АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

75 гадоў таму загінуў Купала

75 гадоў таму загінуў Купала
28.06.2017
Уладзімір Някляеў лічыць смерць паэта аперацыяй спецслужбаў, Іван Антановіч няшчасным выпадкам, а паводле Берыі гэта было самагубства.

 75 гадоў таму ў Маскве загінуў Янка Купала. 28 чэрвеня 1942 году паэт упаў у лесвічны пралёт гатэля «Масква». Што гэта было — няшчасны выпадак, самагубства ці забойства — адназначнага адказу дагэтуль няма.

Былы міністр замежных спраў Беларусі, а за савецкім часам загадчык аддзелу культуры ЦК КП БССР Іван Антановіч у свой час спрабаваў разгадаць таямніцу смерці Янкі Купалы.


 Іван Антановіч: Сёлета 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. А я быў адным з арганізатараў адзначэння стагоддзя Янкі Купалы. Гэта было вялікае дзяржаўнае мерапрыемства — ўрачыстае пасяджэнне, канцэрт, вялікае свята на месцы яго нараджэння, абнаўленне ўсіх музеяў. А цяпер нешта нічога не чуваць... Але ж мы гаворым пра смерць Купалы.

Калі мы святкавалі стагоддзе, зразумела, што ўвесь час выходзілі на гэтую трагічную тэму. І ёсць успаміны людзей, якія былі побач з ім у той трагічны час. Я памятаю, што мне расказваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, Яўген Іванавіч Танк і Пятро Ўсцінавіч Броўка.

Кандрат Кандратавіч казаў, што Іван Дамінікавіч быў у вельмі напружаным стане (тады таксама быў ягоны юбілей — 60-годзьдзе), і нават крыху крыўдзіўся Крапіве, што ў Маскве не любяць нікога называць геніям, апрача самога сябе, бо калі б гэта было дома, то ён быў бы цэнтральнай фігурай, а там неяк ніхто не спяшаўся...

Я гэта кажу ўпершыню. Кандрат Кандратавіч сказаў, што Іван Дамінікавіч скардзіўся, што яму паступалі пагрозы па тэлефоне ў гатэлі, дзе ён жыў. Ён паведаміў пра гэта, як тады і было патрэбна, як кажуць, куды след. Але які быў адказ з месца, дзе той след, не было вядома. Кандрат Кандратавіч казаў, што Купала быў пад прыцэлам не толькі дамашніх спецслужбаў (тады яны былі ў нас вельмі вёрткія), але і нямецкіх. Ён казаў мне, што «ты і ўявіць не можаш, які розгалас меў ягоны верш «Партызаны, партызаны, беларускія сыны». Купала пачынаў актыўна супрацоўнічаць у славянскім руху, які тады адраджаўся. Крапіва казаў, што нядобразычліўцаў было многа. Больш з Кандрата Кандратавіча выцягнуць было нельга. Аднак ён жа сказаў, што Іван Дамінікавіч, калі пераехаў з Казані ў Маскву, кінуў тыя не лепшыя прывычкі, за якія яго часта цяпер папікаюць, і быў вельмі спакойны і засяроджаны.

Гэтую думку пацвярджае Яўген Іванавіч Танк. Ён казаў, што трагедыя здарылася ў некалькі імгненняў. Сабраліся беларусы, некаторыя прыехалі з фронту і, як заўсёды, у такіх бяседах не хапае, ведаеце чаго. Купала ўстаў і кажа, у мяне ёсць яшчэ талоны, я ж цяпер да іх ашчаджальны. Гэтыя словы цытаваў Танк. І Купала выйшаў. Праз некалькі імгненняў у калідоры пачаўся шум, потым усе пабеглі ўніз...

  

 

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам. Сядзяць: Змітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны

  Танк казаў, што аблічча ўжо мёртвага Купалы ўсіх уразіла. Ён звярнуў увагу, што на ордэне Леніна была збітая эмаль, а на твары не было пашкоджанняў і не было крыві. Яўген Іванавіч больш пра гэта мне нічога не сказаў.

Потым некалькі разоў мне казаў Пётр Усцінавіч Броўка, што Купала тады быў вельмі напружаны працай, да яго добра ставіліся, і падстаў, каб адчуваць нейкую небяспеку, у яго не было.

 

Я двойчы залазіў у архівы ў часы, калі быў загадчыкам аддзелу культуры і членам ЦК КП Беларусі. Павінен сказаць, што тады мне было лягчэй пранікнуць туды, чым цяпер. Цяпер сакрэтнасць вельмі высокая.

Але я не ўсё магу сказаць... Я бачыў аўтапсію, у якой было напісана, што смерць наступіла ад разрыву сэрца ў часе падзення. Я ня ўсе памятаю, гэта ж медычнае заключэнне, запомніць наогул нельга. А другая часта аўтапсіі — слядоў гвалтоўнага ўздзеяння не адзначана.

