АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Лідар гурта «Стары Ольса»: Быць тлустым — амаральна! Вы — тлушч біямасы

 Лідар гурта «Стары Ольса»: Быць тлустым — амаральна! Вы — тлушч біямасы
28.06.2017
Вядомы музыка Зміцер Сасноўскі напісаў рэзкі пост на старонцы ў фэйсбуку, у якім прагучала на адрас поўных людзей нямала колкасцяў.

«Вы — тлушч біямасы, лайдачы адыход чалавечай матэрыі». Мы папрасілі Змітра патлумачыць, з чаго раптам ён зачапіў гэтую тэму.


«Гэта мая жыццёвая пазіцыя. Але калі я пачуў, што 60% беларусаў знаходзяцца на мяжы атлусцення, а пад 30% пакутуюць на атлусценне — гэта стала апошняй кропляй. Як былому спартоўцу, мне ў прынцыпе непрыемныя лайдакаватыя людзі, якія няўважліва ставяцца не толькі да свайго здароўя, але і да свайго знешняга выгляду, — кажа музыка. —

 

Гэта лайдацтва! Усе мае знаёмыя з узростам становяцца пузатымі, грузнымі і проста неахайнымі. Я па жыцці чалавек акуратны, і мне гэта не падабаецца. Я лічу, што дрэнны, неахайны выгляд — проста непавага да іншых. Па-першае, па прычыне знешняй. Па-другое — гэта хвароба. Чалавек сваё лайдацтва ператварае ў праблему блізкіх: яго трэба даглядаць сваякам, на яго лячэнне дзяржава мусіць выдаткоўваць грошы. Я лічу гэта амаральным».

На думку спадара Сасноўскага, адна з прычын, па якой беларусы пачалі «расплывацца», — урбанізацыя.

 

«Гэта прывяло да таго, што фізічнай працай, фізічным рухам людзі займаюцца ўсё менш і менш. У пагоні за гэтай урбанізаванай раскошай і камфортам беларусы забыліся на тое, што становяцца нейкім пудзілам, — працягвае думку Зміцер. — Я падбіваў некаторых знаёмых паехаць разам ці на вёску, фізічна папрацаваць, ці на стадыёне пабегаць — безвынікова. Гэта сведчыць, у першую чаргу, пра заняпад імпэту да жыцця, жадання ўдасканальвацца і інтэлектуальна, і фізічна.

 Мы ўсё ж такі лайдакі, хачу адзначыць. Беларусы — лайдакі. Можна бясконца ўсхваляць нас, казаць, якія мы працавітыя, але мы — эгаісты і лайдакі. Я люблю сваю нацыю і толькі таму хачу казаць пра яе праблемы. Мы павінны набрацца самаўпэўненасці, смеласці, каб гаварыць пра нашы недахопы. Гэтае бясконцае самаўсхваленне проста смешнае».

Гурт "Стары Ольса"

Музыка кажа, што не ганарыцца сваімі жорсткімі і грубымі выказваннямі ў фэйсбуку. Сёння ён называе гэта ганебнай выхадкай, якую б ён другі раз не паўтарыў. Тым не менш, заўважае, што «нармальныя людзі паставіліся нармальна, а на пакрыўджаных ваду возяць».

 

«Я толькі што быў у сваёй бабулі ў вёсцы, ёй 92 гады. Яна ўздымаецца ў 6 гадзін, даглядае гаспадарку. Бабуля ўся жвавая, нягледзячы на ўзроставыя хваробы. І дэвіз яе — трэба варушыцца, — дадае Сасноўскі. — Я лічу, што мы з нашым цяперашнім стаўленнем да такіх узростаў не дажывём. Дзядуля маёй жонкі памёр у 96 гадоў. Яны жылі ў вёсцы, яны рухаліся».

 

Сам Зміцер рэгулярна бывае на стадыёне. Прабегчыся, пазаймацца на турніках — гэта святое.

 «Шмат людзей — хрысціяне, паганцы — гавораць пра «месцы сілы», дзе моцная энергетыка. Месцы з крыніцамі, з велізарнымі валунамі. Я хачу ўпэўніць, што месцам сілы з’яўляецца стадыён. Пяць-шэсць кіламетраў бегу, заняткі на турніках і яшчэ кіламетр-паўтара бегу як замінка, ужо пры канцы, — расказвае пра свой спартовы расклад музыка. — Паміж людзьмі на стадыёне якраз самая моцная энергетыка. Я на сваім сустракаю і мужчын, і жанчын, і дзяцей, якія прыходзяць, трэніруюцца. Мае дзеці таксама гімнастыкай займаюцца».

Лепш за турнікі і бег для Сасноўскага хіба толькі плаванне.

 

«Нашы сусветныя гастролі дазваляюць плаваць у розных акіянах, марах і дзе толькі можна. Плаваць і плаваць. Гэта самае любімае, бо я займаўся плаваннем яшчэ ў школе алімпійскага рэзерву ў Гомелі. Гэта самае лепшае, што існуе. Вяртае ў тое асяроддзе, з якога мы выйшлі і ў якое мусім вярнуцца».

 

 

па інф. НН 


Дата стварэння навіны 28.06.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку