АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У лягеры Варламу Шаламаву трапляліся і выхадцы з Беларусі

У лягеры Варламу Шаламаву трапляліся і выхадцы з Беларусі
18.07.2017
Ягоным аднакамэрнікам па Бутырскай турме ў 1937 годзе быў Міхаіл Выган, які нарадзіўся ў 1915-м у Горках Магілёўскай губэрні, але ўжо з 1924-га жыў у Пярмі. Некаторыя ўраджэнцы шматнацыянальнай Беларусі рабіліся прататыпамі герояў пісьменніка.

Беларускія шляхі Варлама Шаламава

Па праўдзе кажучы, пачаліся яны, тыя шляхі, ужо пасля смерці вядомага расійскага пісьменніка. Летась, напрыклад, выстава «Жыць або пісаць. Варлам Шаламаў» аб’ехала некалькі беларускіх гарадоў: Мінск, Берасьце, Віцебск, Гародню. З упэўненасцю, што тут, у Беларусі, дзе ад рэпрэсій пацярпеў кожны дзясяты жыхар, яго, Варлама Шаламава, зразумеюць усе. (А датуль выстава экспанавалася ў Італіі, Люксэмбургу, Украіне, Расіі.)


У лягеры Шаламаву трапляліся людзі з самых розных куткоў тагачаснага СССР, у тым ліку і выхадцы з Беларусі. Згадаем, што ягоным аднакамэрнікам па Бутырскай турме ў 1937 годзе быў Міхаіл Выган, які нарадзіўся ў 1915-м у Горках Магілёўскай губэрні, але ўжо з 1924-га жыў у Пярмі. Некаторыя ўраджэнцы шматнацыянальнай Беларусі рабіліся прататыпамі герояў пісьменьніка.

 

Цікава перачытаць творы Варлама Шаламава, адшукваючы ў іх фрагмэнтарныя аскепкі беларускага кантэксту — водгулле з краю, дзе ён пры жыцьці ні разу ня быў.

 

Так, напрыклад, адразу ў некалькіх апавяданнях («Сука Тамара», «Багданаў», «Сэнтэнцыя», «Ля стрэмені») прысутнічае каваль Майсей Кузьняцоў — беларускі габрэй з расійскім прозвішчам. З павагай, захапленнем і спачуваннем распавядае пра яго жыцьцёвы шлях В. Шаламаў:

 

«Суку Тамару прывёў з тайгі наш каваль — Майсей Майсеевіч Кузняцоў. Мяркуючы па прозьвішчы, прафэсія ў яго была спадчыннай. Майсей Майсеевіч нарадзіўся ў Менску. Быў Кузняцоў сіратой, пра што, зрэшты, сьведчылі яго імя і імя па бацьку — у габрэяў сына называюць бацькавым імем толькі і абавязкова, калі бацька памірае да нараджэньня сына. Працы ён навучаўся з маленства — у дзядзкі, такога самага каваля, якім быў Майсееў бацька.

 

Аўтограф апавяданьня «Сука Тамара». З фондаў Расійскага дзяржаўнага архіву літаратуры і мастацтва


Жонка Кузьняцова была афіцыянткай аднаго з мінскіх рэстаранаў, была нашмат маладзейшай за саракагадовага мужа і ў трыццаць сёмым годзе, паслухаўшыся парады сваёй адданай сяброўкі-буфэтчыцы, напісала на мужа данос. Гэты сродак у тыя гады быў надзейнейшы за ўсялякую замову ці намову і нават больш надзейны за якую-небудзь серную кіслату — муж, Майсей Майсеевіч, вокамгненна знік. Каваль ён быў заводзкі, ня просты каваль, а майстар, нават крышку паэт, працаўнік той пароды кавалёў, што маглі адкаваць ружу. Інструмэнт, якім ён працаваў, быў выраблены ім уласнаручна. Інструмэнт гэты — абцугі, долаты, малаткі, кувалды — меў несумнеўную выкшталцонасьць, што сьведчыла пра любоў да свайго рамяства і разуменне майстрам душы сваёй справы. Тут рэч была зусім не ў сымэтрыі ці асымэтрыі, а ў чымсьці глыбейшым, больш унутраным. Кожная падкова, кожны цвік, адкаваны Майсеем Майсеевічам, былі вытанчаныя, і на ўсялякай рэчы, што выходзіла з ягоных рук, была гэтая пячатка майстра. Над усялякай рэччу ён пакідаў працу са шкадаваньнем: яму заўсёды здавалася, што трэба ўдарыць яшчэ раз, зрабіць яшчэ лепей, яшчэ зручней» (тут і далей пераклад наш — В. Ж.).


