АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Як збор «прызавога» вядра бульбы скончыўся трагедыяй?

 Як збор «прызавога» вядра бульбы скончыўся трагедыяй?
04.07.2017
У мінулым верасні на полі пад Маладзечна загінула 13-гадовая школьніца Віка Папчэня — дзяўчына трапіла пад грузавік. 22-гадовы кіроўца быў прысуджаны да 3 гадоў «хіміі».

 Але на гэтым справа не скончылася.

 

Настаўніцу 11-й маладзечанскай школы Ірыну Апанасевіч абвінавацілі ў нядбайнасці, якая прывяла да смерці вучаніцы. Ірына Апанасевіч распавяла, што пасля працы на полі гаспадаркі «Усход-Агра» школьнікам дазволілі сабраць па вядру бульбы для сябе. Гэтую «прызавую» бульбу і збірала Віка Папчэня, калі на яе наехаў самазвал, піша Радыё Свабода.

 

Але адкуль ён узяўся? Чаму раней небяспеку не заўважылі не толькі дзеці, але і дарослыя? Чаму не чакалі горшага ў школе і РАНА? Якія былі акалічнасці здарэння, як фармавалася група школьнікаў і як клапаціліся пра бяспеку ў гаспадарцы, цяпер высвятляе суд.

 

Гэта была акцыя «Памажы сабраць ураджай»

Апанасевіч сказала, што ў наглядзе за дзецьмі кіравалася сваім досведам, які атрымала, калі раней выязджала збіраць бульбу:

 

«Я сачыла, каб дзеці не лазілі пад аўто, глядзела, каб зашмат бульбы не набіралі ў вёдры, бо тады цяжка будзе падносіць да машыны», — казала настаўніца фізікі.

 

Пра тую паездку ў гаспадарку падсудная ведае, што яна была ў межах акцыі «Памажы сабраць ураджай». На полі былі дзеці і з іншых школ гораду. Іхніх школьнікаў, з 11 сярэдняй школы, было 19 чалавек: «Нам выдзелілі дзве баразны, з іх і збіралі».

 

Пра момант перад самай трагедыяй Ірына Апанасевіч згадала:

 

«Як скончылі збіраць і грузіць бульбу, усе пайшлі групай з поля, а дзеці ішлі і збіралі бульбу ў вёдры сабе. Групы ад школ былі прыкладна па 20 чалавек, плюс па 2 настаўніцы, дзяцей вакол было шмат. Наша група расцягнулася прыкладна на 10 метраў, Вольга Завадская была непадалёк. Мы ішлі, назіралі, як ідуць дзеці, збіраюць бульбу. Усе дзеці былі ў мяне на вачах».

  

 «Гэтыя дзеці ніводнага разу раней не ездзілі на бульбу»

Другая абвінавачаная, настаўніца французскай мовы Вольга Завадская, пра момант трагедыі згадала:

 

«Гэтыя дзеці ніводнага разу раней не ездзілі на бульбу. Працавалі яны не хутка, але добра, ім было цікава. Хлопчыкі дапамагалі дзяўчаткам адносіць вёдры з бульбай да самазвалу. У канцы я вырашыла быць з тымі, хто збіраў сабе бульбу, і мы павольна пайшлі з поля — як у нейкі момант пачула крык, што машына збіла Віку».

 

Паводле падсуднай Завадскай, Віка Папчэня з поля ішла разам з іншымі дзецьмі — «ішлі ланцужком».

 

Аляхновіч пра Віку Папчэню згадала яшчэ гэтак:

 

«Яна рухалася на адлегласці 5–6 метраў ад нас, крыху паперадзе. Нішто не паказвала на небяспеку, як раптам іншая дзяўчынка закрычала, што на Віку наехаў аўтамабіль. Сама я моманту наезду не бачыла і не магу патлумачыць, чаму не бачыла. Не памятаю, куды я ў той мамант глядзела. Калі падбеглі да Вікі, каля яе ўжо быў настаўнік фізкультуры. Але было бачна, што Віку нельга чапаць, у такім яна была стане. Пазваніла па тэлефоне, паведаміла, што здарылася, выклікалі хуткую. Як прыехалі лекары, адразу забралі Віку».

 

 Вельмі шумнае месца — між дарог

Апанасевіч сказала суду, што не чула сігналу самазвала і ўвогуле не чула, як гудзеў яго рухавік. Чаму?

