АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Шэдэўр беларускай архітэктуры на мяжы знікнення

Шэдэўр беларускай архітэктуры на мяжы знікнення
29.06.2017
Для беларусаў касцёл каштоўны яшчэ і тым, што ён — першы рэалізаваны праект самага знанага беларускага архітэктара першай паловы ХХ стагоддзя Лявона Вітан-Дубейкаўскага.

У дзень апосталаў Пятра і Паўла 120 гадоў таму, 29 чэрвеня 1897 года, у Смаленску вікарыем Магілёўскім Францыскам Альбінам Сымонам быў урачыста асвечаны новы велічны, самы прыгожы ў горадзе, каталіцкі храм — Беззаганнага зачацця Маці Божай піша Новы час.

Цяжкая вера

Лёс аўтахтонаў-іншаверцаў пад маскоўскім панаваннем (з 1654 года) быў няпросты. Калі да таго часу ў Смаленску дзейнічалі тры катэдры — праваслаўная, каталіцкая і ўніяцкая, — то пасля праца дзвюх апошніх была спыненая. Рэлігійнае жыццё неправаслаўных то абмяжоўвалася, то амаль цалкам забаранялася. Магчымыя былі толькі хатнія маленні, забаронена запрашэнне святароў ці выезд па рэлігійных патрэбах за мяжу. Пад страхам крымінальнай кары — «спакушэнне» на свой бок праваслаўных. І гэта насуперак таму, што адукацыйны ўзровень смалян рэальна падвышаўся (амаль да ўзроўню астатніх земляў ВКЛ) толькі ў час дзейнасці тут ордэнаў: езуітаў (4-класны калегіум на 30 студэнтаў у першай палове XVII стагоддзя), дамініканцаў, францысканцаў, базыльян.

 

Выключэнне зрабілі з ініцыятывы смаленскай шляхцянкі Агаф’і Грушэцкай, жонкі маладога цара Фёдара Аляксеевіча ў 1680 годзе — адбудавалі драўляны касцёл, а пры ім адчынілі вучэльню. Пэўная палёгка настала пасля выхаду Указу 1735 года пра дазвол набажэнстваў усім хрысціянскім канфесіям Расіі (але каб «в оные не привлекались русские подданные, какой бы веры они не были, под опасением суда и наказаний»).

 

Папярэднік касцёла — драўляны храм 1680 года — згарэў і быў адноўлены ў 1813 годзе. На мяжы 1812–1813 гадоў каля яго ўзніклі вялікія брацкія могілкі французскіх жаўнераў. У 1839 годзе выбудавалі невялікую неакласічную каменную царкву Прачыстай Дзевы Марыі.

Фота папярэдняга храма 1839 г., знесенага перад будаўніцтвам нашага — неакласічнай каменнай царквы (Нараджэння) Прачыстай Дзевы Марыі.

 

Пад канец ХІХ стагоддзя колькасць каталікоў у Смаленску вагалася ўжо каля 5000, і памеры царквы не задавальнялі патрэбаў рэлігійнага жыцця: было вырашана ўзводзіць новы храм. Сярод прыхаджан варта прыгадаць шляхту і святароў, што бралі ўдзел у паўстанні 1863 года, і пасля сібірскай ссылкі ў сярэдзіне 1870-х вярталіся бліжэй да радзімы з дазволам жыць у Смаленску. Грошы на будоўлю збіралі вернікі, багатая беларуская шляхта (Гедройцы, Сіняўскія, Камароўскія), святары Магілёўскай рыма-каталіцкай архіепархіі, купец з Італіі Дамінік Нульчыні. Кіраваў працэсам галава Будаўнічага камітэту пробашч Стэфан Дзенісевіч.

 

 І хаця сабраных сродкаў не хапіла на запланаваныя скульптуры на фасадзе, неагатычны праект атрымалася ўвасобіць амаль у поўнай дасканаласці. Аўтарам праекту выступіў губернскі архітэктар Міхаіл Мейшар, а непасрэдна работамі з самага пачатку 1894 года кіраваў «інжынер» Лявон Вітан-Дубейкаўскі, які выйграў адпаведны конкурс на падрад. Роля апошняга толькі ўзрасла пасля смерці Мейшара ў пачатку 1895 года.

