АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Калі Расія хоча быць свабоднай, ёй трэба адпусціць іншыя народы»

«Калі Расія хоча быць свабоднай, ёй трэба адпусціць іншыя народы»
17.07.2017
Вядомы публіцыст Віталь Портнікаў разважае пра будучыню Расіі і Еўразьвязу, а таксама тлумачыць, што робіць горад еўрапейскім.

Каб стаць дэмакратычнай дзяржавай, Расіі неабходна будзе пераглядзець свае адносіны як з суседнімі народамі, так і з народамі ўнутры самой Расіі – заявіў у інтэрвію Польскаму радыё ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў. Адзін з самых вядомых палітычных аглядальнікаў нашага рэгіёну прыняў удзел у XIV Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі. Пра тое, якія гістарычныя працэсы адбываюцца ў сёньняшняй Расеі і ў Эўрапейскім зьвязе, а таксама пра тое, якія постсавецкія гарады становяцца па-сапраўднаму эўрапейскімі, Віталь Портнікаў расказвае Аляксандру Папко, belprauda.org

Спадар Віталь, вы неаднаразова заяўлялі, што імя прэзыдэнта краіны ня мае значэньня, «важныя толькі наяўнасьць грошай і гістарычны працэс». Якія, на вашую думку, гістарычныя працэсы адбываюцца ў Расіі, ад якой, у вялікай ступені, залежаць лёсы як Украіны, так і Беларусі?

 

Віталь Портнікаў: Гэта цяжка зразумець расейскім лібэралам, але тая Расія, якая існуе сёньня, калі яна хоча захаваць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць, павінна быць аўтарытарнай дзяржавай з дамінацыяй расійскага народу й расійскай культуры над усімі астатнімі этнасамі. Ніякага іншага шляху захаваньня Расіі ў яе цяперашніх межах не існуе. Але калі Расія захоча быць дэмакратычнай еўрапейскай краінай, калі жыхары Расіі захочуць даць расейскаму народу шанец разьвівацца, а ня жыць увесь час у ценю Сталіна, Пуціна ці некага яшчэ, то расейскаму народу прыйдзецца адмовіцца ад гэтай мадэлі. Яму трэба будзе адпусьціць іншыя народы – тыя, якія захочуць сысьці.

 

Гэта неабходны й непазьбежны шлях. Альбо Расія застаецца такой, якая яна ёсьць, і намагаецца аплесьці суседзяў сваімі імпэрскімі шчупальцамі, альбо яна тэрытарыяльна распадаецца.

Калі гэта адбудзецца – я ня ведаю. Я ведаю толькі, што той расейскі калос, якога мы бачым сёньня, ніколі ня будзе разьвівацца. Ён будзе заўсёды перашкаджаць разьвіцьцю іншых. А разьвіццё можа пачацца толькі тады, калі адбудзецца перафарматаваньне Расіі – калі на прасторы Расійскай Фэдэрацыі ўзнікнуць нармальныя, розныя незалежныя нацыянальныя дзяржавы.

 

У іх будуць абсалютна розныя цывілізацыйныя сьветы. Чачня мае іншы цывілізацыйны сьвет, чым цэнтральная Расія. І я вельмі не хачу, каб цэнтральная Расея стала Каўказам, таму, што мне дарагія Яраслаўль, Пскоў і Вялікі Ноўгарад. Я не хачу, каб яны канчаткова завязьлі ў сьвеце чужых цывілізацыяў. Такім жа чынам я ніколі не хацеў, каб Кіеў, Львоў ці Ужгарад патанулі ў сьвеце расейскай цывілізацыі. Я ня ведаю, чаму ў расейскіх людзей няма пачуцьця нацыянальнага самазахаваньня, чаму яны гатовыя прамяняць уласную годнасьць на імпэрыю.

 

Хацеў бы запытацца пра Еўропу, у якой мы з вамі знаходзімся. У самой Еўропе назіраецца аслабленьне веры ў Еўрапейскі зьвяз, страх перад мігрантамі. У якім кірунку ідзе кантынэнт?

