АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Жанчыну, якая зняла жорсткае затрыманне хлопца ў метро, асудзілі за лаянку

Жанчыну, якая зняла жорсткае затрыманне хлопца ў метро, асудзілі за лаянку
05.07.2017
Ці мусілі праваабаронцы падтрымліваць яе?

Мінчанка Людміла Сінюк у маі зняла на мабільнік відэа, як супрацоўнікі метрапалітэна разам з міліцыяй жорстка затрымліваюць юнака на станцыі «Кастрычніцкая». Нагадаем, на відэа было бачна, як шасцёра чалавек скручваюць хлопца — ідзе бойка, капае кроў.

 

Пазней, праўда, міліцыя паведаміла, што 19-гадовы хлопец быў п’яны і адмовіўся прайсці ў пакой міліцыі. А кроў належыць аднаму з міліцыянтаў — хлопец зламаў таму нос.

 

У дачыненні да юнака завялі крымінальную справу. Але ж неўзабаве справу — праўда, адміністратыўную — завялі і на Людмілу Сінюк.

 

У пачатку чэрвеня да Людмілы завіталі міліцыянты. Неўзабаве яе аштрафавалі за тое, што на відэа гучыць нецэнзурная лаянка. За мацюкі ў публічным месцы Сінюк пакаралі штрафам 230 рублёў.

 

Аднак абурэнне грамадскасці выклікала яшчэ і тое, што праваабаронцы-вясноўцы не сталі падтрымліваць Сінюк.

 

«Мне складана сказаць якімі прынцыпамі кіруецца намеснік Алеся Бяляцкага [вясновец Валянцін Стэфановіч — НН], але яны далёкія ад міжнародных стандартаў абароны правоў чалавека. Дакладней, не маюць да іх ніякага дачынення. Мы і без «Вясны» зможам падтрымаць Людмілу, але калі так пойдзе і далей, то ў хуткім часе нам давядзецца абараняць людзей ад праваабаронцаў», — выказаўся ў сваім Фэйсбуку былы кіраўнік адной з праваабарончых арганізацый Андрэй Бандарэнка.

 

Вясновец Валянцін Стэфановіч патлумачыў сваю пазіцыю.

«Мы не лічым, што мы ўвогуле павінны займацца гэтай справай, — распавёў «Нашай Ніве» Стэфановіч. — Маё асабістае меркаванне — пры затрыманні хлопца дзеянні міліцыянтаў былі законнымі. Я не кажу «прафесійнымі» — іх прафесіяналізм хай ацэньвае Шуневіч. Ёсць відэа, на якіх бачна, што хлопец быў у не надта адэкватным стане, затым супраціўляўся затрыманню. У такіх выпадках міліцыя мае права прымяніць сілу, піша НН.

Што тычыцца Людмілы Сінюк, то на відэа добра чуваць, як яна лаецца матам. Суд, можа, і мусіў улічыць эмацыйны стан жанчыны на той момант, калі яна здымала, і, можа, варта было яе папярэдзіць, а не караць штрафам. Але ж мы не займаемся ўсімі справамі аб дробным хуліганстве, якое заключаецца ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы».



Дата стварэння навіны 05.07.2017

Возврат к списку