 

«Там было вельмі шумна. Гудзелі аўтамабілі, магчыма, яшчэ і цягнік ехаў побач», — сказала Апанасевіч.

 Завадская таксама сказала пра вялікі тлум на полі. «Там стаяў гул, з аднаго боку чыгунка, з другога — шаша».

  

Інструктаж па бяспецы мусіў правесці завуч

Якія праводзілі інструктажы з настаўнікамі і вучнямі? Апанасевіч сказала, што «на полі адмысловага інструктажу ніхто не праводзіў, а ў школе інструктаж мусіў праводзіць завуч Дзяніс Курэц, які камплектаваў групы». Пры гэтым настаўніца сказала, што размовы з дзецьмі на полі пра працу і бяспеку былі:

 

«Мы казалі дзецям, што бульбу трэба збіраць чыста, не бегаць, быць асцярожным каля машыны».

 Чаму ж здарылася трагедыя?

«Бо не дагледзела, не прадбачыла, не сабрала вакол сябе ўсіх дзяцей. Я не ведала, што гэтак трэба. Усё дзяцінства ездзіла на бульбу, але там ніхто ніколі дзяцей вакол сябе не збіраў, як ішлі з поля», — сказала Апанасевіч пра сваю віну.

 

Другая абвінавачаная, Завадская, пацвердзіла, што ў школе ніхто інструктаж з ёй не праводзіў, нейкіх дакументаў на подпіс ёй не давалі:

 

«Як трэба было шыхтаваць групу на полі, як арганізоўваць выхад групы пасля працы, мне ў школе не тлумачылі, і я, адпаведна, дзецям гэтага не тлумачыла. Але на полі мне не трэба было асабліва рабіць заўваг дзецям. Яны паводзілі сябе вельмі дысцыплінавана, працавалі зладжана».

 

Завадская згадала пра тое, як трапіла ў групу для збірання бульбы, хоць там не было дзяцей з яе класу:

 «Пісьмовага загаду мне не было, завуч Курэц на словах паведаміў, што паеду і што трэба сабраць 10 чалавек ад нашага класу. Потым гэта змянілі, мае дзеці не паехалі, але мяне пакінулі ехаць з гэтымі навучэнцамі. З інструктажу ад завуча толькі было, каб я глядзела за парадкам, каб дзеці бульбай не кідаліся. Гэта ўсё».

 

Паводле Завадскай, калі яны выйшлі з аўтобуса рабіць на полі, усіх дзяцей пералічылі. То бок кантроль за дзецьмі спачатку быў наладжаны.

 

Завадская дадала, што «праца па збіранні бульбы наўрад ці з’яўляецца часткай адукацыйнага і выхаваўчага працэсу».

 

 Адкуль узяўся самазвал?

Частка пытанняў суду тычылася аўтамабіля, які наехаў на Вікторыю Папчэню.

 Падсудная Завадская: «Гэты самазвал, які наехаў на Віку, быў не той, у які мы збіралі бульбу. Мы скончылі працу, наша машына з’ехала, і мы пайшлі з поля, а дзеці па дарозе збіралі бульбу сабе ў вёдры. А гэтая машына, як мы ішлі, стаяла на полі, і мы не думалі, што яна паедзе. Рухавік не працаваў. Мы прайшлі міма, а як яна паехала, я і не ўбачыла. Толькі крык пачула, што задавілі Віку».

 

«Аўтамабіль быў з высокімі бартамі, і таму мы не маглі бачыць, ён загружаны да канца ці не. І, адпаведна, прадбачыць, што ён паедзе, — апраўдвалася і Апанасевіч. — Калі б я гэта ведала, то сабрала б дзяцей вакол сябе і прасачыла б дадаткова».

 

Паводле настаўніцы, самазвал рухаўся з поля даволі хутка. Спыніўся ён толькі каля дарогі, на ўскрайку поля, калі дзеці пачалі крычаць кіроўцу, што ён наехаў на чалавека.

 

Паводле падсуднай Завадскай, ніхто з працаўнікоў гаспадаркі «Усход-Агра» на полі не папярэджваў, што па полі ў любы момант будуць ездзіць аўтамабілі.

 

«Калі б я ведала, што ён будзе рухацца, я б падбегла бліжэй і папярэдзіла навучэнцаў», — сказала Завадская.