 

Віталь Портнікаў: У тым самым, у якім ішоў раней. Мы назіраем сутаргі супраціву глябалізацыі, якая ўсё роўна пераможа. Так заўсёды было: як толькі чалавецтва пераходзіць на новы этап свайго разьвіцьця, кансэрватызм спрабуе гэты пераход спыніць. І гэты кансэрватызм – натуральны. Чалавек заўсёды хоча жыць так, як ён жыў дагэтуль, нават калі гэта немагчыма.

 

У бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі новыя тэхналёгіі, новыя выклікі й новыя небясьпекі зьмятуць гэты супраціў разам з палітыкамі, якія яго сымбалізуюць. Аднак супраціў будзе жорсткім, ён будзе прыводзіць да вельмі цікавых электаральных пад’ёмаў, няправільных рашэньняў і ахвяраў. Гэта ўсё будзе, але мінулае ў чалавечай гісторыі ніколі не перамагала будучыні. Гэтага не адбудзецца і ў гэты раз.

 

Падчас прэзэнтацыі сваёй новай кнігі «Эвара» ў Варшаве вы пералічвалі гарады, якія вы лічыце еўрапейскімі – аж Чарнаўцоў і Кіева да Трыеста й Марсэля. У чым заключаецца эўрапейскасьць гораду, і якія гарады на постсавецкай прасторы вы лічыце еўрапейскімі?

 

Віталь Портнікаў: На постсавецкай прасторы вельмі многа эўрапейскіх гарадоў. І гэта, дарэчы, не зьвязана са стылем кіраваньня. Многа еўрапейскіх гарадоў ёсьць ва Ўкраіне. Гэта і Львоў, і Чарнаўцы, і Івана-Франкоўск, і Ужгарад, і многія малыя гарады Галіччыны, Закарпацця й Букавіны. Яны былі заўсёды прыкладамі еўрапейскага клімату: ўзаемаадносінаў людзей, іх інтарэсаў, культурнага жыцьця. Цяпер усё больш эўрапейскімі становяцца, безумоўна, Кіеў, Адэса й Днепр.

 

Калі казаць пра Беларусь, то я заўсёды верыў што эўрапейскім горадам зьяўляецца Горадня. Нават тады, калі я езьдзіў у яе ў савецкія часы, я бачыў, што пад савецкасьцю гэтага гораду яшчэ не перастала біцца эўрапейскае сэрца. Я бачыў еўрапейскі дух у вялікай колькасьці расійскіх гарадоў да прыходу Пуціна. Еўрапейскім станавіўся Пецярбург і асабліва Яраслаўль. І мне вельмі шкада, што той кашмар, які пачаўся ў Расіі спыніў гэтае разьвіццё. Гораду патрэбная цывілізацыя. Для таго, каб быў еўрапейскі горад, патрэбная еўрапейская краіна. Еўрапейскі горад без еўрапейскай краіны ператвараецца ў шэрую правінцыю.

 

Вы ведаеце, як нядаўна памерлы Данііл Гранін акрэсліў Пецярбург? Ён сказаў, што гэта вялікі горад з абласным лёсам. Усе расійскія гарады, нават вялікія – гэта гарады з абласнымі лёсамі: і Яраслаўль, і Калінінград, і Пецярбург. У аўтарытарнай краіне развіваецца толькі сталіца – нібы монстар. Украінскія гарады перасталі быць гарадамі з абласнымі лёсамі. Кожны з іх жыве сваім жыцьцём і мае свой свет. Вы не назавяце Адэсу горадам з абласным лёсам. І Днепр вы ўжо так не назавяце. Таму, што аказалася, што жыхары гэтага гораду ў крытычны момант могуць самі вырашаць свой лёс. Гэта вельмі важна. Такім чынам, калі ў стасунку да нейкага гораду вы можаце ўжыць вызначэнне Граніна, то гэта значыць, што гэты горад – не еўрапейскі.

 



Дата стварэння навіны 17.07.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку