АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Мараторый на смяротнае пакаранне: пакуль толькі словы

Мараторый на смяротнае пакаранне: пакуль толькі словы
19.07.2017
Зварот, разам з 18 тысячамі подпісаў, якія сабрала "Міжнародная Амністыя" у розных краінах свету, праваабаронцы перадалі ў Адміністрацыю 6 ліпеня.

На здымку: праваабаронцы накіроўваюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта


Адміністрацыя прэзідэнта адказала на зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча па пытанні ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. 

З адказу, які падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Рыгор Шлык, вынікае, што "ў цэлым наша краіна мэтанакіравана рухаецца да паступовай адмовы ад смяротнага пакарання", паведамляе spring96.org.

 

Маўляў, з гадамі ў Беларусі змяншаецца колькасць асуджаных да смяротнага пакарання: калі ў 1998 годзе колькасць прыгавораных да гэтай меры пакарання складала 48 чалавек, то ў 2009 і 2010 гадах — па два чалавекі. Акрамя гэтага артыкул 24 Канстытуцыі, згодна з якой дапускаецца смяротнае пакаранне, адначасова замацоўвае выключны і часовы характар ​​гэтай меры.

 

Аднак далей Р. Шлык спасылаецца на вынікі рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года, калі 80,44% рэспандэнтаў выказаліся за захаванне смяротнага пакарання. Пры гэтым сціпла замоўчваецца, што той рэферэндум насіў рэкамендацыйны характар.

 

Валянцін Стэфановіч лічыць такія высновы не зусім дакладнымі і непераканаўчымі.

 

«Еўрапейская практыка паказвае, — каментуе адказ чыноўніка праваабаронца. — Што смяротнае пакаранне адмянялася ў большасці краін выключна палітычнай воляй элітаў, а не шляхам рэферэндумаў. Тэндэнцыі сёння такія, што большасць краін свету адмовілася ад прымянення смяротнага пакарання, чаго так не хочуць заўважаць у Беларусі.

Ды і наогул вопыт паказвае, што спасылацца на вынікі такіх рэферэндумаў, а тым больш надаваць ім пэўны заканадаўчы статус, не зусім карэктна, паколькі пры прыняцці падобных рашэнняў на фарміраванне грамадскай думкі могуць уплываць самыя розныя, у тым ліку і эмацыйныя, прычыны. Перш за ўсё, трэба каб у грамадстве была шырока разгорнута дыскусія на тэму адмены смяротнага пакарання, гучалі розныя меркаванні і аргументы».

 

Чыноўнік Адміністрацыі завяршае свой адказ развагамі пра тое, што кіраўнік краінын еаднаразова, і ў тым ліку зусім нядаўна, на пасяджэнні, прысвечаным адкрыццю 26 сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ звяртаў увагу, што мараторый магчымы толькі ў тым выпадку, калі яго падтрымае большасць беларусаў.

 

У такім выпадку існуе верагоднасць, што чакаць гэтага можна яшчэ доўгія дзесяцігоддзі.

 

Якім чынам краіна "мэтанакіравана рухаецца да паступовай адмовы ад смяротнага пакарання" ў сувязі са словамі кіраўніка дзяржавы — застаецца толькі здагадвацца.


Дата стварэння навіны 19.07.2017

Возврат к списку