АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Віктар Карняенка: Я не бачу нейкага заўважнага палітычнага жыцця ў асяродку апазыцыянераў. Ёсць прыстасаванне да палітычных падзеяў.

Віктар Карняенка: Я не бачу нейкага заўважнага палітычнага жыцця ў асяродку апазыцыянераў. Ёсць прыстасаванне да палітычных падзеяў.
29.07.2017
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, адзін з стваральнікаў руху «За свабоду» і кампаніі «За справядлівыя выбары» адказаў на пытанні ў дзень 60-гадовага юбілею.

Калі на левую шалю вагаў пакласьці жыцьцёвыя пляны-мары, а на правую здабыткі — яны ўраўняюцца?

 

— Наўрад ці ўраўняюцца, бо ў вечным руху — уніз, уверх. Вядома, ня ўсе чаканьні спраўдзіліся. Амаль за трыццаць гадоў, цягам якіх я займаюся актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, найбольшыя здабыткі былі па першым часе. У Гомлі мы стварылі клюб выбарцаў. Нашы кандыдаты перамаглі на выбарах у гарадзкі савет — гэта быў адзіны ў Беларусі мясцовы савет, дзе дэмакраты мелі большасьць. У горадзе каля 76 адсоткаў школьнікаў навучаліся па-беларуску.

 

Мне асабіста, на той час шараговаму наладчыку апаратуры радыёзаводу, удалося адолець партыйных наменклятурнікаў і дамагчыся мандату народнага дэпутата СССР.

 

Пазьней стварылі рэсурсавае грамадзкае аб’яднанне «Грамадзянскія ініцыятывы». Празь яго падтрыманыя дзясяткі моладзевых праектаў, а таксама мясцовыя незалежныя СМІ. Грамадзка-палітычны цэнтар дэмакратычных сілаў і цяпер існуе на вуліцы Палескай, ладзіць розныя імпрэзы, запрашае палітыкаў, эканамістаў, творцаў. Гэта адзіная дэмакратычная выспа ўва ўсім рэгіёне.

 

— Падаецца, палітык Карняенка апошнім часам стаў неяк менш заўважным у палітычным жыцьці краіны?

 

— Я ня бачу нейкага заўважнага палітычнага жыцьця ў асяродку апазыцыянераў. Ёсць прыстасаванне да палітычных падзеяў. Была нядаўна ў Мінску сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Вакол яе пакруцілася частка палітыкаў. Узбунтаваліся напрадвесьні так званыя «дармаеды» — апазыцыя таксама «засвяцілася». А значнай самастойнай палітыкі я ня бачу. І я менш заўважны, дый усе іншыя таксама.

 

У свой час мне давялося вылучаць кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша, пасьля ў 2006 годзе — Аляксандра Мілінкевіча. Тады мы былі сапраўды больш заўважнымі. Мы змаглі аб’яднацца. Памятаеце, як пасьля тых выбараў знік на тыдзень наш правіцель і як зьявіўся пасьля на публіцы, — мне яго й сёньня шкада. А пасля 2006 году самастойная палітычная дзейнасьць спынілася. Лідэры заняліся яе імітацыяй, нейкімі дробнымі справамі. Але гэта ўжо не палітыка.

 

Ну чаму ж, іншыя вунь цэлыя праграмы на пяцігодку агучваюць, прыкладам, «Гавары праўду». Хіба праграма — гэта дробна ?

 

— Праграмаў у нас хоць адбаўляй. Няма толькі адной: як у цяперашніх варунках прыйсьці да ўлады? Альбо хоць бы вярнуць рэжым у канстытуцыйнае поле? Тут без адзінства нельга, а яго, на вялікі жаль, няма.

 

Уладны рэжым стаў больш гнуткім, камбінуе. У прыватнасці, стварае кішэнную апазыцыю, да якой я адношу й цяперашнюю «Гавары праўду». Яе лідэры імкнуцца часам дадаць апазыцыйнасьці праз заявы, выказваньні. Але ў рэальнасьці гэта прыстасаваньне да сытуацыі. Гэта наагул новая зява ў беларускіх варунках, да якой трэба ставіцца больш сур’ёзна і абачліва. Толькі сваім удзелам у канкрэтных справах апазыцыянэры могуць уплываць на сытуацыю. А праграмы ўсе гэтыя — «укаранення», «укручваньня» ў цяперашнюю сыстэму — гэта для палітыкі пусты занятак.

 

Чужыя грахі, як кажуць, перад вачыма, а свае — за плячыма. Пра свае памылкі можаце сказаць?

 

— Меў, але ня выкарыстаў магчымасьці набрацца больш практычнага досьведу ў справе дзяржаўнага кіраваньня. У мяне асабіста ды ўсіх іншых не хапіла волі й цярпення, каб замацаваць нашы кааліцыйныя дамоўленасьці 2006 году. Нават пры адносным адзінстве апазыцыя была ўплывовай сілай. Парад амбіцыяў 2010 году, калі ў кандыдаты на прэзыдэнта рынуўся дзясятак прэтэндэнтаў, толькі змаргіналізаваў апазыцыю. Цяпер нас яшчэ заўважаюць, але ня думаю, што ўспрымаюць моцным палітычным гульцом.

