, меры прымаюцца. І гэта правільна, бо следчая памылка мае негатыўныя наступствы і для асобы, і для яго блізкіх людзей.

 

 

 Пра асвятленне судовых працэсаў у сацсетках

 

 

 Часам прыёмы і падыходы пры асвятленні судовых спраў не прафесійнымі журналістамі, а тымі, хто гэта робіць у сацыяльных сетках, не дапамагаюць, а перашкаджаюць ажыццяўляцца правасуддзю. Бо непазбежна выклікаюць нездаровую цікаўнасць да некаторых абставінаў справы, а часам і ўвогуле да фактаў з асабістага жыцця ўдзельнікаў працэсу, якія выхаваны чалавек трымаў у сакрэце, нават калі б пра іх і даведаўся.

 Пра дакументы па “справе Даната” (хлопца, якога асудзілі на нападзенне на настаўніцу. ― Еўрарадыё), якія выкладваюцца ў сацсетках удзельнікамі гэтага закрытага працэсу.

Не ведаю, ці бралі ва ўдзельнікаў гэтага працэсу падпіскі аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга следства і закрытага судовага пасяджэння. У нас ажно да крымінальнай адказнасці прадугледжана за незаконнае распаўсюджванне дадзеных закрытага судовага пасяджэння. Асабліва калі яны цягнуць за сабой пэўныя наступствы. Былі выпадкі і асуджэння па гэтай норме. Прыгадваю справу аднаго адваката з віцебшчыны. Думаю, падчас разгляду справы ў другой інстанцыі Вярхоўны суд дасць ацэнку па ўсіх абставінах, якія ў гэтай справе прысутнічаюць, і прыме па іх адпаведнае рашэнне.

 

 Пра стрымы з залы суда

 

 Асабіста я супраць такіх мер, бо гэта робіць бессэнсоўным выдаленне тых жа сведкаў з залы судовага пасяджэння. Дапытаныя сведкі і недапытаныя не павінны мець стасункі да допыту. Усе гэтыя прамыя трансляцыі ды яшчэ і з каментарыямі нівелююць прамыя дзеянні працэсуальных норм закона. Якія прапісаныя для таго, каб дапамагчы суду выявіць праўду, выявіць змову сведкаў, захаваць да часу інфармацыю, якую адзін бок хоча да часу захаваць у якасці сюрпрыза для іншага боку. Для чаго мы выдаляем сведкаў з залы суда? Каб яны па інтэрнэце глядзелі што там адбываецца? Акуратна з гэтым трэба, суд ― гэта не тэатр. Гэта лёс людзей. І калі мы такім чынам пачынаем загадзя фарміраваць грамадскую думку пра тое, хто мае рацыю, а хто ― не, гэта вельмі дрэнна.

 

Пра колькасць супрацоўнікаў праваахоўных арганаў на лаве падсудных

 

Па практыцы папярэдніх гадоў скажу: некалькі дзясяткаў штогод. Яны трапляюць на гэтую лаву за розныя злачынствы і з розных праваахоўных органаў.

 

 Пра журналістаў, якіх супрацоўнікі міліцыі вінавацяць у лаянцы матам падчас працы на вулічных акцыях

 

Што тут доўга каментаваць: калі канкрэтная асоба не згодная з вынікам разгляду справы ў судзе першай інстанцыі, яна мае права абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйстаячы суд. Я ніколі не рабіў ніякіх заяў у межах канкрэтных спраў, якія мне як дзеючаму суддзі перашкодзяць прымаць у будучым па пэўнай справе рашэнне ў парадку абскаржвання. У нас у законе прапісана, што ніякія доказы не маюць для суда загадзя вызначанай сілы. Аднак і выключная ацэнка ўсіх доказаў па канкрэтнай справе належыць суду. У гэтым прававым полі і павінна давацца рашэнне кожнаму судоваму рашэнню.

Пра ўзровень недаверу да беларускага суда сярод беларусаў

 Больш паловы беларусаў ніколі ў будынак суда не заходзілі ні ў якой якасці. І гэта вельмі добра. Сваё меркаванне пра суд яны складваюць з фільмаў і вашых рэпартажаў. Што да тых, хто апынаецца ў сферы нашай дзейнасці, то нагадаю, што любы судовы працэс мае два бакі. І адзін з іх судовую спрэчку выйграе, а другі ― прайграе. Наўрад ці той бок, які судовую спрэчку прайграў, будзе ставіцца да судовай сістэмы з даверам ці з павагай. На жаль, у рабоце судоў узнікаюць сітуацыі, якія дазваляюць казаць грамадзянам, што з імі паступаюць несправядліва, некультурна, што іх правы і інтарэсы не абаранілі. Кожную скаргу правяраем, і калі гэта сапраўды так, то ідзе вельмі жорсткая рэакцыя ― ажно да прымянення мер дысцыплінарнага пакарання. Не важна, хто гэта, кіраўнік суда, суддзя, супрацоўнік яго апарату.


па інф. Еўрарадыё



Дата стварэння навіны 01.08.2017

Возврат к списку

cashback