«Платформа» заявіла пра пачатак сваёй дзейнасці

Якія мэты яна перад сабой ставіць, як будзе працаваць у Беларусі? Кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка адказаў на пытанні карэспандэнта Свабоды.
— Вы абʼявілі пра пачатак дзейнасці. З чаго пачынаеце працу?
— Найпершы наш крок — гэта мы зарэгістраваліся. Вельмі шмат часу пайшло на тое, каб нас зарэгістравалі. Гэтай магчымасьці не было ў Менску, нам давялося зарэгістравацца ў Гомлі і потым пераводзіцца сюды. Самае галоўнае, што знайшлі ў сабе сілы адрадзіцца пасьля таго, што зрабілі з «Платформай» тыя людзі, якія засталіся пасьля мяне. Цяпер маем юрыдычны адрас, афіцыйную рэгістрацыю і 27 ліпеня запускаем сайт, які таксама ствараўся доўга, бо ўсё было зьнішчана і мы ўсё стваралі з нуля.
— Дзе будзе знаходзіцца ваш офіс?
— На сёньня ў Менску, на вуліцы Веры Харужай, 22, офіс 38. Гэта юрыдычны адрас, які нам дапамаглі прадставіць сябры з Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Пакуль там і будзем знаходзіцца.
— Наагул зарэгістраваць новае грамадзкае абʼяднаньне ў Беларусі вельмі складана. Як вам гэта ўдалося?
— Прававая голь хітрая на прававыя выдумкі. Таму мы і пайшлі такім шляхам, што спачатку рэгістравалі абʼяднаньне на іншага чалавека. А потым, калі зарэгістравалі і ўлады ня мелі магчымасьці павярнуць назад, перарэгістравалі «Платформу» на мяне. А ў Менску нам адмаўлялі ў рэгістрацыі, як толькі чулі пра «Платформу» ці Бандарэнку. Цяпер я і заснавальнік, і дырэктар. Установа мае такі хітры назоў «Платформа» (Прыватная інфармацыйная ўстанова «Нью Платформ інавэйшн»), бо проста «Платформу» нам не давалі зарэгістраваць. Галоўнае, што ў нас ёсьць асноўны брэнд, пазнавальнасць.
«"Платформа" ня вельмі моцна зменіцца»
— Хто будзе працаваць у «Платформе», ці ёсць структуры ў рэгіёнах?
— У нас былі людзі, на якіх мы малі абапірацца, якім маглі давяраць. Пакуль я быў у зьняволенні, можна было выпрабаваць людзей на трываласць. Ужо маем прадстаўніцтвы ў Магілёве, Гомлі, Горадні, Бабруйску і Зэльве. Самае галоўнае, што арганізацыя створаная на правераных і сумленных людзях, на якіх можна абапірацца.
— Якая асноўная мэта вашай дзейнасці?
— «Платформа» ня вельмі моцна зменіцца. Адным з асноўных кірункаў будзе абарона правоў асуджаных і асобаў, якія сутыкнуліся з жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем у месцах пазбаўленьня ці абмежаваньня волі.
Другі кірунак, які мы будзем развіваць, — гэта праект «Грамадзянскі кантроль», дапамога нашым грамадзянам у рэгіёнах, якія сутыкаюцца з карупцыяй, бесгаспадарчасцю, кумаўством і ня могуць захаваць свае правы праз ціск, які на іх чыніцца. З шэрагам людзей мы выпрацавалі схему, якая будзе даваць магчымасць ня толькі рабіць публічнымі факты карупцыі, але і абараняць правы гэтых грамадзян.
Трэці праект у нас быў і мы будзем яго працягваць — «Несправядлівы прысуд». Будзем выяўляць несправядлівыя прысуды, даваць ім праўную, юрыдычную ацэнку, каб паказаць бяспраўе і беззаконьне, якое часам робіцца пры вынясеньні абвінаваўчых прысудаў.
— Міхаіл Жамчужны цяпер адбывае пакараньне ў калёніі ў Горках. Ці ён будзе з вамі ў «Платформе»?
— Вядома, Міхаіл застаецца ганаровым сябрам «Платформы», гэта наш заснавальнік, чалавек, які для нас важнейшы цяпер за ўсе мэты і задачы. Ён пра гэта ведае, мы яму пішам, падтрымліваем яго. І наш сайт стартуе з дэвізам «Свабоду Міхаілу Жамчужнаму!». Мы будзем прыкладаць намаганні, каб ён быў як мага хутчэй вызвалены і браў актыўны ўдзел у нашай дзейнасці.
«Была мэтанакіраваная атака на "Платформу"»
— Вы кажаце пра людзей, якія «выдавалі сябе за сяброў і праваабаронцаў» і якія спрычыніліся да ліківдацыі ранейшай «Платформы». Пра каго вы кажаце?
— Гэта абʼектыўная рэальнасць. Год таму «Платформа» была зліквідаваная Красоўскай-Каспяровіч, якая тады зяўлялася дырэктаркай. Ёю быў знішчаны сайт і зліквіданыя 15 прадстаўніцтваў «Платформы» у рэгіёнах. Гэта была мэтанакіраваная атака на «Платформу», на зьнішчэньне адной з вядучых праваабарончых арганізацый. Ёй далі допуск да месцаў пазбаўленьня волі з мэтай нібыта маніторынгу. І мы цудоўна ўбачылі мэты, якія меў гэты маніторынг і якія вынікі агучыла Красоўская-Касьпяровіч, якая спрабавала выдаць бязмежжа і бяспраўе, якое творыцца ў месцах пазбаўленьня волі, за захаванне правоў чалавека. А Дэпартамэнт выканання пакаранняў вельмі ўдала гэтай інфармацыяй карыстаўся і нават прадстаўляў яе ў Камітэце правоў чалавека ААН.