АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

“Без веры хваробу не пераможаш…”

“Без веры хваробу не пераможаш…”
10.07.2017
84-гадовая Яўгенія Паўлаўна ДЗЕНІСЕВІЧ больш за 40 гадоў лечыць людзей малітвамі. І шмат каго вылячыла.

Карэспандэнт “Народнай Волі” пабываў у гасцях у 84-гадовай Яўгеніі Паўлаўны ДЗЕНІСЕВІЧ. 

 

…Дом Яўгеніі Паўлаўны знаходзіцца на ўскраіне Мінска. Па дамоўленасці мяне чакае яна і яе сваячка, якая часам дапамагае даглядаць за сталай жанчынай. Адзін з пакояў нагадвае міні-царкву – крыж ад падлогі да столі, паўсюль на сценах іконы, алтар для малітваў. У пакойчыку, дзе мы размаўляем, таксама – іконы, святая вада, царкоўныя кнігі. Убачыўшы фотаапарат, бабуля адразу папярэджвае: “Фатаграфаваць мяне нельга, боская ласка сыдзе”. І пачынае з успамінаў пра дзяцінства…

 

– Нарадзілася я ў вёсцы Куляшы Івацэвіцкага раёна, у мамы было чацвёра дзяцей. Я – самая старэйшая. З пяці гадоў пачала хадзіць у храм. Царква знаходзілася за тры кіламетры ад нашай вёскі, але нават гэта мяне не спыняла. Туды памаліцца пастаянна наведваўся дзед Навум, вось я, малая, з тым дзедам і яшчэ адной бабуляй пастаянна і хадзіла на службу. Гэта нават не ад бацькоў пайшло, а неяк само па сабе здарылася. Цягнула мяне да Бога. І ў мяне быў вялікі гонар, калі бацька мяне на кані з царквы сустракаў. Памятаю, у нашай вёсцы была бабка Воля, яе аднойчы так да зямлі прыгнула, што дыхаць не магла. А пасля схадзіла з намі, памалілася, як струначка стала. І з той пары яна ніводнай службы ў нядзелю не прапускала.

 

– Бацюшка добры быў?

 

– Ой, добры, нават бесаў выганяў. Аднойчы лячыў аднаго мужчыну, дык нячысты дух аж дзверы ў храме вырваў. Во была сіла! І мяне ён вучыў дабру і любові да Госпада, я на прычасці заўсёды да яго першая стаяла. А ён называў мяне, як і іншых дзяцей, Божым ангелам. І так гэта ўсё ў памяці добра адклалася. Сёння мне 85 гадоў, а той час бачу, як сёння.

 

– У школу хадзілі і разам з гэтым царкву наведвалі?

 

– Якая там школа, калі ў нас нават сшыткаў не было?! Неяк два класы адвучылася, але ў мяне было больш духоўнае навучанне. І граматай сама па сабе авалодала. Куды там пра школу было думаць, калі паесці не было чаго? Ходзіш з торбай цэлымі днямі, збіраеш шчаўе, крапіву альбо лебяду, каб зусім з голаду не памерці. Хлеба нават блізка не бачылі. Пасля ўжо, калі карову купілі, крыху аджылі, але ж у хуткім часе і вайна пачалася. Як пачнуць бамбіць, не ведаеш, куды хавацца. Днём паліцаі і немцы тэрарызіравалі, а ноччу – партызаны. Ад апошніх нічога не схаваеш – усё знойдуць і забяруць. Вось такое было жыццё! Уяўляеце, як маме даводзілася складана ў вайну з чатырма дзецьмі на руках?! Самы малодшы мой брат нарадзіўся якраз перад вайной, у 1940 годзе. А тата наш на фронце загінуў, зусім малады быў… Заставалася дома толькі маліцца, чыталі Багародзіцу на каленях, каб ліха абышло бокам.

 

Дарэчы, выжыць у вайну нам дапамог яшчэ і мой дзядуля Іван. Яго бацька быў немцам, а таму дзед добра ведаў нямецкую мову. І, калі акупанты з’яўляліся ў вёсцы, дзед з імі нешта гергетаў, і немцы нас не чапалі. Ён ратаваў усіх! Жартавалі нават: “Іван, твае сябры прыехалі на гутарку, ідзі хучэй да іх…”

 

– Яўгенія Паўлаўна, а як склалася жыццё пасля вайны?

 

– Як выраслі, то ўсе дзеці пайшлі свой хлеб зарабляць. Я ездзіла на заробкі на Урал, але затым вярнулася ў Мінск і працавала на МАЗе слесарам-зборшчыкам, у ліцейным цаху… Мой дзядзька з жонкай былі бяздзетнымі, а таму ў іх першы час і жыла. Выйшла замуж, траіх сыноў нарадзіла. Муж, да слова, быў катэгарычна супраць таго, каб я прымала людзей і лячыла іх, сам быў бязбожнікам. Яго больш цікавілі, прабачце, бабы, а не царква.

