АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Палякі рачкуюць так, што беларусам і не снілася»

«Палякі рачкуюць так, што беларусам і не снілася»
18.07.2017
Жыхар Баранавічаў пра працу ў Польшчы, заробкі і асаблівасці палякаў.

Мікалай распавёў «Салідарнасці», як з'ездзіў вясной на заробкі ў Лодзь і чым яго здзівілі польскія калегі.

— На працу ў Польшчу мы паехалі з дзяўчынай з некалькімі мэтамі. Першапачаткова разумелі, што хоць заробкі, якія нам прапаноўвалі, былі значна вышэйшымі за баранавіцкія, але шмат мы не заробім. Ехалі ў Лодзь, перш за ўсё, з разведвальнымі задачамі: як атрымаць «карту пабыту», як знайсці добрую працу ў Польшчы і Еўропе і г.д.

 

Працавалі на буйным складзе-краме, які займаўся аптовымі продажамі. Туды дастаўлялася адзенне з розных швейных фабрык, а я з калегамі павінен быў камплектаваць з іх аптовыя пасылкі на заяўкі крамаў з Варшавы, Гданьска, Кракава, Познані і інш.

 

Графік быў нармальны: з 8-й да 16-й, пяць працоўных дзён на тыдзень.

 

Спачатку мой заробак складаў 450 еўра, потым дадалася прэмія. З дзяўчынай, якую ў тую ж фірму ўзялі прадаўцом для зносінаў з расійскамоўнымі купцамі, здымалі паўдома ў Лодзі. Два пакоі абыходзіліся нам у 220 еўра за месяц. На прадукты сыходзіла яшчэ прыкладна столькі ж.

 

На маім працоўным месцы калектыў цалкам складаўся з палякаў. Але праблемаў у зносінах не ўзнікала, мяне прынялі з прыязнасцю. Што здзівіла, дык гэта інтэнсіўнасць іх працы. За сваё жыццё я паспеў шмат дзе папрацаваць і ў Расіі, і ў Беларусі, але такіх хуткасцяў нідзе не сустракаў. Тут я аказаўся самым павольным!

 

Палякі рачкуюць так, што беларусам і не снілася. Здавалася, што яны нават не хадзілі, а бегалі. У Беларусі на працы часам можна нават адседзецца, тут жа ўсё было на галаву больш інтэнсіўна і плённа.

Разам з тым разумеў, што ў калегаў была зусім іншая матывацыя. У Польшчы цалкам даступныя крэдыты на нерухомасць, шмат хто з маіх маладых калег жыў у прыватных дамах. Вядома, не ў самой Лодзі, а ў прыгарадзе.

 

Пры сістэме «чым большы аб'ём працы паспяваеш зрабіць — тым больш атрымліваеш» кожны быў звышматываваны.

 

Мая дзяўчына часам не паспявала паабедаць, але пры гэтым яе калегі-прадаўцы ў добрыя месяцы маглі зарабляць 1000 еўра.

 

Пры гэтым палякі расказвалі, што хацелі б з цягам часу знайсці працу на Захадзе. Іх там цэняць: усёй Еўропе вядомы брэнд польскага сантэхніка, які працуе хутка і якасна.

 

Тым часам вызваленыя працоўныя месцы ў Польшчы займаюць прыезджыя. У апошнія гады назіраецца нашэсце украінцаў. Мы, дарэчы, здымалі дом разам з парай з Украіны.

 

За кошт таго, што працуюць амаль без выходных, яны атрымліваюць 600—700 даляраў, чым, натуральна, вельмі задаволеныя. Але ім нялёгка. Украінцаў у асноўным бяруць проста рабочымі, правоў у іх практычна няма, і ў любы момант яны могуць страціць працоўнае месца.

 

Мы з дзяўчынай пакуль вярнуліся ў Беларусь, пры гэтым застацца ў Лодзі не было праблемай. Варыянтаў для далейшага працаўладкавання хапала. Ды і нерухомасць там таннейшая, чым у Баранавічах.



Дата стварэння навіны 18.07.2017

Возврат к списку