АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Будславе завяршыліся ўрачыстасці Маці Божай

У Будславе завяршыліся ўрачыстасці Маці Божай
02.07.2017
На фэст у Нацыянальны санктуарый сёлета прыбыла некалькі дзесяткаў тысяч вернікаў, з якіх больш за 2300 — пешшу.

Цэнтральную святую Імшу на завяршэнне ўрачыстасцей узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі прынялі ўдзел усе ардынарыі Касцёла ў Беларусі, Апостальскі Нунцый у Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі, піша catholic.by.

 

  Святкаванні ў Будславе сёлета былі спалучаны са святкаваннем 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і праходзілі пад дэвізам «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».

Вітаючы сабраных на ўрачыстасці, Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што «фацімскае пасланне перш за ўсё датычыць барацьбы атэістычнай сістэмы супраць Касцёла».

 

  «Чаму для свайго паслання Марыя выбрала простых дзяцей ва ўзросце 7, 9 і 10 гадоў? Гэта Божая таямніца! Але, верагодна, таму, што дарослыя часта ігнаруюць Божы закон, а дзеці яго захоўваюць. І сапраўды, фацімскія дзеці вельмі рупліва выконвалі загад Божай Маці, асабліва маліліся Ружанец за грэшнікаў», — адзначыў арцыпастыр падчас гаміліі.

 

«Фацімскае пасланне адносіцца перш за ўсё да барацьбы атэістычнай сістэмы супраць Касцёла. Яно прадстаўляе жудасны пераслед веры і пакуты яе сведкаў у мінулым стагоддзі, якое стала іх крыжовым шляхам», — дадаў іерарх, нагадаўшы, што 80 гадоў таму ў 1937 г. распачаўся вялікі тэрор, у выніку якога былі замучаны тысячы нявінных людзей, у тым ліку і ў Беларусі.

 


Арцыбіскуп Тадэвуш ад імя ўсяго Касцёла ў Беларусі падзякаваў Маці Божай за яе апеку на працягу «цёмнай ночы ганенняў за веру», але ў той жа час указаў, што і сёння, праз 100 гадоў, сітуацыя паўтараецца, пра што сведчаць войны ў свеце і пераслед хрысціянаў у наш час:

 

 

 «Штодзённае жыццё сведчыць пра тое, што сітуацыя стогадовай даўнасці паўтараецца. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: “Ці ж сапраўды здзяйсняюцца словы Марыі, што пасля прысвячэння Расіі Беззаганнаму Сэрцу настане перыяд міру?”» Пры гэтым Мітрапаліт дадаў: «Перыяд міру, а не сталы мір!»


 «Ці часам гэты перыяд не мінуў, бо ўжо ідзе Трэцяя сусветная вайна ў фрагментарнай форме? Гэта рэальная вайна ў вобразе ваенных дзеянняў і тэрарыстычных актаў. Гэта вайна, якая выступае супраць Богам устаноўленага інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, што вядзе да дабравольнага генацыду народаў і дэмаграфічнага крызісу. Гэта таксама і духоўная вайна, калі сучасная культура ўсё больш становіцца бездухоўнай», — адзначыў іерарх, нагадаўшы, што «Марыя, як 100 гадоў таму, чытае знакі часу і заклікае да неадкладнага адказу на іх, бо заўтра можа быць позна».

 

«Благаславі нас і нашу Радзіму!» — такімі словамі-малітвай заключыў сваю гамілію Мітрапаліт Кандрусевіч.

 

 Пасля святой Імшы і Эўхарыстычнай працэсіі быў зачытаны Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме.

 

Падчас адмысловай малітвы Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў Маці Божую дапамагаць беларускім католікам «заставацца вернымі заўсёды актуальным Фацімскім заклікам да малітвы і навяртання, і належным чынам выкарыстоўваць новыя магчымасці для духоўнага адраджэння, якія нам дае дар свабоды веравызнання».

 

З прамовай да прысутных звярнуўся таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які ўпершыню за час свайго служэння ў Беларусі наведаў Нацыянальны санктуарый.

  

 «Мне хочацца зноў і зноў паўтраць разам з вамі: На Беларусі Бог ЖЫВЕ...! На Беларусі Бог ЖЫВЕ...! На Беларусі Бог ЖЫВЕ...!» — так нунцый падсумаваў свае ўражанні за два дні, праведзеныя ва ўрачыстым Будславе.

 

«Папа Францішак, збіраючыся наведаць Фаціму, каб даручыць апецы Марыі лёс чалавецтва..., казаў: “Я прашу ўсіх далучыцца да мяне як пілігрымаў надзеі і супакою: вашыя рукі, узнесеныя на малітве, няхай працягваюць падтрымліваць мае рукі”.

 

  З вялікай радасцю перадам Пантыфіку, што на Будслаўскіх урачыстасцях Касцёл у Беларусі, нашая літургічная супольнасць, кожны з нас пачуў яго просьбу. Прашу і далей падтрымліваць рукі Святога Айца, памятаючы пра яго ў вашых штодзённых малітвах», — дадаў прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі.

 

Звяртаючыся да моладзі, Апостальскі Нунцый заклікаў яе ўзрастаць у адданасці Божай Маці. Усім пілігрымам іерарх пажадаў, каб іх вернасць Маці Божай Будслаўскай «сталася крыніцай дабра, якога прагнуць сэрцы, крыніцай веры, надзеі і любові ў паўсядзённым жыцці».

 

Напрыканцы Імшы прайшла ўрачыстая працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай.


Дата стварэння навіны 02.07.2017

Возврат к списку