АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Беларусі дыяспара патрэбная болей, чым дыяспары — Беларусь»

«Беларусі дыяспара патрэбная болей, чым дыяспары — Беларусь»
15.07.2017
Напярэдадні VII З’езду беларусаў свету, які Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» праводзіць 15-16 ліпеня, размова з кіраўніком арганізацыі Аленай Макоўскай.


На здымку: Беларусы падчас шэсця на гонар 150-годдзя Канады, 2017 год


— Чаго чакаць ад з’езду?

 

— Гэта ўжо сёмы з’езд, «Бацькаўшчына» ладзіць іх раз на чатыры гады. Першы з’езд прайшоў у 1993 годзе. Кожны з іх — гэта адлюстраванне актуальных пытанняў, якія стаяць і перад беларускай грамадскасцю, і перад нашай дыяспарай. Гэты з’езд стане ўнікальным хаця б таму, што ідзе відавочная змена стаўлення да беларускай дыяспары. Магчыма, не ўсе гэта бачаць, але дыяспара ўжо адчувае сябе па-іншаму, піша Новы час.

 

— Змена стаўлення грамадства, улады ці…

 

— Найперш, мабыць, грамадства, бо яно больш мабільнае, гнуткае, хутчэй рэагуе на змены і выклікі вакол нас. Напярэдадні з’езду мы рабілі цікавае апытанне разам з лабараторыяй «Новак», вынікі якога будуць агучаныя акурат на з’ездзе. Мы вырашылі паглядзець, як ацэньваюць патэнцыял супрацоўніцтва з дыяспарай дзяржаўныя чыноўнікі і няўрадавыя арганізацыі, каб зразумець, дзе і ў якой меры магчымая супраца. Можна канстатаваць, што сёння Беларусі дыяспара неабходная болей, чым дыяспары — Беларусь. Падаецца, што грамадства гэта ўжо бачыць, і наступны крок за дзяржавай, бо без сістэмнай дапамогі і эфектыўных механізмаў такая супраца немажлівая.

 

У свеце цяпер мігруе агромністая колькасць людзей — здаецца, каля 3 мільёнаў чалавек за год. І гэтыя тэмпы паступова нарастаюць. Беларусы — не выключэнне з гэтага працэсу. Яны актыўна атрымліваюць адукацыю ў замежжы, імкнуцца завязаць працоўныя кантракты. Таму ў розных краінах з’яўляюцца сеткі нашых суайчыннікаў, якія пазіцыянуюць сябе беларусамі і могуць рэпрэзентаваць нашу краіну. Гэта наша мяккая сіла, нашы іміджавыя цэнтры. Гэта людзі, якія маюць вопыт, веды, замежную адукацыю, сетку кантактаў і добрыя прафесіі. Яны могуць быць надзвычай карыснымі для краіны: як самі, так і ў якасці пасярэднікаў, якія дапамогуць ва ўсталяванні кантактаў з усім светам.

 

Адначасна гэтыя людзі распаўсюджваюць інфармацыю пра Беларусь, што таксама важна. Часам гэта дзейнічае лепш за любыя ўрадавыя прэзентацыі і праграмы, калі замежнік мае непасрэдныя стасункі з беларусам, які будуе адчуванне даверу да нашай краіны, яе культуры, яе прадстаўнікоў.

 

 Першы з'езд Беларусаў свету, 1993 год. Фота 90s.by

 «У газетах кажуць — «ворагі», а яны прыязджаюць і дапамагаюць…»

— Сапраўды, хто за каго мае трымацца — дыяспара за метраполію ці наадварот?

— Першаснае стаўленне любой краіны да сваіх эмігрантаў — гэта недавер. Маўляў, з’ехалі — значыць, «не нашы»… Раней адназначна было больш негатыву. Мы гэта добра бачым па часах БССР, калі паводле савецкай ідэалогіі эмігрант раўняўся здрадніку і калабаранту.

— А што наконт 1990-х і 2000-х?

 

— 1990-я — гэта ўсплёск узаемнай цікавасці і час нацыянальнага абуджэння. Калі мы ладзілі Першы з’езд беларусаў свету, была проста неверагодная дыскусія ў грамадстве. Памятаю, у газетах на поўным сур’ёзе абмяркоўвалася пытанне, ці ладзіць з’езд наогул. Гэта была ломка псіхалогіі і менталітэту, бо доўгі час уся савецкая ідэалагічная машына казала, што беларусы замежжа — «ворагі», а тут людзі ўпершыню за доўгі час ці наогул упершыню ў жыцці прыязджаюць у Беларусь і пачынаюць актыўна дапамагаць краіне.

 

— Маеце на ўвазе праграмы дапамогі чарнобыльцам, якімі займаўся ў тым ліку Аляксандр Надсан?

