АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

"Білі кулакамі, надзелі кайданкі і чорны мяшок на галаву"

"Білі кулакамі, надзелі кайданкі і чорны мяшок на галаву"
21.07.2017
Актывіст Сяргей Кулініч паскардзіўся ў Генеральную пракуратуру на супрацоўнікаў КДБ.

Адзін з фігурантаў справы «аб рыхтаванні масавых беспарадкаў» Сяргей Кулініч накіраваў скаргу ў Генэральную пракуратуру, патрабуючы праверыць факты жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня з боку супрацоўнікаў КДБ.

 

Таксама актывіст звярнуўся ў Сьледчы камітэт, каб той вынес пастанову аб кампэнсацыі шкоды за ўтрыманне пад вартай.

 

Актывіст лічыць сваё затрыманьне формай жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, прыніжэньнем чалавечай годнасьці, што забаронена Канвэнцыяй ААН супраць катаваньняў.

 

Сяргей Кулініч адзначае, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс не прадугледжвае такога захаду, як надзяванне чорнага мяшка на галаву пры затрыманні. Гэта сведчыць, што супрацоўнікі КДБ перавысілі свае паўнамоцтвы.

 

Кулініч заяўляе, што пры затрыманні ён не супраціўляўся, а таксама не ўчыняў дзеянняў, якія вымушаюць ужываць фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі.

 

Таму збіцьцё кулакамі і надзяванне кайданкоў былі незаконныя і парушылі права затрыманага на асабістую недатыкальнасць.

 

Сяргей Кулініч расказаў, што яго брутальна затрымалі 24 сакавіка, калі ён ішоў з кватэры, дзе быў Мікалай Статкевіч.

 

«Выйшаў з крамы на вуліцы Адзінцова і неўзабаве пачуў тупат, быццам хтосці бяжыць за мной. Я павярнуўся і ўбачыў за паўтара мэтра ад сябе некалькі чалавек. Яны мяне схапілі і некалькі разоў ударылі кулакамі, спрабуючы пацэліць у жывот. Затым надзелі кайданкі, нацягнулі мяшок на галаву і закінулі ў машыну. Памятаю, што мяне кінулі на падлогу ці ў гэтай машыне, ці ў аўтобусе, у які мяне потым перацягнулі. Я быў у стане шоку. Я адчуваў сябе чалавекам, усе дзеянні якога могуць кантралявацца, з якім могуць рабіць што заўгодна».

 

Сяргей Кулініч прасядзеў дзесяць дзён у СІЗА КДБ, а дапытвалі яго толькі на пяты дзень арышту.

 

«Прычым падчас допыту мне задавалі пытанні, якія ня мелі ніякага дачынення да справы аб рыхтаваньні масавых беспарадкаў. Усё, што хацелі зрабіць стасоўна мяне, — гэта запужаць і псыхалагічна зламіць», — распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна» Кулініч.

 

 

З СІЗА КДБ Сяргея Кулініча выпусцілі 3 красавіка, а напачатку чэрвеня супраць яго спынілі крымінальны пераслед у справе аб рыхтаванні масавых беспарадкаў.

 

Раней актывіст Сяргей Кунцэвіч накіраваў у Следчы камітэт заяву, у якой просіць правесці праверку што да катаванняў у СІЗА КДБ і ў СІЗА № 1 Мінску.




Дата стварэння навіны 21.07.2017

Возврат к списку

cashback