АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Дакумэнты з архіву Вітаўта і Зоры Кіпеляў прадставілі ў Мінску напярэдадні VII З''езду беларусаў свету

  Дакумэнты з архіву Вітаўта і Зоры Кіпеляў прадставілі ў Мінску напярэдадні VII З''езду беларусаў свету
15.07.2017
Адкрыццё выставы пра тытанаў беларускай дыяспары ў Мінску наведалі два былыя міністры замежных справаў.

 Фотаздымкі з сямейнай калекцыі, школьныя дакумэнты і аўтографы дзеячаў эміграцыі — усё гэта можна пабачыць на выставе ў гонар 90-годдзя Вітаўта і Зоры Кіпеляў.

У мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры», якая месьціцца ў Палацы Рэспублікі, адкрылася выстава «Зора і Вітаўт», прысьвечаная 90-годзьдзю актыўных дзеячоў беларускай эміграцыі на Захадзе.

  Ад пачатку 1990-х і па сёньня іх прывозяць з ЗША і перадаюць у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.

 

  Натальля Гардзіенка і Павал Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры»

 

Ініцыятарам выставы была Натальля Гардзіенка, намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва. Летась ужо ладзілася падобная выстава дакумэнтаў з архіву Янкі Запрудніка — яшчэ аднаго выбітнага дзеяча эміграцыі.

 

«Усё гэта каштоўнасьці ня толькі для эміграцыйнай культуры, але і для агульнай беларускай культуры», — сказала Гардзіенка.

 

 Яна адзначыла, што сярод найбольш каштоўных экспанатаў можна назваць дакумэнты бацькоў Вітаўта і Зоры з пачатку XX стагодзьдзя, дакумэнты аб рэпрэсіях супраць іх. Тут ёсьць пасьведчаньні Вітаўта Кіпеля з школ трох краінаў: з расейскага Арла, Менску ваенных часоў і з пасьляваеннай Нямеччыны, дзе ён заканчваў гімназію імя Янкі Купалы. На стэндах можна пабачыць шмат сямейных фотаздымкаў, афіцыйныя дакумэнты з прыёмаў у амэрыканскіх прэзыдэнтаў.

 

 Таксама тут ёсьць рукапісы, аўтографы Янкі Купалы і дзеячаў эміграцыі. І нават копія тастамэнту Ўладзімера Жылкі, якая захавалася дзякуючы сям’і Кіпеляў — бацьку Яўхіму Кіпелю.


 

На адкрыцьцё выставы прыехала дачка Вітаўта і Зоры — Алеся Кіпель. Яна нарадзілася і вырасла ў Амэрыцы. Цяпер працуе ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Алеся Кіпель зачытала кароткі зварот з нагоды адкрыцьця выставы.

 

«Шкада, што бацька сам ня змог прыехаць. Але ён ужо не такі малады. Тата рашыў, што лепей застацца дома і папрацаваць замест таго, каб стаміцца ў такой даўгой дарозе. Магу зацьвердзіць: як тата застаўся дома працаваць, дык гэта праўда. Назва ягонай кніжкі — «Жыць і дзеяць». Тата нават у ягоным веку дзеіць кожны дзень. Кожны дзень займаецца беларускай справай».

 

  Алеся Кіпель і былы міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў


На адкрыцьцё выставы прыйшлі былыя міністры замежных спраў Беларусі: Пятро Краўчанка і Сяргей Мартынаў. Выступаў са словам Радзім Гарэцкі — аднагодак Вітаўта Кіпеля.

 Адкрыцьцё выставы, піша НН, прымеркавалі да Зьезду беларусаў сьвету, які ў суботу і нядзелю пройдзе ў Менску. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» акурат выступае адным з арганізатараў выставы. Валер Герасімаў, намесьнік старшыні «Бацькаўшчыны», нагадаў пра важную ролю эміграцыі ў разьвіцьці незалежнай Беларусі.

 


 Пятро Краўчанка, Алег Трусаў і Уладзіслаў Завальнюк

«Яны беларусы не па пашпарце, яны беларусы па духу, — сказаў Герасімаў пра Кіпеляў. — Такіх людзей прынята называць апосталамі нацыі і волатамі духу. І прыйдзе час, імёнамі такіх людзей будуць названыя вуліцы нашых гарадоў, паўстануць помнікі».



Дата стварэння навіны 15.07.2017

Возврат к списку