Потым ужо я трымаў руках арыгінал данясення Лаўрэнцыя Паўлавіча Берыі Сталіну, дзе было напісана, што такога чысла ноччу пакончыў жыццё самагубствам народны пісьменнік (не паэт, пісьменнік было напісана) Беларусі Янка Купала. Ён быў у стане апʼянення. Такая фраза была. Вельмі кароткая інфармацыя. Рэзалюцыі Сталіна, як гэта звычайна было на данясеннях, якія прыходзілі да яго, не было.

 

Я бачыў яшчэ болей, але проста не магу сказаць... Але тое, што я бачыў, на таямніцу смерці не пралівае новага святла. Я таму і думаю, што ёсць вялікая верагоднасць верыць таму, што ўжо нам вядома — гэта няшчасны выпадак. Акадэмік Буслаў у свой час казаў мне (Танк мне гэтага не казаў, а яму расказваў), што былі ўспаміны сведкаў, што ў апошнія імгненні, быццам бы, Купала сядзеў на парапеце і размаўляў з жанчынай. А пралёт быў шырокі ў гатэлі «Масква»... Мы заўсёды там жылі...



Так выглядаў пралёт у гатэлі «Масква». Фота з сайту varlamov.ru.

 

 У той суровы час вайны геній Купалы намнога быў уладам больш патрэбны, чым яго смерць. У гэтым я быў абсалютна ўпэўнены, бо Купала ў той час быў лаяльны, можа больш, чым сёння гэта нам з вамі хацелася прызнаць, але такі быў час.

 

Версіі заўсёды будуць усплываць, бо надзвычай трагічная смерць, кожнаму падаецца, што ён можа дакапацца. Мне здаецца, што дакапацца больш не ўдасца, бо я не ўпэўнены, што гэтыя архівы доўга і захаваюцца. Цяпер ідзе ў архівах вялікая чыстка новых часоў... На жаль, тыя, з кім я размаўляў, не паўтораць свае словы, іх няма на свеце, хутка і мяне не будзе, таму я і вырашыў расказаць, што я ведаю, бо гэтая трагедыя будзе хваляваць усіх нас вельмі доўга недарэчнасцю сваёй і не да канца вытлумачанасцю. Але я не ведаю вялікіх трагедый, якія былі бы асабліва вытлумачаныя да канца.

 

Някляеў: Смерць Купалы не была самагубствам, што гэта была аперацыя тагачасных спецслужбаў

Колішні старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Някляеў пачаў цікавіцца таямніцай гібелі Купалы яшчэ ў 1970-ыя гады, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Гадоў дзесяць таму ён абнародаваў сваю версію гібелі Купалы.

 

Уладзімір Някляеў: Я паспрабаваў знайсці ключы да разгадкі, яшчэ калі вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце. Гэта быў пачатак 1970-х гадоў. Жывыя былі яшчэ тыя людзі, з якімі Купала сустракаўся, калі ездзіў у Маскву на ўсякія літаратурныя ды культурныя мерапрыемствы, на дэкаду мастацтваў, на ўручэнне ордэну, атрыманне сталінскай прэміі, святкаванне юбілею Пушкіна і гэтак далей. У адрозненне ад беларускіх пісьменнікаў, якія былі побач з Купалам у той дзень, 28 чэрвеня 1942 году, якія не пакінулі абсалютна ніякіх уцямных сведчанняў пра тое, што з ім насамрэч сталася, гэтыя людзі мне далі нейкія ключыкі. Так мне здавалася ў той час.  

Я пачаў шукаць замочкі на тых шафачках, якія можна было адчыніць тымі ключыкамі. Нешта знайшоў, але гэтага яўна было недастаткова, для таго, каб узнікла больш-менш рэальная версія таго, што адбылося. Бо былі 70-я гады савецкай эпохі, калі таямніцы не адчыняліся для тых, хто ня быў да іх набліжаны ці па сваім званні, ці па сваёй пасадзе. Калі не стала СССР, распалася імперыя, я вярнуўся да спробы разгадаць гэтую загадку, бо меў на гэта не толькі жаданне, але і права, стаўшы старшынёй Саюзу пісьменнікаў, рэдактарам часопісу «Крыніца», газеты «Літаратура і Мастацтва» і гэтак далей. Я звярнуўся ў наш Камітэт дзяржбяспекі, дзе мне паказалі (сказалі, што гэта ўсё, што ў нас ёсць) дакументы, звязаныя з гібеллю Купалы. Некалькі разоў я ездзіў у Маскву. Там мяне адсылалі з Камітэту дзяржбяспекі ў архіў ЦК КПСС, які стаў архівам прэзідэнта, адтуль назад у камітэт, і нідзе нічога такога, што б адкрыла гэтую таямніцу, не знаходзілася.

Але ўсё ж нейкія дакументы, нейкія новыя звесткі далі мне магчымасць стварыць версію таго, што сталася, і калі Купалу забілі, дык па якой прычыне яго забілі, калі прытрымлівацца версіі, што гэта было не самагубства. Шмат фактаў там не было, але тых, якія я знайшоў, хапіла для гэтай версіі. Былі і іншыя расповеды. Сын Якуба Коласа расказаў мне такія рэчы, пра якія раней усе маўчалі.

