АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Мы маглі б развівацца па скандынаўскім сцэнары, але са сваім адценнем». Якая архітэктура зробіць беларусаў шчаслівымі?

«Мы маглі б развівацца па скандынаўскім сцэнары, але са сваім адценнем». Якая архітэктура зробіць беларусаў шчаслівымі?
08.07.2017
Архітэктар кампаніі 101dom.by Іван Амосаў лічыць, што няправільна пастаянна імкнуцца да падабенства з лофтам, скандынаўскім ды іншымі замежнымі стылямі, бо ў Беларусі ён свой, адметны.

Што можна лічыць спрадвечна беларускім у архітэктуры і як нам не згубіць сябе ў жаданні адхапіць свае квадратныя метры — думкамі на гэты конт Іван падзяліўся з «НН».

 

Даведка: Іван Амосаў — архітэктар амаль з 15-гадовым стажам. Скончыў БНТУ, праектаваў і будаваў драўляныя дамы на Кіпры, у Францыі і Нарвегіі. Стварыў сваю вытворчасць і разам з камандай узвёў больш за 100 драўляных дамоў у Беларусі.

 

Мне не падабаецца, што нашу архітэктуру ўвесь час імкнуцца падцягнуць да нейкіх заходніх узораў, параўнаць з лофтам ці скандынаўскім стылем. Мы жывём у Беларусі, і трэба ствараць свой уласны стыль, сыходзячы з нацыянальнай гісторыі ды досведу.

 

Што такое традыцыйная беларуская архітэктура? Гэта сціплая прыгажосць і натуральныя матэрыялы: дрэва, чарот, цэгла. Гэта прастата. Гэта дакладна не будынкі з намаляванай вышыванкай, бо такія сімвалы — не больш, чым штамп. А дамы, якія не раздражняюць вока.

 

Круглыя бярвенні ў хатах — гэта больш расійская тэма, максімум — усходняй Беларусі. Беларусы з кругляка будавалі або хлявы, або гаспадарчыя памяшканні. Сапраўдны шляхціц ствараў сабе дом з лафету, абавязкова з апрацаванага, абчасанага.

 


Уявіце, што вы нарадзілі дзіцё, і думаеце, у якую калыску яго пакласці. Яна можа быць з гіпсакардону, газасілікату, бетону ці драўлянай. Якому матэрыялу даверыце спадчынніка, той і абірайце для жыцця.

Канечне, горад патрабуе іншых умоў, але калі ў вас ёсць магчымасць выехаць за яго межы — пераязджайце.

 

 


Астрашыцкі гарадок.

 

Сённяшнія хмарачосы, шматпавярховікі, на мой погляд, зусім не арыентаваныя на чалавека. Людзі жывуць у шкле і бетоне, гэта даволі агрэсіўнае асяроддзе, якое нікому не дадае здароўя. У свой час наша насельніцтва загналі ў хрушчоўкі, і гэты факт прамым чынам уздзейнічае на менталітэт: кіраваць чалавекам са скрынкі куды прасцей, чым тым, хто жыве на сваёй уласнай тэрыторыі. Пры гэтым кошт драўлянага дома пад ключ у Беларусі цяпер параўнальны з цаной на кватэру. Сумна, што мы ўсё жыццё адкладваем значную частку зарплаты на бункер у бетоне. За столь, падлогу і сцены ў якім заплацілі не толькі гаспадары, але і яго суседзі.

 

 


Дом у вёсцы Спорава.

 Беларуская архітэктура, асабліва гэта бачна па Мінску, пачала развівацца вертыкальна. Навошта — незразумела. У нас не такая вялікая шчыльнасць насельніцтва, каб вырашаць праблему размяшчэння людзей з дапамогай хмарачосаў. Горадабудаўніцтву не дае жыцця «Вока Саўрона»: у бліжэйшыя часы ўсё будзе рабіцца не так, як таго хочам мы. Тут кіруюць і будуюць людзі, якія не маюць да Беларусі ніякага дачынення.

 

Я б развіваў гарады гарызантальна, як тое характэрна для нашых продкаў, пакідаючы залёныя зоны.

Беларусы ж у добрым сэнсе чымсьці падобныя да хобітаў — уявіце, якія цікавыя забудовы можна было б стварыць, калі развіваць будаўніцтва ў падобным стылі, як тое раіў амерыканскі архітэктар-наватар Фрэнк Ллойд.


 Вёска Валодзькі.

 

Часцяком месца важнейшае за дом. Асабняк на кальцавой будзе не такім утульным, як невялікая хатка ў файным месцы. Кожны годны беларус павінен мець кавалак уласнай зямлі, значна большы за 15 сотак, і стрэльбу. Калі б так было зараз, нам нават не патрэбна была б войска. Беларус абараняў бы сваю тэрыторыю так, што туды б не прайшлі ніякія танкі.

 

Хутка надыдзе час, калі беларусы да хатняга пытання будуць падыходзіць, як да выбару мабільнага тэлефона або аўто: каб дом быў экалагічным, энергазахавальным, будаваўся хутка і за даступны кошт. Зямлянка пракатвае! (смяецца).

 


Я б хацеў, каб мы развіваліся па шведскім, фінскім ці нарвежскім сцэнарыі, але са сваім адценнем, канечне. Тая ж дранка, чарот, земляныя дахі маглі б быць нашай нацыянальнай адметнасцю, мы даўно іх выкарыстоўваем. У Беларусі пакуль шмат дрэва, але мы яго фугуем на экспарт, а самі ідзём у магазін, дзе набываем гіпсакардон, газасілікат, бітум… Са смецця будуем дамы і захламляем наваколле, губім здароўе і сваю Беларусь. Ды што казаць пра новыя дамы, калі мы і гістарычныя каштоўнасці не ў стане захаваць.

 

Я заўсёды падыходжу да пытання нейкіх змен так: пачні з сябе.

Я — беларус, нарадзіўся тут, быў сфармаваны і хачу прапаноўваць людзям наша, айчыннае. Крута, што ў нас з’яўляецца ўсё больш кампаній з падобнай філасофіяй: архітэктурныя студыі «Зробім», «3316», «Level 80»… Фарміруецца касцяк людзей з густам — і такім чынам нешта рухаецца. Мы вельмі адстаём у шмат якіх рэчах, аднак я не раздзяляю поўны песімізм: калі беларусаў не заціскаць і даць свабоду, яны вельмі хутка адновяцца, бо нашы людзі вельмі таленавітыя.



Дата стварэння навіны 08.07.2017

Возврат к списку