 


Архітэктар, асветнік, палітык

Лявон Вітан-Дубейкаўскі, інжынер-архітэктар, таленавіты тэарэтык беларускага дойлідства і актыўны ўдзельнік адраджэнскага беларускага руху, прыйшоў у гэты свет у старадаўняй, але збяднелай шляхецкай сям’і ў Дубейкаве Мсціслаўскага павету. Да беларускага эпасу і меласу яго з маленства прызвычаіла маці, Агапа з Дзеружынскіх, выдатная спявачка і спагадлівая да людзей жанчына.

 

Бацька, чалавек старых традыцый і строгі выхавацель, адправіў сына па адукацыю ў Мсціслаўскае гарадское вучылішча, а працягам для яго бачыў кар’еру пісара. Але ў Лявона, які пры магчымасці ўжо з юнацтва дапамагаў будаўнікам і цеслярам на рэстаўрацыях старых навакольных храмаў, склаліся іншыя планы. У выніку ў 17 гадоў ён паступіў у Варшаўскую будаўнічую школу, якую скончыў праз два гады з прафесійным дыпломам. І сам пачаў кіраваць адбудовамі касцёлаў на Магілёўшчыне, падчас чаго пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, ад якога атрымаў для азнаямлення «Дудку беларускую» Францішка Багушэвіча.

 

 

Заказ на кіраўніцтва будаўнікамі Смаленскага касцёла Вітан-Дубейкаўскі атрымаў ужо прафесійным дойлідам і свядомым беларусам. Але не толькі. Сёння мы б назвалі Лявона яшчэ і добрым менеджарам. Працуючы і жывучы ў Смаленску, у 1897 годзе ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко», а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў. Паралельна з касцёлам Дубейкаўскі ўзводзіў на Смаленшчыне прыватныя дамы, дзве праваслаўныя царквы.

 

Праз нейкі час Вітан-Дубейкаўскі выехаў на вучобу ў Пецярбург, дзе за год экстэрнам здаў іспыты на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў. А ў 1905–1906 гадах ён накіраваўся ў Парыж, у архітэктурную школу (Ecole Special d’Architekture), спасцігаў сакрэты лепшых архітэктараў, заканадаўцаў еўрапейскага дойлідства. І працягваў ствараць архітэктурныя праекты цывільных будынкаў, зробленыя пад уплывам французскага мадэрну, а таксама праекты касцёлаў, выкананыя ў неараманскім і неагатычным стылях. Так архітэктар упэўнена крочыў да здзяйснення мэты жыцця: выпрацоўкі нацыянальнага стылю царкоўнага беларускага дойлідства.

 

 Смаленскі касцёл Беззаганнага Зачацця Маці Божай


 

Яе пачаткам была замова на праект касцёла (у Янатрудзе Полацкага павета, не ажыццёўлены) ад ксяндза Францішака Будзькі, аднаго з пачынальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. А перад тым адбыліся знаёмствы з лідарамі нацыянальнага руху: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзімірам Сталыгвам, супрацоўніцтва і ліставанне з «Нашай нівай», каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus», падтрымка грашыма выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

 

У практыцы вяршыняй архітэктурнай творчасці зрабіўся цудоўны драўляны касцёл Святых Пятра і Паўла ў мястэчку Дрысвяты на Браслаўшчыне (1929). У тэорыі — манаграфія «Эвалюцыя і рэформа дзераўлянага будаўніцтва» (1940, рукапіс), дзе аўтар абгрунтаваў важнасць захавання нацыянальнай традыцыі ў архітэктуры. У педагогіцы — створаная ім у 1925 годзе ў Вільні Мулярская школа-вучэльня (з 1927-га — Школа будаўнічых рамёстваў) з бурсамі для студэнтаў, пачатак прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Беларусі.

 

 Не будзем засяроджвацца на палітычнай дзейнасці Вітан-Дубейкаўскага, яго спробы ўладкаваць беларуска-польскія стасункі пасля рэвалюцыі 1917 года ў складзе створанага восенню 1919 года Польска-беларускага таварыства, у якое разам з ім увайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Чапскі, Эдуард Вайніловіч ды іншыя вядомыя асобы. Ён ачольваў Варшаўскі Беларускі нацыянальны камітэт (кастрычнік 1919 г.) і быў галоўным урадавым архітэктарам БНР і паўнамоцным прадстаўніком БНР у Варшаве.

 

Ад 1897-га да сёння

Да асвячэння ў чэрвені 1879 года сцены неагатычнага храма былі размаляваныя, а вокны ўпрыгожаны вітражамі работы варшаўскіх майстроў. Вялікі арган з 28 асноўнымі і 5 дадатковымі рэгістрамі перанеслі з касцёла святой Кацярыны ў Пецярбурзе. Асноўны дубовы алтар упрыгожыла разьба смаленскіх скульптараў — бацькі і сына Сіняўскіх — і абраз Беззаганнага зачацця. Побач з касцёлам узвялі багадзельню.

 

 Інтэр’ер касцёла перад рэвалюцыяй 1917 г.


 

Адразу пасля рэвалюцыі ўся пералічаная прыгажосць пачала гінуць. Царкоўныя каштоўнасці рэквізавалі. У 1918-м у багадзельні адчынілі вытворчасць шчотак, а 1926 годзе касцёл перадалі музею. У 1939-м распусцілі нават абшчыну, якая яшчэ існавала.

 

 Ужо па Другой сусветнай вайне з касцёла на сметнік выкінулі арган, а ў інтэр’еры спачатку размясцілі зернясховішча, з 1970-х — архіў.

 

 У 1991-м абшчына аднавілася, прывяла да ладу могілкі і атрымала дзеля набажэнстваў могільнікавую капліцу Камароўскіх (асвечаную мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам). Але спробы вярнуць храм з 1992 года (70 зваротаў у розныя інстанцыі, аж да кіраўнікоў Расіі) застаюцца бясплённымі. Нават насуперак дадзенаму губернатарам Сяргеем Алтуф’евым у кастрычніку 2010 года слову аддаць вернікам будынак. Пры гэтым, толькі за апошнія гады праваслаўным Смаленска перададзеныя ўсе старыя цэрквы і прапанаваныя 10 участкаў у самых выгодных месцах пад будаўніцтва новых.

 З 2010-х касцёл пустуе. Знішчаны фрэскі, вітражы, алтары, разбураецца дах і нават — ад вільгаці — сцены. Ці ацалее першы твор Вітан-Дубейкаўскага, фактычна — пярліна беларускай культурнай спадчыны — застаецца пытаннем.

 

  Паводле перапісу насельніцтва 1859 года, у Смаленску і Смаленскім павеце жылі 82 636 беларусаў, 7 611 рускіх і 1 077 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Таму ў ХІХ стагоддзі І. І. Арлоўскі пісаў пра смаленскія кірмашы: «Чуецца сакавітая беларуская гаворка, чуваць гукі дудак, скрыпак і свісцёлак, ідзе жвавы гандаль дзеравяным таварам». Статыстыка не змяняецца і ў перапісе 1897 года (ёсць толькі ўдакладненне па канфесійным стане: каталікоў — 5,7%). Нарэшце, 16 студзеня 1919 года, нягледзячы на перавагу этнічна беларускага насельніцтва (75–80%), бальшавікі далучылі Смаленшчыну да складу РСФСР. Як, зрэшты, і Віцебшчыну з Магілёўшчынай, якія, аднак, вярнулі Беларусі ў 1924 годзе. А на Смаленшчыну — «забыліся».

 


Дата стварэння навіны 29.06.2017

Возврат к списку