 

— І Чарнобыль, і рэстаўрацыя помнікаў, і розныя культурніцкія праекты. Дыяспара стварала сумесныя прадпрыемствы, прыязджалі з інвестыцыямі, бо з’язджалі некалі не таму, што хацелі пакінуць Беларусь, а беглі ад небяспекі, ад пагрозы свайму жыццю і свабодзе. Таму магчымасць вярнуцца на Радзіму абуджала ў эмігрантаў неверагодную энергію і жаданне паспрыяць краіне.

 

Паступова партрэт эміграцыі змяняўся, бо пачалі ад’язджаць новыя людзі, паўстаў фактар ужо не палітычнай, а працоўнай эміграцыі. Дзяржава пэўны час глядзела на эміграцыю як на крыніцу інвестыцыяў, а новая плынь дыяспары на дзяржаву — як на крыніцу падтрымкі. Бо старэйшае пакаленне беларускай дыяспары на Захадзе даўно моцна стаяла на нагах, самастойна вырашала свае матэрыяльныя пытанні, ім была больш патрэбная сімвалічная дапамога: прызнанне таго, што яны — неад’емная частка беларускай нацыі.

 

Сёння ж надыходзяць больш прагматычныя часы, змяняецца і прафесійны партрэт дыяспары. Дзяржава таксама мае адсочваць гэта, займацца маніторынгам і мапінгам, каб зразумець, дзе ў свеце ёсць беларусы і што яны з сябе ўяўляюць у плане заняткаў і кваліфікацыі.

 


  Беларуская дыяспара, Таронта, 1970 год


«Яны з’ехалі, дык што яны нам могуць сказаць?»

— Як мае выглядаць праца дзяржавы з дыяспарай?

— Любая праца з дыяспарай любой краіны пачынаецца з пабудовы даверу. Бо ў нас па-ранейшаму на ўзроўні грамадства працуюць штампы: «Яны з’ехалі, дык што яны нам могуць сказаць, чаму навучыць?». Эмігранты таксама па-рознаму ставяцца да Беларусі: да краіны-маці — добра, а вось да дзяржаўных інстытуцый — часам вельмі неадназначна. Такі недавер паміж дыяспарай і метраполіяй — не беларуская адметнасць, ён існуе шмат у якіх краінах. І каб ладзіць эфектыўную супрацу, пачынаць варта акурат з кампаніі па пабудове даверу. І працэс гэты двухбаковы, які цягнецца не адзін дзень.

 

Калі наша дзяржава хоча атрымаць інвестыцыі, то трэба рабіць сур’ёзны ўнёсак у развіццё стасункаў з дыяспарай, ладзіць больш сур’ёзныя дзяржаўныя праграмы, ствараць стратэгію, якая б вызначыла прыярытэты і кірункі, у якіх мы рухаемся. У 2014-м прыняты закон «Аб беларусах замежжа». Гэта было зроблена дзякуючы і намаганням ЗБС «Бацькаўшчына», і намаганням дыяспары. Але ён носіць больш дэкларатыўны характар, бо не ўтрымлівае наўпроставых механізмаў вырашэння пытанняў.

 

— У чым функцыя гэтага закону?

 

— Магчыма, акурат у тым, каб закласці аснову, на якую можна накладаць нарматыўныя акты і дзяржаўныя праграмы, што вырашалі б канкрэтныя праблемы. Бо падпраграма «Беларусы ў свеце», якая дзейнічае сёння і з’яўляецца часткай праграмы «Культура Беларусі», скіраваная збольшага на задавальненне культурніцкіх патрэбаў дыяспары. Нам, у сваю чаргу, хацелася б, каб супраца ішла ў розных кірунках і ставіла перад сабою дасягненне пэўных стратэгічных задач.

 

Думаю, з’езд — гэта вельмі ўдалы механізм для абмеркавання ўсіх пытанняў. Будзе наладжаны абмен меркаваннямі і непасрэдная жывая распрацоўка гэтай новай стратэгіі, бо кожны прыязджае са сваімі думкамі, ідэямі і патрэбамі. Іх абагульненне і дасць паўнавартасную стратэгію.

  


Рыгор Барадулін і Вячка Целеш (Латвія)

 Дыяспара, выкрасленая з падручнікаў

— Ці можна казаць, што зацікаўленасць беларускай дзяржавы — больш эканамічная, а дыяспары — больш сентыментальна-патрыятычная?

 

— Гэта справядліва толькі для часткі дыяспары, бо, як я казала раней, беларусы замежжа вельмі розныя. Дыяспара сёння мае даволі абмежаваны ўплыў на грамадства, нягледзячы на тое, што яе прадстаўнікі працягваюць ладзіць сацыяльныя праграмы і дапамагаюць у культурніцкіх праектах. На жаль, дыяспара, яе гісторыя і сённяшнія рэаліі, адсутнічае як у школьных праграмах, так і ў праграмах ВНУ. Гэта вялікі пласт нашай культуры, які пакуль што застаецца выкрасленым. Калі наўпрост запытацца ў беларусаў на вуліцы, пра сам феномен «беларуская дыяспара» ведаюць, але ўспрымаюць яе найчасцей як адарваную ад краіны супольнасць.

