АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Іван Наскевіч: Публікуйце пра мяне ўсё, што хочаце

Іван Наскевіч: Публікуйце пра мяне ўсё, што хочаце
22.07.2017
Старшыня следчага камітэта Іван Наскевіч не будзе судзіцца з журналістамі.

Старшыня следчага камітэта Іван Наскевіч апошнім часам распавядаў толькі пра гучныя справы. «Народная Воля» вырашыла зайсці з іншага боку і распытала генерал-маёра пра асабістае. Прычым у нефармальнай абстаноўцы — на ўрачыстым прыёме ў гонар Дня незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі.

 

— Іван Данілавіч, не так даўно вы атрымалі ўчастак для будаўніцтва дома ў Драздах-2. Прычым ці то па-за чаргой, ці то чарга была нейкай ужо вельмі спецыяльнай…

 

— Чаму па-за чаргой? Гэта ўсё прыдумкі журналістаў. Я афіцыйна стаяў на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Можа быць, прыстаўку «спец» можна ўжыць толькі таму, што я стаяў у чарзе для шматдзетных сем'яў, вось і ўся спецыяльнасць.

 

— Але я зразумела, што вы, як шматдзетны бацька, стаялі ў чарзе на кватэру. А атрымалі ўчастак.

 

— Ды не, я стаяў у чарзе менавіта на атрыманне зямельнага ўчастка. Ну што мне гэтая кватэра дасць? Куды мы там ушасцёх падзенемся? Гэта ж трэба цэлы паверх выдзеліць!

 

— У вас чацвёра дзяцей?

 

— Некаторыя чамусьці пішуць, што трое. Чацвёра! І ўсе мае. (Смяецца.)

 

— А за якія сродкі, калі не сакрэт, будзеце будаваць дом?

 

— Складанае пытанне… Нешта, напэўна, прыйдзецца прадаваць…

 

— У вас ёсць цудоўны катэдж у Пінску…

 

— Катэдж — гэта занадта гучна сказана. Хутчэй, домік. Вы бачылі яго на фотаздымках? Самы звычайны дом. Будзеце ў Пінску — самі зможаце ўбачыць… Невялікі, спакойны дом агульнай плошчай, здаецца, 134 квадратныя метры. І калі я думаю, што прыйдзецца яго прадаваць, у мяне аж сэрца пачынае балець…

 

— А крэдыт за гэты дом вы ўжо выплацілі? Калі нічога не блытаю, у вас быў вызначаны нейкі працяглы тэрмін разлікаў з банкам…

 

— На сорак гадоў браў крэдыт. Цяпер палічым …. Браў я крэдыт у 2005 годзе, значыць, да 2045 года павінен расплаціцца.

 

Дажыць бы!..

 

— Зарплата вам дасць магчымасць узяць новы крэдыт на будоўлю ў сталіцы?

 

— Мне здаецца, ваша зарплата відавочна большая за маю. Вось колькі вы зарабляеце?

 

— У нас простая сістэма: напісаў матэрыял — атрымаў ганарар. Шмат працуеш — шмат зарабляеш. Але я мяркую, вы мінімум 1000 даляраў на месяц маеце?

 

— Прыкладна так і выходзіць, плюс-мінус даляр.

 

— Ваша жонка ж таксама працуе?

 

— Цяпер у дэкрэце. А так усё жыццё працавала.

 

— На дэкрэтныя асабліва не шыканеш, іх і на адно дзіця з цяжкасцю хапае. І дзеці патрабуюць пастаянных капіталаўкладанняў, часам немалых. Таму і цікаўлюся, за што дом будзеце будаваць…

 

— Калі вас так хвалюе мая будоўля, скажу вельмі адкрыта: для мяне самога гэтая тэма пакуль даволі зманлівая. Крэдытаў цяпер можна браць колькі заўгодна, але ж вы разумееце, што крэдыт — гэта вельмі цяжка, вы і самі, напэўна, не пагадзіліся б яго ўзяць…

 

— Я наогул да крэдытаў з насцярожанасцю стаўлюся. А вас ашчаслівіла навіна пра тое, што вы цяпер уладальнік 15 сотак у Драздах?

 

— Шчыра кажучы, я нават трохі збянтэжаны шуміхай вакол гэтага факта…

 

Некаторыя, напэўна, думаюць, што калі атрымаў участак, то ўсё, учапіў Бога за бараду, пішы заяву і звальняйся, шчасце прываліла! Я ніколі не разглядаў гэта як нешта звышнатуральнае, што з неба манна нябесная ўпала. Таму што разумею: гэты ўчастак трэба неяк уладкоўваць. Хутчэй за ўсё, давядзецца нешта прадаваць…

 

Дзеці падрастаюць, можа, што-небудзь удасца ім пабудаваць.