 

Віка Папчэня не мела права працаваць у 13 год. Чаму ўзялі на бульбу?

 Адвакатка пыталася пра інструкцыю аб правілах бяспекі, якая існуе ў школе. З гэтай інструкцыяй павінны знаёміць настаўнікаў перад сельскагаспадарчымі працамі. «Мяне з ёй не знаёмілі», — адказала падсудная.

 

З яе аповеду вынікае, што ў спіс групы для працы на бульбе ад 11 школы напярэдадні ўнеслі змены — дзесяцікласнікаў замянілі на васьмікласнікаў. Гэтак вырашыў завуч Дзяніс Курэц. Ці ведала падсудная, што раней за 14 год дзецям нельга працаваць?

 

«Я ведала, што ў такім узросце дзяцей нельга прыцягваць да сельгаспрацаў, але дакладнага ўзросту гэтых дзяцей я не ведала, бо не была іх класным кіраўніком», — заявіла суду Ірына Апанасевіч. Яна мяркуе, што пры пэўных умовах усё б абышлося. Пры якіх? «Калі б дзецям не дазволілі пасля працы сабраць сабе па вядру бульбы, мы б з поля сышлі адной групай».

 

А вось Завадская пра тое, што некаторых вучняў 8-га класу нельга было прыцягваць да працаў, па яе словах, не ведала. «Спіс быў сфармаваны без мяне, мне загадалі ехаць», — сказала Завадская.

 

Завадская дадала пра сваю віну: «Мусіла сабраць вучняў у адну групу і ісці з поля арганізавана». Быццам адказваючы зададзены ўрок, настаўніца пераказала, якім чынам трэба перасоўвацца з групай дзяцей па горадзе — што настаўнікі павінны быць у галаве і ў хвасце калоны. Але чаму гэтак не зрабілі ў той дзень, 29 верасня? Настаўніца пагадзілася, што вінаватая.

 

Чаму Віка Папчэня магла не пачуць дзяцей, якія крычалі пра небяспеку?

 Паводле Юліі Папчэні, ім, бацькам Вікі, напярэдадні са школы ніхто не званіў і не прасіў дазволу, каб іх дачка паехала рабіць на бульбе. Пра тое, што 29 верасня яна паедзе на бульбу, як пра вырашаны факт паведаміла дачка 28 верасня. «Але я не была супроць», — сказала суду маці загінулай дзяўчынкі.

 

Юлія Папчэня сказала, што праблем са здароўем у яе дачкі на той момант не было, хоць увогуле ў яе змалку дыягнаставалі «тугавухасць» 2-й ступені. Але на момант трагедыі, па словах маці школьніцы, гэта не перашкаджала дачцэ паўнавартасна жыць. «Па горадзе хадзіла сама, ездзіла паўсюль на ровары, нават ездзіла да бабулі».

 «Мне паведамілі дзеці. Сказалі, што на дачку наехаў грузавік, што яны ёй крычалі, папярэджвалі, але яна не пачула», — сказала маці.

 

Бацька, Алег Папчэня, таксама сказаў, што перад трагедыяй дачка адчувала сябе добра.

  

Чаму такая «кароткая» лава падсудных?

​Пасля перапынку Юлія і Алег Папчэні сказалі журналістам, што здзіўленыя тым, як пракуратура паставілася да гэтай справы.

 «Чаму няма на лаве падсудных завуча, які фармаваў групу і ўключыў у яе дзяцей, якіх па законе не мелі права выкарыстоўваць на сельгаспрацах? Няма іншых кіраўнікоў, а ўсю віну ўсклалі на гэтых настаўніц? Ці не таму, што тады яны паляцелі б са сваіх месцаў? Мы дамагаліся, каб пракуратура павялічыла спіс абвінавачаных, але да нас не прыслухаліся».

 

Юлія і Алег Папчэні сказалі, што па выніках працэсу будуць прымаць рашэнне аб падачы грамадзянскіх пазоваў да тых, хто, на іх думку, нясе адказнасць за смерць іх дачкі Вікі.

 

У другой палове паседжання 4 ліпеня пачнуцца допыты сведак. Іх у справе больш за 10 чалавек.

 

Справу аб прычынах смерці школьніцы на бульбе разглядае суддзя Павал Жэчка.

 



Дата стварэння навіны 04.07.2017

Возврат к списку