Карацей, сыходзячы з гэтага я асабіста пераканаўся ў тым, (гэта не азначае, што дакументальна пацверджана), што смерць Купалы не была самагубствам, што гэта была аперацыя тагачасных спецслужбаў. Прычына, па якой гэта зрабілі з Купалам, чаму скінуліз10 паверху гатэлю «Масква», палягае ў наступным.

 

Па-першае, некалькі разоў прымаліся рашэнні аб ягоным зняволенні як лідара беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху, але ніводнага разу па розных прычынах гэтыя рашэнні не даводзіліся да канца. Апошнім разам праз тое, што ён сам зрабіў спробу самагубства. Як з гэтай спробы не пасміхаліся, маўляў, каб хацеў зарэзацца, зарэзаўся бы, усё ж гэтая спроба была расцэненая сурʼёзна, і тады ад яго зноў адчапіліся. Пасля таго, як яму далі ордэн Леніна, а пасля ў 1940-м годзе вясной ён атрымаў і сталінскую прэмію, была, мяркуючы па дакументах, яшчэ адна спроба як раз пад прыкрыццём гэтых узнагародаў і званняў з ім расправіцца, якая ізноў жа не была да канца даведзеная.

І толькі ўжо ў часе вайны, калі вырашалася пытанне, быць ці не быць савецкаму ладу, калі немцы ў 1941-м падышлі да Масквы і ў 1942 яшчэ моцна хісталася сітуацыя, лідарства Купалы як чалавека, які прадстаўляе беларускую нацыю, палічылі гранічна небяспечным, і прычынай таму сталася найменне адной з вуліц у Менску як бы іменем Янкі Купалы, Івана Луцэвіча, а насамрэч вуліца займела найменне Івана Луцкевіча, вядомага вучонага, археолага, дзеяча беларускай дэмакратыі.

 

А людзі, якія ўгадвалі ва ўсе часы жаданне ўладаў, жаданне начальства, напісалі такія паперы, з якіх вынікала, што вуліца названая імем менавіта Янкі Купалы. А гэта азначала, што зробленая вялізная ідэалагічная памылка, бо ворагу савецкай улады прысвоена званне лаўрэата Сталінскай прэміі, гэты вораг узнагароджаны ордэнам Леніна, і гэта ўсё адбывалася пры непасрэдным удзеле таварыша Сталіна, і значыць таварыш Сталін дапусціў сурʼёзную памылку. Як гэтую праблему можна было вырашаць? Сталін сам даў для гэтага рэцэпт: «Няма чалавека — няма праблемы». І сталася тое, што сталася 28 чэрвеня 1942 году.

 

Я на сённяшні дзень хоць і перакананы ў справядлівасці гэтай версіі, не настойваю на тым, што гэта ёсць разгадка таямніцы смерці Янкі Купалы, хаця бы з той прычыны, што сама таямніца заўсёды больш глыбейшая за яе любую разгадку. Таямнічыя рэчы павінны проста прысутнічаць у лёсе любога выбітнага чалавека, а найбольш гэтыя таямнічыя рэчы павінны прысутнічаць у гісторыі народу, нацыі, якія знаходзяцца ў працэсе нацыянальнага станаўлення, у працэсе самаідэнтыфікацыі. 

Таму чым больш будзе ў нас таямніц (бо больш Янкаў Купалаў у нас наўрад ці будзе), тым больш будзе фантазій, тэкстаў на гэтую тэму, тым большы будзе інтарэс да постацей беларускай гісторыі, літаратуры і культуры і да самой Беларусі.

 

Сыходзячы з гэтага я напісаў аповесць, якая ўмоўна называецца «На крыжы». Я паспрабаваў у фантасмагарычным творы разгадаць гэтую таямніцу, перамяшчаючы Купалу з гэтага свету на той, у якім ён апынуўся 28 чэрвеня 1942 году, і з таго ў гэты.

Купала не быў такім чалавекам, якім ён паўстае ва ўспамінах яго сучаснікаў, пераважна казённых, афіцыйных, што мяне вельмі здзіўляе. Гэта была больш буйная, маштабная чалавечая постаць, і я паставіў задачу павялічыць маштаб Купалы, перш за ўсё як чалавека і, безумоўна, як паэта, і ўвёў яго ў кантэкст адносінаў з іншымі людзьмі, пра якія раней нічога не казаў, і іншыя абставіны.

 


Безумоўна, яны фантастычныя і фантасмагарычныя, але ўсё гэта, калі нават не было, заўсёды з’яўлялася адным з прыёмаў літаратуры, якім карысталіся ва ўсе часы, і зараз скарыстаўся я.

Паводле матэрыялу svaboda.org


Дата стварэння навіны 28.06.2017

Возврат к списку