Менавіта ад Кузняцова (дакладней — ягонага прататыпа) пісьменьнік пачуў беларускую фальклорную прыпавесць, якую ўставіў у фінал свайго апавяданьня «Ля стрэмені» (1967), каб праілюстраваць свой роздум пра мяжу чалавечага цярпеньня, свой пісьменьніцкі голас узмацніць голасам народным. Гэта была гісторыя пра тое, як «тры паны — яшчэ пры Мікалаі, вядома ж, — лупцавалі тры дні і тры ночы безь перадыху беларускага мужыка-бедака. Мужык плакаў і крычаў: «А як жа я ня еўшы?». «Да чаго гэтая прыпавесьць? — пытаецца В. Шаламаў і сам жа дае зразумець, што пытаньне было рытарычным. — Ды ні да чаго. Прыпавесьць — і ўсё». Вось так адбіўся ў ягонай творчасці міт пра славутую беларускую талерантнасць.

 

Галоўны герой апавяданьня «Рыва-Роччы» (1972) — мінскі інжынэр-будаўнік Міхаіл Новікаў, хворы на гіпэртанію, якога асудзілі на 15 гадоў лягеру і адправілі, як і ўсіх, на агульныя работы з кайлом, рыдлёўкай і тачкай:

 

«Інжынэр Новікаў быў цяжкі гіпэртонік з заўсёды высокім ціскам каля двухсот сарака ў верхняй лічбе апарата Рыва-Роччы.

Гіпэртонік нетранзытарнага тыпу, Новікаў жыў увесь час пад небясьпекаю інсульту, апаплексічнага ўдару. Усе гэта ведалі і ў Менску, і ў Магадане. На Калыму забаранялася вазіць такіх хворых — дзеля гэтага і існаваў мэдагляд. Але з тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмага году ўсімі мэдычнымі ўстановамі турмаў, перасылак і лягераў — а для этапу Ўладзівасток-Магадан гэты загад двойчы пацьвярджалі для зьняволеных спэцлягераў, для КРТД [контрарэвалюцыйная трацкісцкая дзейнасьць — В. Ж.] і ўвогуле для кантынгенту, якому прызначалася жыць, а галоўнае — паміраць на Калыме, — усе абмежаваньні па інваліднасьці і па ўзросьце былі зьнятыя».

 

Згадваецца ў апавяданні і юрыст Блумштэйн, таксама мянчук, зь якім інжынэр Новікаў разам прайшоў і беларускую турму, і лягер Калымы.

У апавяданьнях «Пратэзы», «Ля стрэмені», «Справа Стукава» згадваецца следчы, чэкіст з беларускім прозвішчам Песнякевіч, маці якога да рэвалюцыі ўтрымлівала ў Менску бардэль. Не зьдзіўлюся, калі найбольш цікаўныя краязнаўцы адшукаюць яго былое месцазнаходжанне, калі гэта, вядома ж, не прыдумка пісьменніка.

 


Хаім Мальцінскі

Варлам Шаламаў меў творчыя кантакты з Хаімам Мальцінскім

Цікава, што Варлам Шаламаў меў творчыя кантакты з мінскім габрэйскім паэтам Хаімам Мальцінскім. Іх знаёмства адбылося ў 1968 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Советский писатель», з якім Шаламаў час ад часу супрацоўнічаў як перакладчык. Яшчэ ня бачыўшы твораў Мальцінскага, але ведаючы пра яго лёс («…габрэй, ды яшчэ інвалід з ваенным пратэзам, ды яшчэ лягернік, ды яшчэ паэт, які піша вершы»), Шаламаў вырашыў: «калі хоць радок будзе ў гэтых вершах пра ўдзячнасць за лёс і навуку, хоць бы ў самай завэлюмаванай форме, я новых вершаў не вазьму, адмоўлюся». Але ў Мальцінскім ён не расчараваўся:

 

«Прывозяць вершы. Я праглядаю тое, што мне дасталося (мы перакладаем напалам з Озеравым) і нічога „кампрамэтуючага“ не знаходжу. І бяру. Потым прагледзеў дома. Гэта — паэт, з божай ласкі паэт-самавук, разьбіты жыцьцём у лягеры і вайной. Расколіна па сэрцы, трывога, але ні радка, ні гуку, што было б подлым, няшчырым. Вось такі герой. Увесь тон абвінавачаньня прыхаванага, адкрытасьць, крыўда. Я абяцаў яму і Рэгістану [паэту Гарольду Рэгістану, загадчыку аддзела паэзіі народаў СССР — В. Ж.] зрабіць усё, што ў маіх літаратурных сілах, каб гэтыя вершы ня страцілі тых якасьцяў, якія ўсялякі верш заўсёды губляе пры ўсялякім, нават геніяльным перакладзе. Сёння ён быў у мяне — Мальцінскі Хаім Ізраілевіч. Яго маці, жонку і дзяцей немцы забілі. […] Я пахваліў вершы, сказаў, што для мяне самае галоўнае, каб Вы нічога не забылі. Ні Гітлера, ні Сталіна. Але і па вершах бачыў, што аўтар не забудзе, не зьбіраецца забываць. Няма вершаў „прахадных“ ці фальшывых, а шчасьце — габрэйскае шчасьце, жарты — габрэйскія жарты», — дзяліўся ўражаннямі Варлам Шаламаў у лісце да свайго сябра Якава Гродзенскага.

 

Шаламаў пераклаў каля ста твораў паэта

У выніку В. Шаламаў пераклаў каля ста твораў вядомага габрэйскага паэта. У кнігу Х. Мальцінскага «Бьется сердце родника» (Москва, 1969) увайшло 56 вершаў у перакладзе В. Шаламава. Напрыклад, вось гэты:

 

* * 

Хожу я по опушкам,

Наверное, века.

Всегда наша кукушка

Поет издалека.

Кукушкина потеха,

Известно ветерку,

Что тут — вся прелесть в эхо,

А не в самом «ку-ку».

 

Менавіта як аўтара вершаў напачатку — безумоўна, яшчэ пры жыцьці — ведалі ў Беларусі і самога Варлама Шаламава. Некаторыя беларусы рэпрэсаванага пакалення цікавіліся яго творчасьцю, сачылі за яго кнігамі і публікацыямі. Сярод іх — паэт і празаік Мікола Хведаровіч, у архіўным фондзе якога захаваліся газэтныя выразкі з артыкуламі пра творчасьць розных аўтараў, у тым ліку рэцэнзія Алега Міхайлава «По самой сути бытия» на паэтычную кнігу В. Шаламава «Дорога и судьба». Гэта 1967 год — час першых замежных публікацый «Калымскіх апавяданьняў», якія прынеслі пісьменьніку сусветную вядомасць.

 


Літаратурны зборнік «Братэрства». Мінск 1992

У 1990-х творы Варлама Шаламава былі ў школьнай праграме

Цікаўнасць беларускага чытача да творчасьці В. Шаламава заўважна ўзрасла ў пачатку 1990-х гг. — пасьля публікацыі яго апавяданьняў. Творы сталі больш даступнымі, асабліва кнігі «Воскрешение лиственницы» і «Левый берег», якія выйшлі ў маскоўскіх выдавецтвах у 1989 годзе вялікім накладам. У прыватнасьці, гэтымі выданьнямі карыстаўся пісьменьнік і актор Пятро Ламан, працуючы над перакладамі твораў Варлама Шаламава на беларускую мову. Апавяданьні «Як гэта пачалося», «Ягады», «Май» выйшлі ў літаратурным зборніку «Братэрства», які быў падрыхтаваны да друку яшчэ ў БССР у 1990-м, а ўбачыў сьвет ужо ў 1992-м у незалежнай Беларусі. У альманаху, акрамя В. Шаламава, надрукаваны творы іншых загубленых савецкім рэжымам аўтараў, спадчына якіх тады вярталася ў літаратуру: Восіпа Мандэльштама, Уладзімера Зазубрына, Васіля Стуса. У 1990-х творы Варлама Шаламава былі ў школьнай праграме ў сьпісе літаратуры для пазакляснага чытаньня, але, як цяпер памятаецца, для школьнікаў кнігі пісьменьніка аказваліся цяжкадаступнымі.