 

У 1980-я гады ён нават выклікаў на мяне міліцыянераў, тыя разам з нейкімі ці то дэпутатамі, ці то партыйнымі дзеячамі прыйшлі. Пытаюцца: “Чым вы займаецеся?” – “Малюся, – адказваю, – вось і ўсё”. Там ужо машыну міліцэйскую да дому падагналі, заставалася толькі кайданкі накінуць на мяне. Але дзякуй аднаму маёру міліцыі, заступіўся. Кажа: “Таварышы, медыцына ў нас перапалохі альбо рожы лечыць? Не. А калі ў чалавека атрымліваецца дапамагаць іншым, то што ў гэтым дрэннага?» Адным словам, адчапіліся. А затым той самы міліцыянер паклікаў мяне ў бок і дадаў: “Мой дзед лечыць гэтак жа…”

 

– А калі вы адчулі, што ў вас маецца нейкая здольнасць дапамагаць людзям?

 

– У 43 гады мне гэта Маці Божая ўва сне прадказала. У той час я сама моцна захварэла, пачала лячыць сябе малітвамі, і Гасподзь мяне падняў. А ноччу голас мне сказаў: “Ратуй народ, ты шмат людзей выратуеш”. Вось з таго часу і дапамагаю, чым магу.

 

Я ж не давала ніякія абвесткі, усё неяк само па сабе атрымлівалася. Аднаму дапамагла – той іншаму распавёў. Памятаю, калі на аўтазаводзе працавала, перапынку ў мяне ніколі не было. Нават паесці не было часу, чарга стаяла за дапамогай. Але заўсёды папярэджвала: “Маліцеся і спадзявайцеся на лепшае. Мне Бог дапамог, а вам не ведаю, ці дапаможа. Але верыць трэба”.

 

– З чым да вас звычайна звяртаюцца людзі?

 

– Памятаю, з Калінінграда мне прывозілі 7-гадовую дзяўчынку, якая не гаварыла. Я перад іконай на каленях прасіла Бога, каб той адкрыў дзяўчынцы вусны, сям’я некалькі разоў прыязджала. І аднойчы гэтая дзяўчынка зайшла са сваёй маці ў хату і сказала мне: “Бабуля, я размаўляю, у школу хутка пайду”. Вы не паверыце, я плакала, як тое дзіця. Слёзы ў мяне ліліся ракой, і я іх не саромелася…

 

Было шмат і іншых выпадкаў. У адной жанчыны было цяжкае захворванне, але пасля малітваў хвароба знікла. Нехта, магчыма, падумае, што такога быць не можа, што гэта выпадковае супадзенне, але я ні з кім спрачацца не буду. Не важна, што дапамагло чалавеку. Галоўнае – ён вылечыўся. Але адно ведаю – без веры не пераможаш.

 

– Вы лечыце толькі малітывамі?

 

– Так, толькі сваімі словамі прашу Госпада дапамагчы. Мой духоўны настаўнік – архімандрыт Давід, які быў настаяцелем Вільнюскага Прачысценскага сабора. Падчас сустрэчы ён мяне блаславіў і сказаў: “Прымай людзей па магчымасці, дапамагай ім”.  І тыя ідуць і ідуць. Калі мяне саму сэрца прыхапіла, то некаторыя знайшлі нават у бальніцы і спрабавалі прарвацца ў рэанімацыю. Дарэчы, я сама сабе дыягназы стаўлю. Ведаю, што ўсе мае хвробы – гэта не ад Бога, а больш ад зайздрасці і злых людзей. Я зараз знаходжуся на 2-й групе, а вось першую чамусьці адмаўляюцца даваць. Пісала з гэтай нагоды ліст у Міністэрства аховы здароўя, магчыма, вырашыцца гэтае пытанне…

 

Увогуле, зараз няма ўжо ў мяне ранейшага здароўя, не хапае сіл, таму амаль нікога не прымаю. Але ўсё роўна прыязджаюць, пералазяць праз плот і крычаць у акно: “Дапамажыце!” І як тут адмовіш, калі здалёк з малымі дзеткамі за дапамогай прыязджаюць.

 

– Магчыма, прыходзяць і такія, хто хоча, што называецца, навесці порчу на кагосьці?

 

– Такім я адразу паказваю на выхад і даю ім толькі адну параду: “Ідзіце і маліцеся, тады ўсё ў вас будзе добра”. А некаму зла жадаць – гэта самая апошняя справа.

 

– А ў вас ёсць свае вучні, хацелі б некаму перадаць свой дар?

 

– Я ні ў каго гэты дар не брала. Калі Гасподзь некага ўпадабае, то і сам яго блаславіць. Хаця цётка майго бацькі таксама ратавала людзей, можа, нешта і ад яе перадалося?

 

..На развітанне жадаю Яўгеніі Паўлаўне моцы духу і здароўя. “З Богам!” – кажа ўслед яна.


Дата стварэння навіны 10.07.2017

Возврат к списку