АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

10 пунктаў хлусні пра Беларусь у расійскай прапагандзе

10 пунктаў хлусні пра Беларусь у расійскай прапагандзе
03.07.2017
На прыкладзе матэрыялу папулярнага расійскага рэсурсу Lenta.ru можна адсачыць адкрытую хлусьню альбо паўпраўду расейскай прапаганды адносна гісторыі і сучаснасці Беларусі.

 1. «Ці паўторыць Беларусь шлях Украіны, забараняючы расійскую мову».

 

У Беларусі расійская мова дэ-юрэ дзяржаўная, яе немагчыма «забараняць».

 

Што такое «шлях Украіны» не расшыфроўваецца, чытач апрыёры мусіць успрыняць гэтае словазлучэньне як штосьці кепскае.

 

2. «Беларуская мова прапагандавалася ў савецкія часы досыць актыўна».

 

Акурат у савецкія часы беларуская мова гвалтоўна выцясьнялася з адукацыі і справаводзтва. Без расійскай мовы чалавек за рэдкім выключэньнем ня мог зрабіць хоць якую прафэсійную кар’еру, а без беларускай — мог. і

 

3. «Бальшавіцкае кіраўніцтва ставіла сваёй задачай стварыць з беларусаў новую, асобную ад расійцаў нацыю».

 

Бальшавіцкаму кіраўніцтву не заставалася нічога іншага, як укараняць беларускую мову ў адукацыі і справаводзтве, бо расейскую папросту не разумела абсалютная большасьць жыхароў БССР. Плюс бальшавікі шукалі ляяльнасьць мясцовага насельніцтва і не жадалі выглядаць падобнымі да імпэрцаў-прыгнятальнікаў.

 

Але ў 1930-я бальшавікі адчулі што ім больш не патрэбная ляяльнасьць мясцовага насельніцтва на ўскрайках былой Расійскай імпэрыі, вынішчылі нацыянальную інтэлігенцыю і пачалі русыфікацыю.

 

4. Пасля рэфэрэндуму 1995 году «насаждаемая ў савецкія і постсавецкія гады „беларуская мова“ хутка страціла свае і без таго ня надта моцныя пазіцыі».

 

«Насаджэнне» ў савецкія часы апісанае вышэй у пункце 3.

 

Пад «насаджэннем у постсавецкія» гады, магчыма, маецца на ўвазе спроба вярнуць беларускай мове права на існаванне ў адукацыі і справаводзтве.

 

5. «Менавіта пры савецкай уладзе ў Беларусі зявілася нацыянальная літаратура — проза, паэзія, драматургія».

 

Тэзіс можа прыняць толькі чалавек, які не вучыўся ў беларускай школе і ня ведае імёны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа ды мноства іншых творцаў.

 

6. «У паўсядзённым ужыванні па-ранейшаму была альбо расейская мова, альбо вясковыя дыялекты («трасянка»).

 

Расійская мова засталася ў Беларусі ад часоў Расійскай імпэрыі ў гарадах. Але ў гарадах жыла адносная нязначная колькасьць этнічных беларусаў, і да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя апроч расейскай у гарадах гучаў ідыш, а ў асобных рэгіёнах польская мова. Беларуская вёска гаварыла па-беларуску.

 

Што да «вясковых дыялектаў», расейская прапаганда ня лічыць іх за беларускую мову. Плюс наўмысна раўняе трасянку да дыялектаў. Хоць гэта зьявы рознага парадку: дыялект мовы і сумесь дзьвюх моваў.

 

7. «Белорусская мова» — у двукоссі.

 

Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе літаратурная беларуская мова, якая супрацьпастаўляецца «вясковым дыялектам». Кожная літаратурная мова была створаная групай творцаў і навукоўцаў, у тым ліку расейская літаратурная мова. Магчыма таму прапагандысты не расшыфроўваюць двукоссі адносна беларускай.

 

8. «У Беларусі паступова знікла расійскамоўная тапаніміка: усе назвы вуліц, станцый мэтро і падобных аб’ектаў цяпер пішуцца па-беларуску».

 

Указальнікі на дарогах і большасьць шыльдаў з назвамі вуліц пішуцца па-беларуску не «цяпер» (у арыгінале «отныне» — КВ), а два зь лішкам дзясяткі гадоў.

 

9. «Апроч таго, у рэспубліцы ладзяцца новыя акцыі па папулярызацыі беларускай мовы».

 

Відаць, тэзіс падаецца як штосьці дрэннае з улікам прыведзеных вышэй ідэй пра неўласьцівасць беларусам беларускай мовы, дзе «вясковыя дыялекты» не належаць да беларускай мовы.

 

10. Камэнтуючы выпадкі судовых рашэньняў у абарону беларускай мовы, «Лента.ру» робіць наступную выснову пра чыноўнікаў: «Дзейнічаюць паводле звыклага для іх ад савецкіх часоў прынцыпу „як бы чаго ня выйшла“».

 

Пры гэтым чытачу не тлумачацца асаблівасьці беларускага закону пра мовы, у тым ліку абавязак службовай асобы адказваць на пісьмовы зварот на мове заяўляльніка, калі мова — адна з дзьвюх дзяржаўных.

 

радыё Свабода


Дата стварэння навіны 03.07.2017

Возврат к списку