 

Параўноўваючы творчасьць Варлама Шаламава і набыткі беларускай лягернай прозы, ёсць над чым задумацца. Кідаецца ў вочы пэўная адрознасьць літаратурнай традыцыі. У Шаламава проза навэлістычная, чэхаўская, тут пераважае малая форма — сціслая, ёмістая, з самадастатковай замкнёнай структурай. Гэта простыя, аб’ектывізаваныя «страшныя карцінкі», якія паказваюць чалавека ў памежным стане, на грані фізычнага і маральнага выжываньня. У пераважнай жа большасці беларускіх аўтараў — цяга да дакумэнтальнага эпасу, нон-фікшну, імкненьне паступова, ва ўсіх падрабязнасьцях і з часам філязофскімі, а часам гнеўна-асуджальнымі публіцыстычнымі адступленьнямі расказаць пра пройдзены жыцьцёвы шлях.

 

Ахвярамі рэпрэсій сталі больш за 80% беларускіх літаратараў

Чым жа абумоўлена такая адрознасьць? Агульнымі асаблівасцямі развіцця беларускай і расійскай літаратуры? Або ўсё ж тым, што пісьменьнікі, якія маглі б развіваць навэлістычны жанр у нашай літаратуры, былі папросту фізычна знішчаныя — расстраляныя або памерлыя ад хваробаў, набытых у лягеры? У 1954 годзе, калі Варлам Шаламаў пачаў пісаць «Калымскія апавяданні», у нас ужо не было ні Максіма Гарэцкага, ні Міхася Зарэцкага, ні Лукаша Калюгі, ні Кузьмы Чорнага… Ахвярамі рэпрэсій сталі, паводле падлікаў дасьледчыкаў, больш за 80% беларускіх літаратараў (а яшчэ частка, дадамо, загінула на Другой сусветнай вайне), а такога вынішчэння любая — нават самая багатая на традыцыі, стылі, жанры і формы — літаратура не вытрывае без сур’ёзных наступстваў. І ня толькі літаратура, а культура і нацыя ўвогуле.

 

Але да канца знішчыць беларускую культуру не атрымалася. Што ж, не было ў нас свайго Шаламава — дакладней, такога прадстаўніка лягернай прозы, якога называлі б «самым вялікім пісьменьнікам ХХ стагоддзя» (паводле Святланы Алексіевіч). Але мы маем такія творы, як «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Унжлаг» Платона Крэня, «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Пятра Палягошкі, «На крыжовай дарозе» Аўгена Калубовіча, «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Рысы майго пакалення» Вячаслава Шыдлоўскага, «Такія сінія снягі», «Зона маўчання» і «З воўчым білетам» Сяргея Грахоўскага, «Празь церні й завалы» Пятра Бітэля, «Мая Галгофа» Ядвігі Бяганскай, «За калючым дротам» Паўла Пруднікава, «Горкая далячынь» Яна Скрыгана, «Цар-зэк Сямён Івашкін» Васіля Хомчанкі, «Штрыхі з успамінаў» Васіля Супруна… Гэта сведчаньні людзей, якія цудам вярнуліся са сталінскага пекла, дзе большасць ня выжыла. Творы, якія пісаліся, думаецца, перадусім для нашчадкаў. І сёння, калі раз-пораз чуюцца рэплікі ў апраўданне Сталіна і дзе-нідзе на вуліцы можа нават мільгануць яго партрэт, такія кнігі і публікацыі выглядаюць добрым супрацьяддзем.

Віктар Жыбуль, радыё Свабода


Дата стварэння навіны 18.07.2017

Возврат к списку