АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Піва і палітыка: гісторыя скандалаў

Піва і палітыка: гісторыя скандалаў
24.07.2017
Ажыятаж вакол выявы мапы БНР на пляшках Лідскага бровара — не першы выпадак, калі піўная этыкетка правакуе буйныя палітычныя скандалы.

Піўная этыкетка мае доўгую гісторыю. Яна з’явілася на свет у Заходняй Еўропе напрыканцы XIX стагоддзя, піша Новы час. У той час на этыкетцы ўказваліся найменне прадукцыі, прозвішча ўладальніка бровара, геаграфічнае палажэнне завода і таварны знак вытворцы. Паступова этыкеткі пачалі рабіць больш прывабнымі, каб прыцягнуць спажыўца.

 

Праз стандартызацыю ў часы СССР доўгі час было абсалютна немагчыма вонкава адрозніць піва, вырабленае ў розных гарадах. Сёння кожная піўная кампанія, якая паважае сябе, шукае свой стыль этыкетак. Часам гэты пошук выклікае грамадскую рэакцыю.

 

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Дасюль ва ўкраінскім сегменце сацсетак спрачаюцца з нагоды піва «Сила», на этыкетцы якога намаляваная вежа Данецкага аэрапорта: за яго ў 2014-м вяліся жорсткія баі паміж жаўнерамі ВСУ і данецкімі сепаратыстамі. Некаторыя асуджаюць аўтараў ідэі, маўляў, нахабства — рабіць грошы на крывавай кропцы на мапе АТА. Пішуць, што этыкетка можа выклікаць боль у родных і сяброў загінулых. Тыя ж, каму дызайн спадабаўся, кажуць, што малюнак асацыюецца перш за ўсё з сілай і мужнасцю новага ўкраінскага войска, а сама вежа стала гераічным сімвалам. У прыватнасці, цытуюць аднаго з удзельнікаў баёў на Данбасе, які кажа: «Смешна, прыгожа зроблена. Трэба, каб яно прадавалася на тэрыторыі Расіі».

 

Падчас аналізу скандалаў вакол піўных этыкетак робіцца відавочна, што часцей за ўсё яны звязаныя з тэмай гендарнай роўнасці. Напрыклад, у 2012-м дэпутатку брытанскага парламента Кейт Грын абурыла этыкетка піва Top Totty: жанчына ў бікіні, з трусінымі вушамі і падносам з келіхамі піва. Дэпутатка неадкладна вынесла гэтае пытанне на агульнае абмеркаванне ў парламенце і запатрабавала забараніць прадаваць тое піва па ўсёй краіне. Кейт Грын назвала выяву на этыкетцы «абразлівай», бо тая, на яе думку, зневажае жанчын.

 

 З той жа оперы скандал вакол піва Bud Light, на этыкетцы якога было напісана: «The perfect beer for removing «No» from your vocabulary for the night» («Цудоўнае піва, каб прыбраць слова «не» з вашага лексікону на гэтую ноч»). Скандал быў такі, што прымусіў умяшацца палітыкаў, якія абвінавацілі бровар у прапагандзе сексуальнага гвалту. У 2007-м марка бельгійскага піва Rubbel Sexy Lager была выключаная з продажу з прычыны сумнеўнай маркетынгавай стратэгіі. На этыкетцы была выяўленая дзяўчына ў «арандаваным» купальніку. Гэта значыць, што, пацёршы этыкетку, дзяўчыну можна было «раздзець».


 Шмат каму не падабаецца, калі аўтары піва піярацца за кошт сакральных для грамадства тэмаў. У 2014-м кампанія «САН ИнБев», вытворца піва «Сібірская карона», падрыхтавала абмежаваную партыю напою, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне. На практыцы гэта азначала, што на піўныя банкі і бутэлькі змясцілі выявы герояў вайны і кароткі тэкст пра іх подзвігі. Рэакцыя грамадства была адмоўнай. Хапала і прыколаў на гэты конт: «Цяпер гісторыю дзеткі будуць вучыць па піўных бляшанках», — пісаў адзін блогер. «Пасля з'яўлення піва для факультатыўнага вывучэння гісторыі СССР чакаем гісторыю Расіі на туалетнай паперы», — жартаваў іншы.

 

Жарсці вакол праблемы мігрантаў адлюстраваліся ў кампаніі супраць піва Grenzzaun, што вырабляюць у Баварыі. Шматлікія праваабаронцы і грамадскія актывісты Баварыі абвясцілі байкот піву, бо Grenzzaun перакладаецца як «памежны слуп», нібы заклікаючы тым самым закрыць межы Германіі ад бежанцаў. Хаця вытворцы піва і казалі, што імігранты тут ні пры чым, грамадскасць ім не верыць — таксама праз змест этыкеткі. На ёй змешчаны вельмі супярэчлівы слоган: «Піву патрэбная радзіма: абараняй, ахоўвай, сцеражы». Акрамя таго, праваабаронцы ўгледзелі крамолу і ў даце, да заканчэння якой трэба спажыць прадукт: 8 лістапада. Яны адзначаюць, што менавіта ў гэты дзень у 1938 годзе нацысты зладзілі шматлікія пагромы.

 

 Не праходзяць міма этыкетак і вернікі, якія, падавалася б, менш за ўсё мусяць цікавіцца інфармацыяй на алкагольных напоях. У 2012-м перад бразільскім Мундыялем нямецкая кампанія Gaffel Koelsch выпусціла партыю бутэлек піва са сцягамі камандаў, якія бяруць удзел у чэмпіянаце. Выява іранскага сцяга на этыкетцы піва выклікала абурэнне дэпутатаў парламента Ірана, якія ўбачылі ў гэтым абразу пачуццяў вернікаў-іранцаў. Па словах аднаго з дэпутатаў, надпіс на сцягу Ірана «Алах вялікі», размешчаны на этыкетцы піва, абражае рэлігійныя пачуцці вернікаў. Асабліва ўлічваючы тое, што мусульманам увогуле забаронена ўжываць алкаголь.

 

Трэба прызнаць, што рэзананс ад такіх скандалаў спрыяе продажам. Напрыклад, апісаны вышэй скандал вакол піва Top Totty пайшоў яму на карысць. Як паведамляюць прадстаўнікі Slater's Ales (вытворцы маркі), пасля скандалу ў парламенце продажы гэтага напою выраслі ўдвая. У гэтым плане можна не сумнявацца, што дызайнеры піўных этыкетак працягнуць і далей правакаваць грамадства.

 

Праўда, і само грамадства часцяком свядома шукае ў піўных этыкетках нейкую крамолу. Не так даўно венгерскі ўрад, што лабіруе інтарэсы адной піўной кампаніі, заклікаў забараніць у Венгрыі нідэрландскі Heineken, бо выяўленая на этыкетцы чырвоная зорка быццам падпадае пад закон пра забарону таталітарных камуністычных сімвалаў.






Дата стварэння навіны 24.07.2017

Возврат к списку

cashback