 

— То бок людзі не ведаюць, што дыяспара — гэта супольнасць са сваімі традыцыямі і магчымасцямі?

 

— Так, калі людзі не маюць асабістых знаёмстваў і кантактаў з нейкімі арганізацыямі, то пра феномен дыяспары ім мала што вядома. Прывяду цікавы прыклад: падчас паездкі ў Польшчу дырэктар адной школы быў вельмі здзіўлены, калі дазнаўся, што на Беласточчыне ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску. Маўляў, а чаго вы на нашай мове размаўляеце? То бок калі не цікавіцца такімі аспектамі, можна пражыць жыццё, не ведаючы пра сваіх суайчыннікаў за мяжой.

 

 

 Пад час святкавання БНР у Лондане, 2008 год

 

Пашпарты, дыпломы і позвы ў ваенкамат

— Дыяспара апроч настальгічнага мае нейкі эканамічны інтарэс?

 

— Так, я акурат казала пра змену пакаленняў і падыходаў, бо ёсць высокаадукаваныя людзі, якія атрымалі адукацыю за мяжой. Частка з іх магла б прыехаць назад у Беларусь і працаваць на яе карысць. Пры гэтым няма механізмаў іх свабоднага працаўладкавання, асабліва ў дзяржаўныя структуры. Наша адукацыя ўнутры краіны далёка не ідэальная, і ў той жа час выпускнікі замежных ВНУ маюць цяжкасці з прызнаннем сваіх дыпломаў, якія шануюцца ва ўсім свеце, толькі не ў нас. Як тады прыцягнуць такія кадры?

 

У Беларусі нядаўна было створанае агенцтва «Тваё заўтра» на чале з Інай Кулей, якое займаецца вырашэннем пытанняў маладых беларусаў, прафесіяналаў і спецыялістаў, якія вяртаюцца да нас з-за мяжы. Атрымліваецца парадокс: людзі вучацца за мяжой, атрымліваюць каштоўны дыплом, хочуць вярнуцца, але сутыкаюцца з перашкодамі і складанасцямі на Радзіме.

 

Частка прадстаўнікоў дыяспары хацела б вярнуцца дамоў на пенсію, маючы магчымасць набыць тут маёмасць і жыць. Неаднойчы беларусамі ўздымалася пытанне падвойнага грамадзянства. Сёння падвойнае грамадзянства не прызнаецца ў Беларусі, але шмат хто з беларусаў мае два пашпарты.

 

Прывяду яшчэ адзін прыклад таго, як мы адмяжоўваемся ад другога пакалення дыяспары. Бывае так, што людзі з’ехалі за мяжу разам з дзецьмі, якім было па 4-5 гадоў. Дзеці там выраслі, маюць іншую адукацыю, працу, грамадзянства. І хацелі б наведаць сваю радзіму, пабачыцца са сваякамі, але не могуць, бо да гэтага часу ім на старыя адрасы іхных бацькоў прыходзяць позвы ў ваенкамат.

 

«Да ад’езду за мяжу беларусы ставяцца па-партызанску»

— Ёсць нейкі міжнародны досвед вырашэння такіх пытанняў?

 

— Напрыклад, у Індыі быў створаны дзяржаўны камітэт, які два гады займаўся адно вывучэннем пытанняў індыйскай дыяспары ў свеце, месцазнаходжаннем, прафесійным складам і гатоўнасцю супрацоўнічаць з краінай. У выніку дзяржава пачала выдаваць індусам, якія жывуць за мяжой, пашпарты «індусаў замежжа». І гэта адразу паздымала многія пытанні. То бок індус можа мець брытанскі пашпарт і пашпарт замежнага індыйца адначасна.

Індыя ў гэтым вельмі зацікаўленая, бо іх дыяспара складае каля 20 мільёнаў чалавек. Іх урад разумее, што сярод яе прадстаўнікоў ёсць шмат высокапрафесійнай публікі, з якой варта трымаць кантакт і прыцягваць да супрацы. Гэта адбілася на эканамічным росце краіны вельмі пазітыўна.

 

— А ў нас?

 

— Афіцыйная лічба складае тры з паловай мільёны беларусаў-эмігрантаў, але насамрэч дакладна падлічыць вельмі складана, бо шмат беларусаў жыве за мяжой, але не лічыць сябе дыяспарай альбо абмяжоўвае свае кантакты з афіцыйнай Беларуссю.

 

Беларусы вельмі па-партызанску ставяцца да свайго ад’езду, і падлічыць дакладную колькасць нашых за мяжой даволі цяжка. Акурат таму праграма па аднаўленні даверу была б вельмі карыснай і вельмі своечасовай. Калі б улады паставіліся ўважлівей да сваёй дыяспары, то і яна, магчыма, адкінула б свой недавер і ўсвядоміла сваю ролю звяна паміж Бацькаўшчынай і вялікім светам.

Алена Макоўская

Дата стварэння навіны 15.07.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку