АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Аляксей Шэін: «Мог стаць алкаголікам, але стаў пісьменнікам»

 Аляксей Шэін: «Мог стаць алкаголікам, але стаў пісьменнікам»
20.07.2017
Каб захаваць беларускасць сыноў, у сям’і былога маладафронтаўца Аляксея Шэіна іх перавялі на хатняе навучанне.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі трапляеш у кватэру Шэіных — лабірынты кніжак.

Яны паўсюль: на паліцах, падлозе, сталах… Пачытаць любяць усе члены сям’і: і гаспадыня Наталля, і дзеці. Старэйшы Якуб глытае іх залпам, а малыя Ян ды Сымон паціху падцягваюцца за братам. Аляксею як пісьменніку-пачаткоўцу без літаратуры ніяк. Шэсць гадоў таму ён канчаткова вырашыў адысці ад актыўнай палітычнай дзейнасці ў БХД, каб пагрузіцца ў майстэрства стварэння гісторый.

 

Нядаўна раман для падлеткаў «Сем камянёў», напісаны Аляксеем, атрымаў міжнародную прэмію Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі як найлепшы літаратурны дэбют, а на сцэне РТБД паставілі спектакль па яго першай п’есе «1517» пра Францыска Скарыну. Цяпер ён рыхтуе адразу некалькі новых кніжак.

 

Пра іх будучы змест, былыя прыгоды, каханне, якое пачалося пасля «сотага» погляду, ды хатняе навучанне дзяцей, Аляксей разам з жонкай Наталляй распавялі «НН».

 «Мог стаць алкаголікам, але стаў пісьменнікам»

 

Аляксей рос у Гродна. У Мінск трапіў, як паступіў у ліцэй БДУ. Пасля працягнуў навучанне на філфаку. Дарэчы, менавіта ў ліцэі разам з сябрамі ён вырашыў перайсці на беларускую мову. Вось як сам Аляксей пра гэта ўспамінае: «Мне было 15, ішоў 1991 год, атмасфера перамен натхняла на многае. Разам з аднакласнікамі мы проста захацелі раз і назаўжды перайсці на мову: у мяне атрымалася зрабіць гэта за тры месяцы. Але першы ўрок патрыятызму я атрымаў яшчэ ад маці. У школе нам неяк задалі пераклад з рускай на беларускую. Я падышоў да маці і спытаў: «Как по-ихнему будет пулемёт?». Яна мяне адразу асекла і аблаяла: «Якая іхняя? Гэта наша мова!». Пры тым што ў сям'і мы па-беларуску не размаўлялі, беларускую я чуў толькі ў Ракаве ў бабулі».

 

Студэнцкія гады ў хлопца былі насычаныя: Аляксей быў адным з заснавальнікаў «Маладога фронту». З паплечнікамі вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі на дахі цэнтральных будынкаў, ладзіў акцыі. У нейкі момант на хвалі свабоднага жыцця без бацькоў пачаліся праблемы з алкаголем.

«Раз на два дні мне стабільна трэба было выпіць, сабрацца з нейкай кампаніяй. Аднойчы, вяртаючыся з філфака, я так і не дайшоў да інтэрната на Кастрычніцкай: па дарозе затрымалі. Прачнуўся ўжо ў выцвярэзніку. Яшчэ неяк, памятаю, быў не ў добрым гуморы, мы ішлі кампаніяй праз паркоўку каля стадыёна «Дынама», і я пачаў рукой біць люстэркі на машынах, яна ўся скрываўленай стала. Ахоўнікі хутка схапілі, прыехала міліцыя — добра, што патрапіўся адэкватны міліцыянер, толькі грошы папрасіў аддаць уласнікам, хуліганку мне не прыпісалі. Як разумееце, актывісту «Маладога фронту» гэтыя гісторыі ніяк не пасавалі. Добра, што, калі паверыў у Бога, мне ўдалося перамагчы залежнасць: генетыка не даравала б працяг алкагольных гісторый».

 

Былы атэіст і бунтар — сёння вернік, бацька траіх дзяцей і пісьменнік. Кожны дзень Аляксей сядае за працоўны стол, каб напісаць мінімум 500 слоў для адной з будучых кніжак.

 

 «Асноўны мой праект цяпер — раман-квэст па Беларусі. Па сюжэце школьнікі наведваюць розныя гарады, дзе шукаюць скарб. З дапамогай гэтай кніжкі, я спадзяюся, чытачы лепш пазнаёмяцца з геаграфіяй і гісторыяй нашай краіны. Акрамя гэтага, паралельна я працую над адным гістарычным прыгодніцкім падлеткавым раманам і кніжкай для дарослых», — дзеліцца гаспадар дома.

«Каханне напаткала праз 10 гадоў знаёмства»

  Будучая жонка Аляксея Наталля таксама вучылася на філфаку: у іх быў курс розніцы.

 І калі Аляксей дзяўчыну асабліва не заўважаў, то яна якраз наадварот: «Інакш і быць не магло: на філфаку хлопцы — рэдкасць. Добра калі тры на плынь было. Таму Аляксея я адразу запомніла: у белым швэдры, з даўгімі валасамі, барадой і «фенечкай» на руцэ».

Яна была упэўненая, што такім, як Аляксей, падабацца не можа: ён — творчы чалавек, яна — больш матэматык і практык. Ды і не да хлопчыкаў тады было: Наталлю куды больш цікавілі розныя адукацыйныя курсы, разам з Чарнобыльскім фондам яна суправаджала беларускіх дзяцей у Італіі, рана пачала зарабляць грошы рэпетытарствам.

