АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Падрабязнасці: «Выйшаў з акна 10 паверха п'яны і ў адных шкарпэтках» — падрабязнасці смерці амерыканскага вайскоўца ў Мінску

Падрабязнасці: «Выйшаў з акна 10 паверха п'яны і ў адных шкарпэтках» — падрабязнасці смерці амерыканскага вайскоўца ў Мінску
06.07.2017
У мінулым месяцы з дзясятага паверха мінскай гасцініцы «Юбілейная» зваліўся амерыканец Кайл Тафэл.

Кайл Тафэл.

 

Прыехаў на чэмпіянат разам з цёткамі

 

З 14 па 25 чэрвеня ў Мінску праходзіў чэмпіянат свету па класічным паўэрліфцінгу. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 52 краін, у тым і амерыканцы, піша НН.

 

Амерыканская зборная была раселеная па чатырох гатэлях: «Беларусь», «Хілтан», «Планета», «Юбілейная».

 

67-гадовая Дэніс Томас, ветэран-спартовец, адна з трэнераў каманды, прыехала загадзя. Яна жыла ў «Юбілейнай». Разам з ёй прыехаў пляменнік — 36-гадовы вайсковец Кайл Тафэл і яе сястра, другая цётка Кайла.

 

Кайл Тафэл членам спартовай дэлегацыі не быў. Прадстаўнікі беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу кажуць пра яго: «Быў там малады хлопец, фанат, прыехаў падтрымаць зборную».

 

Тафэл разам з дзвюма цёткамі засяліўся ў нумар на 10 паверсе. У адным пакоі жыў ён, другі займалі жанчыны.

 

  Кайл з цёткамі засяліліся ў гатэль 12 чэрвеня. Уначы таго ж дня ў «Юбілейнай» здарылася трагедыя. Кайла Тафэла знайшлі мёртвым каля гатэля.

 

Начныя прыгоды амерыканца

 

Адзін з тых, хто быў там ноччу, распавёў «Нашай Ніве» падрабязнасці.

 

«Былі сур’ёзныя разбіральніцтвы: прыехалі міліцыянты, прыехалі арганізатары чэмпіяната з Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу. Амерыканец жа!

 

Казалі, што амерыканец быў у казіно, прычым моцна нападпітку. Напіўся так, што ахоўнікі яго вывелі — прычым нават пад рукі адвялі ў нумар, ён ужо кепска хадзіў. Але праз нейкі час гэты амерыканец адчыніў акно ў сваім нумары і выйшаў на вузкі парапет звонку будынку. Ён шпацыраваў па ім на ўзроўні дзясятага паверха ў адных шкарпэтках. Ці хацеў кудысьці пералезці, ці што — невядома. Ну і вось…»

 

Гэта ж пацвердзіў і начальнік службы аховы гасцініцы «Юбілейнай» Леанід Гвоздзь: «Так, хутчэй за ўсё ён там хадзіў у шкарпэтках. Камер звонку будынка няма, але мы бачылі сляды».

 

Па словах бацькі Тафэла, Кайл у тую ноч паведаміў цёткам, што ахоўнікі «прагнуць крыві», таму Кайл спужаўся і забарыкадзіраваў дзверы знутры.

 

Гэтую версію ахова гатэля выключае.

 

«Канфлікту з ахоўнікамі не было аніякага. Так, яго адвялі ў нумар. Але ўсё было ціха і спакойна. У гэтым жа нумары ў суседнім пакоі былі сваячкі мужчыны, дык калі ён выйшаў у вакно, то яны нават не прачнуліся, — кажа Гвоздзь. — Калі мы зайшлі да іх у нумар, жанчыны здзівіліся: «А што ён, не спіць? Ён жа спаў».

 

І пасля ў яго цётак не было аніякіх прэтэзій ані да адміністрацыі гатэля, ані да аховы.

 

Ды і міліцыя разбіралася, забірала відэа з залаў гатэля, тут былі прадстаўнікі консульства, усё рабілася ў іх прысутнасці. Немагчыма было б штосьці схаваць ці прыўкрасіць».

 

Бацька ж Кайла з беларускімі ўладамі не кантактаваў. Ён паведаміў амерыканскім журналістам, што «не задаваў пытанняў і не спадзяецца на адказы, бо гэта ўсё адно не верне яго сына».

 

 


Дата стварэння навіны 06.07.2017

Возврат к списку