 

Ведаю, што сярод журналістаў ёсць хлопцы, якія сапраўды ўсё прасочаць: і калі пачнецца будоўля, і за што яна будзе весціся, і паэтапна яшчэ фатаграфіі будуць у інтэрнэт выкладваць.

 

— І як вам такая пільная ўвага да сваёй персоны?

 

— Добра, што вы пра гэта спыталі.

 

З аднаго боку, мне ўсё роўна. Але ў адзін момант было непрыемна мне і маім блізкім, калі пасля прызначэння на пасаду Старшыні следчага камітэта з'явілася першая публікацыя, у якой былі мае вясельныя фатаграфіі і фатаграфіі дзяцей. З майго пункту гледжання, гэта лішняе.

 

Публікуйце пра мяне ўсё, што хочаце. Я выдатна разумею, што ў мяне публічная пасада. І, згаджаючыся ўзначаліць Следчы камітэт, я павінен ўсведамляць, што буду аб'ектам усеагульнай і пільнай увагі. Але гэта не мусіць тычыцца некаторых аспектаў асабістага жыцця. Таму я супраць, каб без дазволу публікавалі сямейныя фатаграфіі. У рэшце рэшт, прыйдзіце да мяне, я сам пагартаю з вамі сямейны альбом і мы разам абярэм фота для публікацыі. Але ж не буду я цяпер судзіцца праз гэта з журналістамі!

 

— Не, гэта дрэнны тон. І, дарэчы, чыноўнікі, што высвятляюць адносіны з журналістамі ў судзе, як правіла, дрэнна заканчваюць.

 

— Я за джэнтльменскае рашэнне пытанняў ва ўсіх сферах.

 

— А дзе вы зараз жывяце?

 

— Службовае жыллё — нічога асаблівага, як ва ўсіх.

 

— Цікава, а як жонка адрэагавала на ваша прызначэнне ў сталіцу, на ваш высокі пост? Узрадавалася?

 

— Зусім не. Яна да гэтага часу ачуняць не можа. Вельмі перажывае. І за мяне, і за сям'ю. Я нават не ведаю, якім словам можна ахарактарызаваць яе стан, калі яна пра гэта даведалася. Але ўсё разумее, што па-іншаму я не змог бы — мы ж служым, і я афіцэр…

 

— Вы па натуры кар'ерыст?

 

— А па-вашаму, я падобны на кар'ерыста, так?

 

— Здаецца, не. Але я ж вас недастаткова добра ведаю…

 

— Прызначэнне старшынёй следчага камітэта — гэта такі збег абставінаў. Так атрымалася… Зоркі сышліся, мабыць… (Усміхаецца.)

 

— Перажывае, калі вас прэзідэнт публічна распякае?

 

— Ну дык ён жа па справе ўсё кажа. Не ўзгадаю выпадку, калі было наадварот. Ды і наогул, калі гэта кіраўнік дзяржавы наша ведамства ў апошні час жорстка крытыкаваў? Я нават і не памятаю…

 

— Я так разумею, вашы старэйшыя дзеці ўжо мусяць скончыць школу…

 

— Старэйшая дачка — студэнтка ВНУ. А сын у гэтым годзе скончыў гімназію, зараз на ростанях.

 

— Куды паступаць будзе?

 

— Тэсты здаў быццам бы нядрэнна, але куды паступаць будзе, пакуль не скажу — пакінем для наступнага інтэрв'ю, а то я вам ужо і так столькі ўсяго нагаварыў… (Смяецца.)

 

— Іван Данілавіч, а не баіцеся раптам застацца без працы? Высокія пасады — яны ж не назаўжды. Вось адправяць у адзін цудоўны момант у адстаўку, і што будзеце рабіць?

 

— У мяне тры вышэйшыя адукацыі. Думаю, дзесьці ды прымяню сябе. Так што без працы застацца не баюся.

 

— Сваю будучыню звязваеце з Беларуссю? Пытаюся, бо некаторыя былыя беларускія міністры выдатна ўладкаваліся ў Расіі…

 

— Напэўна, штосьці ім там прапанавалі добрае. Але я сваю будучыню звязваю толькі з Беларуссю. Гэта мая краіна, і яна мне падабаецца. Я не хачу і не планую нікуды з'язджаць.

 

Марына Коктыш, «НВ»




Дата стварэння навіны 22.07.2017

Возврат к списку

cashback