АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Гісторыя аднаго хабара

Гісторыя аднаго хабара
02.07.2017
Аднойчы ён прывёз мяшок мукі на кватэру сакратара райкома партыі. Не паспеў ад’ехаць, як з’явілася служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Здавалася, што жыхары горада ўжо ўдосталь нагаварыліся пра арыштаванага за хабар галаву раённай улады і пра тое, што ён развітаўся з жыццём. Ды не, яшчэ не нагаварыліся, піша kurjer.info

Стаіць пенсіянер Іван Кузьміч у чарзе ў гарадской паліклініцы, каб здаць кроў на аналіз, і слухае. Яму вельмі не хочацца, каб гэтыя размовы сталі праўдаю, бо тады цень паганы ўпадзе на яго сумленне як ветэрана горада. Не разглядзелі…

 

Вось так стаіць Іван Кузьміч у чарзе, падпірае балючай спіной сцяну і слухае, як двое пенсіянераў гучна размаўляюць. «Ці чуў што новае, жывы ці не?», — пытаецца высокі худы мужчына ў тоўстага лысага.

 

Не паспеў тоўсты адказаць, як з чаргі раздаўся жаночы голас: «Чорт яго не возьме, не першы ён і не апошні». Іван Кузьміч разумее, пра каго размова.

 

«Падставілі чалавека, — гаворыць тоўсты. — Аднойчы і мне ўсучылі хабар. Даўно гэта было, на цаліне. Пра­цаваў у канторы га­лоў­ным механікам. У падначаленні не меней сотні механізатараў: трэць з іх пасля турмы ды высланыя з Каўказа чачэнцы. Усе працуюць, бо ўсе есці хочуць. А з прадуктамі што год, то горш. Дайшло да таго, што макароны ў магазіне сталі дэфіцытам. Звычайны хлеб разбіраўся імгненнем. Зерне пша­ні­цы ляжыць у сціртах пад адкрытым небам, а мукі ў магазінах няма.

 

У такі час кантора атрымала новую вадавозку на шасі ГАЗ-51. Сабраў вадзіцеляў і аб’я­віў: „Вадавозку атрымае той вадзіцель, які першы ў чарзе на новы аўтамабіль“. Адказаліся ўсе, бо адразу гублялі ў заробках палову.

 

Тут выходзіць Пастанова Саўміна СССР аб уборцы цаліннага ўраджаю. З гэтай пастановай у руках звяртаюся ў абласны ваенкамат, каб далі дазвол з вадавозкі зняць цыстэрну і паставіць звычайны кузаў. Такую згоду атрымаўшы, збіраю зноў вадзіцеляў і прапаную жадаючаму перайсці вадзіцелем на вадавозку. Жадаючых зноў не знайшлося.

 

Не ведаю чаму, але тут выходзіць прыказ: чачэнцу падрыхтаваць свой аўтамабіль для ад­праў­кі на капітальны рамонт, пасля прыняць вадавозку. У чачэнца сапраўды быў вельмі зношаны аўтамабіль, але ён ніколі не скардзіўся, ніколі не выступаў з патрабаваннямі. Пакуль чачэнец здаваў на рамонтны завод аўтамабіль, сталярны цэх зрабіў на вадавозку новы кузаў. Так ціхі малады чачэнец стаў вадзіцелям на новым аўто.

 

Прайшло месяцы з два. Вяртаюся дадому з камандзіроўкі, а жонка кажа, што нейкі „не рускі“ прынёс мне ў скрынцы запчастку. Разгортваю тую скрынку, а там грошы — не меней трох маіх месячных заробкаў. Дачакаўся я, калі чачэнец прыехаў на базу, пытаюся: „Ты?“ Адказвае: „Не, мой старэйшы брат!“ Сказаў і пайшоў. Так я атрымаў першы хабар. Дзякуй Богу, што ён быў апошнім.

 

Доўга думаў, ці варта было мне браць гэты хабар, чаму яго прынёс старэйшы брат і ў той дзень, калі мяне не было дома.

 

Толькі восенню я даве­даўся, што гэты ціхі чачэнец быў маленькім вінцікам у складаным савецкім жыцці таго часу.

 

У калгасе імя Кірава нядрэнна па савецкім меркам жылі высланыя з Паволжа немцы, бо там працавала невялічкая мельніца. Ціхі чачэнец прывозіў на тую мельніцу пшаніцу, праз дзень забіраў муку ў мяхах і развозіў людзям па 30 рублёў за мяшок. На базары мяшок пшаніцы каштаваў 3 рублі.

 

Аднойчы ён прывёз мяшок мукі на кватэру сакратара райкома партыі. Не паспеў ад’ехаць, як з’явілася служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Мяшок забралі, а сакратар у той жа дзень перастаў быць сакратаром. Людзі шапталіся, што партыец нешта даведаўся пра мучных спекулянтаў.

 

Праз некаторы час мя­не перавялі ў но­вы цалінны саўгас галоў­ным інжынерам. Вось там і ба­чыўся апошні раз з ціхім чачэнцам. Ён па-ранейшаму пра­ца­ваў на будаўніцтве элеватараў, па-ранейшаму ездзіў на былой вадавозцы, па-ранейшаму вазіў прадаваць муку, калі яе не было ў магазінах».

 

…У гэты момант над дзвярыма лабараторыі загарэўся ліхтар. Чарга заварушылася, пачаўся прыём пацыентаў.


Дата стварэння навіны 02.07.2017

Возврат к списку