АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Канакрад з Расіі патануў у балоце, уцякаючы ад беларускай міліцыі

Канакрад з Расіі патануў у балоце, уцякаючы ад беларускай міліцыі
29.06.2017
Ён зайшоў у багністую мясцовасць, дзе патануў у дрыгве. Выбрацца адтуль жывым практычна нікому не ўдавалася, і нават знайсці труп не ўяўляецца магчымым.

 Спроба прабрацца на тэрыторыю Беларусі і скрасці коней са стайні ААТ «Завідаўскае» ў Гомельскай вобласці вельмі сумна скончылася для двух жыхароў Злынкоўскага раёна расійскай Браншчыны. Адзін з іх, хутчэй за ўсё, патануў у беларускім балоце, а другі —затрыманы міліцыяй, перадае by24.org са спасылкай на «Праўда-Гомель».

 

Красці жывёл расіяне вырашылі пад покрывам ночы. Яны сарвалі замок на дзвярах стайні, размешчанай на тэрыторыі малочна-таварнай фермы прадпрыемства, злавілі аднаго каня, спуталі і прывязалі да слупа. Гэтага ім падалося мала, і яны вырашылі выкрасці яшчэ і жарабя. У гэты момант пільны вартаўнік ААТ «Завідаўскае» Аляксандр Хасанбекаў увайшоў у хлеў і парушыў усе планы зламыснікаў.

 

Расійскія госці кінуліся наўцёкі. Вартаўнік не разгубіўся і кінуўся ў пагоню, адначасова паведаміўшы па тэлефоне пра здарэнне ў міліцыю, памежнікам і кіраўніцтву гаспадаркі. Дапамога прыбыла неадкладна.

 

У выніку сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў аднаго са злачынцаў удалося затрымаць. Ім аказаўся 27-гадовы беспрацоўны жыхар пасёлка Вышкаў Злынкоўскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Затрыманы даў прызнальныя паказанні, і ў яго адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле 205 КК Беларусі — «Крадзеж».

 

Імя другога змоўшчыка выяўленае, і ён цяпер знаходзіцца ў вышуку, аб чым беларускія праваахоўнікі апавясцілі сваіх расійскіх калег. Праўда, шанцаў знайсці канакрада вельмі мала: на думку мясцовых жыхароў, уцякаючы ад пагоні, ён зайшоў у багністую мясцовасць, дзе патануў у дрыгве. Выбрацца адтуль жывым практычна нікому не ўдавалася, і нават знайсці труп не ўяўляецца магчымым.

 

«Захаваць казённых скакуноў і затрымаць зламысніка дапамаглі прафесійныя дзеянні 32-гадовага вартаўніка фермы, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў. — У ходзе міліцэйскіх рэйдаў па аб'ектах АПК дадзены работнік неаднаразова праходзіў спецыяльны інструктаж на выпадак спробы крадзяжу даручанай яму пад ахову маёмасці».

 

Кошт каня, якога расійскія канакрады так і не змаглі выкрасці з беларускага аграпрадпрыемства, эксперты ацанілі ў 996 рублёў. А цана жарабяці, якога таксама ўдалося зберагчы — 1080 рублёў. Хутчэй за ўсё, вартаўнік Аляксандр Хасанбекаў па завяршэнні расследавання будзе прэміраваны.

 

   


Дата стварэння навіны 29.06.2017

Возврат к списку