АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Дзяржаўная сымволіка: наша ці не?

Дзяржаўная сымволіка: наша ці не?
25.07.2017
Падчас юніёрскага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы беларуская спартоўка Віялета Скварцова пакінула п’едэстал праз пераблытаны гімн. Гэта выклікала гарачыя спрэчкі ў сацыяльных сетках.

Адны хваляць дзяўчыну за патрыятызм, а іншыя — ганяць за здраду сапраўдных беларускіх сымбаляў. І Юры Дракахруст, і Сяргей Навумчык сышліся ў тым, што Віялета Скварцова зрабіла патрыятычны ўчынак, піша Свабода. Але вось у ацэнках стаўлення грамадзтва да сучаснай дзяржаўнай сымволікі іх пазыцыі разышліся.​

 

Аргумэнты Юрыя Дракахруста:

 

Выраслі пакаленні, для якіх цяперашняя дзяржаўная сымболіка — «свая», і для іх не істотна, як яна гістарычна абгрунтаваная.

Тым, хто любіць Бацькаўшчыну, няма патрэбы выходзіць на вуліцы пад «чырвона-зялёным» сьцягам — ён дзяржаўны і вісіць над лукашэнкаўскай адміністрацыяй.

Зусім ня факт, што пасьля Лукашэнкі ў парлямэнт будуць абраныя тыя, хто прагаласуе за вяртаньне бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» ў якасці дзяржаўных сымбаляў.

Нельга вярнуцца ў 1994 год ці да Трэцяй статутнай граматы. Нельга зрабіць выгляд, што гэтых двух дзесяцігоддзяў Лукашэнкі не было і сказаць — «Давайце вернемся ў той час, калі...» Праехалі.

Каб вярнуць нацыянальную сымволіку, давядзецца пазмагацца.

Нельга сказаць, што людзі проста ня ведаюць поўнай інфармацыі пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта — XXI стагодзьдзе, людзі жывуць у Інтэрнэце, і ў іх ёсць свабодны доступ да якой заўгодна інфармацыі.

Нельга ігнараваць «чырвона-зялёны» патрыятызм.

 

Аргумэнты Сяргея Навумчыка:

 

Сучасная дзяржаўная сымволіка не зьяўляецца легітымнай, паколькі яна была прынятая на нелегітымным рэфэрэндуме, прызначаным з парушэньнем Канстытуцыі, законаў, са зьбіцьцём дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, які прайшоў з фальсыфікацыямі.

Сучасная дзяржаўная сымболіка ня мае гістарычных традыцыяў — у адрозьненьні ад «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Цяперашнія дзяржаўныя герб і сьцяг супрацьпастаўляюцца сапраўдным нацыянальным каштоўнасьцям і спрыяюць, у выніку, «русскому миру».

Ня толькі на акцыі пратэсту ці ў абарону Курапатаў людзі выходзяць пад бел-чырвона-белым сцягам — але і ў абарону незалежнасці, дзяржаўнасці Беларусі. Вельмі паказальна, што ў абарону дзяржаўнасці — выходзяць не пад цяперашнім дзяржаўным, а пад нацыянальным сцягам.

Тое, што людзі могуць свабодна вызначаць пазыцыи ў дачыненьні да сымбаляў на падставе свабоднага доступу да інфармацыі — ілюзія. Большасць людзей у Інтэрнэце сядзець у «Одноклассниках» і на расейскіх сайтах, а самай магутнай сілай застаецца тэлебачаньне, па якім ідуць некалькі расейскіх каналаў і дзяржаўныя беларускія, дзе бел-чырвона-белы сьцяг называлі «фашыстоўскім».

Ёсць толькі адзін выпадак, калі выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі беларускімі патрыётамі дапушчальнае: гэта калі адсутнічае альтэрнатыва (напрыклад, на пашпарце ці аўтамабільных нумарах, для спартоўцаў — на спаборніцтвах).


Дата стварэння навіны 25.07.2017

Возврат к списку