  

  

Пазнаёміліся яны ўжо ў пратэстанцкай царкве, куды ў 1997 годзе прыйшлі за пэўнымі жыццёвымі адказамі. Праўда, доўгі час толькі віталіся, не больш. А потым нейкім чароўным чынам Аляксей паглядзеў на Наталлю па-іншаму. «Ёсць каханне з першага погляду, а ў нас яно напаткала нас праз шмат такіх позіркаў», — Аляксей да гэтага часу сам не разумее, як спрацавала так званая хімія. Тлумачэнне таго, што яны пачалі сустракацца, мужчына знаходзіць яшчэ ў адным цікавым побытавым моманце:

 

«У «Маладым фронце» быў крызіс. З двух камп'ютараў, што мы мелі, адзін прыйшлося прадаць, каб аплаціць прыезд рэгіянальных лідараў на сустрэчы ў Мінск. А там яшчэ, здаецца, прэзідэнцкія выбары набліжаліся, 2001-ы год, улёткі трэба было друкаваць… І Наталля пазычыла нам 400 даляраў.

На той момант гэта была нерэальная сума: працуючы навуковым супрацоўнікам музея Янкі Купалы, я атрымліваў 16 даляраў. Шмат часу мы не маглі гэтыя грошы вярнуць, а Наташа нават і не патрабавала — гэта шмат казала пра яе характар».

 

Каб каханне паспела, спатрэбілася 10 гадоў, амаль столькі ж Шэіны жывуць разам у статусе мужа і жонкі.

 

«Акцябраты, піянеры, крычалкі, сцягі — хочацца трымаць сваіх дзяцей ад такога далей»

 

Дзецям Наталлі і Аляксея не прыходзіцца ўставаць рана, каб паспець своечасова прыйсці ў дзіцячы садок ды школу. Калі гэта не канікулы, то прачынаюцца яны а палове на дзявятую, ядуць, а пасля сядаюць за заняткі. Старэйшы Якуб разам з маці вучыцца, а меншыя, Ян ды Сымон, гледзячы на гэта, таксама выцягваюць свае сшыткі ды паўтараюць за настаўніцай, наколькі хапае вытрымкі. Наталля — сама выкладчыца, таму праблем з тлумачэннем курса пачатковай школы не адчувае. Дый у прынцыпе лічыць, што веды першых класаў сваім дзецям могуць перадаць нават тыя людзі, якія скончылі толькі сярэднюю школу.

  

«Мы пайшлі на гэты крок, каб выхоўваць сыноў у беларускім асяроддзі. У школе бываем толькі раз на чвэрць, каб здаць прамежкавы кантроль, атрымаць атэстацыю ва ўсіх настаўнікаў. Шмат падручнікаў, метадычнай літаратуры, дапаможнікаў сёння можна знайсці ў адкрытым доступе, таму новыя веды — гэта не праблема. Кніжак на беларускай мове, канечне, не хапае — чытаем розныя. Мульцікі дадаём то на ўкраінскай, то на польскай, то на англійскай», — расказвае галоўны арганізатар вучэбнага працэсу Наталля. І працягвае:

 

«У нас шмат хто пытае пра сацыялізацыю. На наш погляд, калі ты ў школе цягам 11 гадоў замкнёны ў адзін калектыў, таксама складана належнай сацыялізацыі дасягнуць. Яшчэ цяжэй гэта зрабіць, калі трапляеш пад нейкую марку. Напрыклад, цябе аднойчы палічылі хвасцістам — значыцца, ты ўвесь час павінен сядзець на апошняй лаўцы і плявацца. З прылепленым цэтлікам прыходзіцца ўжывацца, хочаш ты таго ці не. У мяне быў ярлык выдатніцы: і паспрабуй тут толькі не вывучыць урок ці прыйсці на дыскатэку — на мяне адразу глядзелі, як на нешта звышнатуральнае».

Адзіным масавым мерапрыемствам, якое Якуб наведаў у школе, была рэпетыцыя лінейкі. Акцябраты, піянеры, крычалкі, сцягі — пасля ўбачанага бацькі вырашылі трымаць сваіх дзяцей ад такіх падзей далей.

Не трэба думаць, што дзеці Шэіных зусім не пакідаюць межы кватэры: яны разам са сваімі сябрамі наведваюць беларускамоўныя заняткі, якія арганізоўваюць самі бацькі дзяцей, што вучацца дома. Гэта англійская мова, навука, хор, мастацтва, тэатральны гурток… Канечне, калі сыны трапляюць у краму ці гуляюць з аднагодкамі ў двары, прыходзіцца штораз тлумачыць, чаму людзі навокал размаўляюць не так, як у іх сям’і.

 

«Мы кажам дзецям, што беларуская — іх родная мова, і вучым яе любіць. Наш уласны прыклад і прыклад нашых сяброў — гэта пакуль што дастатковая для дзяцей матывацыяй, каб захоўваць беларускамоўнасць, хаця ў падлеткавым узросце могуць узнікнуць праблемы, мы гэтага не выключаем», — дзеляцца муж з жонкай.

У будучыні яны хочуць паспрабаваць выкладаць дома і праграму для старэйшых класаў: арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб бацькі сяброў, якія разбіраюцца ў матэматыцы, чыталі гэты курс, географы — свой прадмет і гэтак далей.


Дата стварэння навіны 20.07.2017

Возврат к списку