АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ветэран вайны і школьны настаўнік гандлюе кнігамі ля кнігарні

Ветэран вайны і школьны настаўнік гандлюе кнігамі ля кнігарні
01.08.2017
Дзядзьку Мішу, так ён прадстаўляецца, часта можна сустрэць ля Цэнтральнай Кнігарні ў сталіцы: стары раскладвае кнігі, часопісы, нават дзіцячыя машынкі і сядзіць у чаканні пакупнікоў альбо проста стасункаў.

Сёння дзядзька Міша прапануе "Раман-газету" за 1985 год, часопісы "Мои любимые цветы" и "Хозяин", якім найменш восем гадоў ― аддае за "колькі хто дасць".

 

"Некалі даўным-даўно здавалі макулатуру і мянялі яе на кнігі. Я кнігі збіраў, шмат чытаў, а цяпер яны ляжаць бясхозныя", ― у дзядзькі Мішы вельмі ціхі і слабы голас. Яму цяжка гаварыць, але на здароўе не скардзіцца. Кажа, што проста не звяртае на яго ўвагу.

 

 Як піша сайт Еўрарадыё, стары не памятае, колькі яму гадоў. Жыве ў кватэры над кінатэатрам "Цэнтральны" разам ж жонкай і сынам. Але, кажа, адносіны ў сям'і вельмі напружаныя. Да таго ж апынулася, што жонка з ім развялася з-за кватэры, а ён пра гэта даведаўся выпадкова, калі хацеў за яе, амаль ляжачую, прагаласаваць на выбарах. Не дазволілі, бо "разведзеныя". Таму, кажа, "можна сказаць, што я адзін". Гэта бачна і па знешнім выглядзе старога (відаць, у касцюме, які на ім апрануты, ён ходзіць апошнія некалькі гадоў).

 


Міхаіл ― ветэран вайны. Кіраваў танкам на Заходнім фронце. Удзельнічаў у баі, пасля якога "немец здаўся". Потым усё жыццё прапрацаваў у школе ― настаўнікам пачатковых класаў і працы.

 

"Мы нават зрабілі адзін складаны прыбор, які пайшоў у Маскву на выставу", ― прыгадвае стары, але што гэта быў за прыбор, не памятае.

 

Па словах дзядзькі Мішы, кнігі ў яго набываюць часта, хоць і выходзіць ён на вуліцы, бадай, калі добрае надвор'е. Вось сёння думаў ля ГУМа пасядзець, але адтуль прагналі ― сказалі, што гандляваць там забаронена. Але не столькі для "капейкі" прапануе дзядуля свае кнігі, колькі для стасункаў, дзе-хто спыніцца і паразмаўляе. Да таго ж, мяркуе, што пенсія ў яго добрая:

 

"Большая ў параўнанні з многімі, бо я доўга і добра працаваў, мяне не пускалі на пенсію. Я добра жыву, ні ў чым сабе не адмаўляю".

 

 Старому цяжка гаварыць, памяць падводзіць, таму на развітанне абяцаю заходзіць да дзядзькі Мішы і пытаюся, як, на яго думку, цяпер жывуць людзі:

 

"Нашмат лепш, чым раней, ― лічыць гандляр кнігамі. ― Раней беднякоў на вуліцах шмат было, а цяпер няма. Кожны мае на хлеб. Адно толькі п'яніцы прапіваюць усё. А нармальныя людзі жывуць добра".

 

Калі будзеце праходзіць ля Цэнтральнай кнігарні, звярніце ўвагу на старога з кіёчкам, маленькай лупай у руцэ (ён разглядае шматлікія паперкі ў сваім гаманцы) і часопісамі ці кнігамі, акуратна раскладзенымі на падваконні крамы. Гэта дзядзька Міша. Вазьміце ў яго кнігу альбо проста пагаварыце з ім. Яму будзе прыемна.



Дата стварэння навіны 01.08.2017

Возврат к списку

cashback