 

Як чалавек з досведам працы ў прадстаўнічых структурах, як лічыце, ці цяперашнія парлямэнтары выконваюць сваю ролю ў дзяржаве?

 

— Прызначаныя дэпутаты паводле вызначэння ня могуць стаць паўнавартасным парлямэнтам. Сам Аляксандар Лукашэнка ня так даўно патлумачыў, што ў Беларусі ёсьць тры штабы: палітычны — адміністрацыя прэзыдэнта, эканамічны — урад і Рада бясьпекі. Так званаму парлямэнту ў гэтай герархіі месца не знайшлося, бо ён шмат у чым стаў бутафорскаю, безыніцыятыўнаю структураю, падпарадкаванаю выканаўчай уладзе.

 

— Якая мадэль дзяржаўнага кіраваньня найбольш пасуе Беларусі?

 

— Прэзыдэнцкі экспэрымент атрымаўся для нашай краіны вельмі няўдалым. Беларускія выбарнікі патрапілі ў пастку папулізму. Фактычна зьліквідаваныя парлямэнтарызм, мясцовае самакіраваньне, незалежны суд. Грамадзяне пазбаўленыя права абіраць сабе ўладу. Усе насельніцтва стала закладнікам аднаго чалавека, які робіць тое, што хоча. То займаецца дрэваапрацоўкай, то цэмэнтам, то хакеем, а вынік заўсёды адзін.

 

Беларусі больш пасуе парлямэнцкая рэспубліка, на крайні выпадак — парлямэнцка-прэзыдэнцкая, бо там прысутнічае калектыўны розум, існуе падзел уладаў, што забясьпечвае збалянсаванасьць дзяржаўнай сыстэмы.

 

— У многіх палітыкаў, а таксама беларускіх чыноўнікаў дзеці вучацца й жывуць за мяжою — у вас таксама?

 

— Напалову. Старэйшы сын працаваў у ІТ-кампаніі «EPAM», якая накіравала яго ў ЗША, — там ён жыве і цяпер. Жанаты, мае траіх дзяцей. Малодшы сын — маркетоляг, працуе ў Мінску намесьнікам дырэктара ў эканамічных пытаньнях у пэўнай прыватнай кампаніі. Абодва ў стане забясьпечыць свае сем’і, пра маці з бацькам таксама не забываюць. Сыны падаравалі мне з жонкаю чацвярых унукаў.

 

— Сам палітык як выжывае, чым зарабляе?

 

— Мы калі пераехалі сям’ёю з Гомля пад Мінск, у Фаніпаль, дзе пабудавалі дом, я заняўся рамесьніцтвам. Я паводле другой спэцыяльнасьці эканаміст, а па першай — тэхноляг. Давялося ўспомніць. Маю невялікую майстэрню з наборам абсталяваньня для дрэваапрацоўкі. Гэта мой пэрсанальны ўдзел у дзяржаўнай кампаніі ўдасканаленьня дрэваапрацоўчай галіны. І ён аказаўся менш правальным, чым у цэлым у краіне. Раблю розныя прылады для гаспадаркі і ўпарадкаваньня сядзібаў, драўляную садовую мэблю, кашпо для кветак.

 

Бывае, размяшчаю ў фэйсбуку ўзоры сваіх вырабаў і атрымліваю замовы, у тым ліку і ад сяброў. Раней, праўда, зь невялічкім бізнэсам было лягчэй, а цяпер людзі моцна зьбяднелі. Асноўныя сродкі выдаткоўваюць на ежу. Іншае менш купляюць. Але сям’я ў мяне невялікая, я ды жонка-пэнсіянэрка. Так што нам ня так ужо шмат і трэба.

 

Калі ўсё надакучвае, іду ў лес збіраць грыбы. З асалодай гэта раблю — надзвычай добры роздых для душы.

 

— У Фаніпалі мясцовыя жыхары ведаюць палітыка Карняенку?

 

— Вядома. Я тут на апошніх мясцовых выбарах балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога савету. Праўда, за дзень да асноўных выбараў, калі ўжо ішло датэрміновае галасаваньне, камісія вырашыла пазбавіць мяне рэгістрацыі. Самастойна выпусціў улётку з паданьнем поўных біяграфічных зьвестак — што абіраўся ў Вярхоўны Савет СССР, быў намесьнікам старшыні Гомельскага гарадзкога савету. Раней за гэта ж камісія вынесла папярэджаньне, я яго прыняў, а тут нечакана вырашылі наагул ад мяне пазбавіцца.

 

— Неўзабаве ж новыя выбары — будзеце ўдзельнічаць?

 

— Шэсьцьдзесят гадоў — гэта ўзрост, калі ёсьць яшчэ досьвед, сілы, здароўе. Дый Лукашэнка «падмаладзіў» на год, адсунуўшы пэнсійны тэрмін. Балятавацца кандыдатам хоць у які савет пакуль не зьбіраюся. Гатовы дапамагчы маладзейшым дэмакратычным кандыдатам паспрабаваць сябе ў палітычнай дзейнасці. Сваё асноўнае месца бачу ў створанай з маім удзелам кампаніі «За справядлівыя выбары».


па інф. радыё Свабода



Дата стварэння навіны 29.07.2017

Возврат к списку

cashback