АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Беларусы вельмі пакрыўджаныя на Лукашэнку»

«Беларусы вельмі пакрыўджаныя на Лукашэнку»
27.06.2017
Святлана Алексіевіч выступіла ў Еўрапарламенце.

Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч сёння выступіла ў Еўрапарламенце на слуханнях перад дэпутатамі кіруючай Еўрапейскай народнай партыі. Яна распавяла, чаму ў Расіі і Беларусі не атрымалася стаць на шлях дэмакратыі, што сёння адчуваюць беларусы, якім павінен быць лідар апазіцыі і ці магчымая ў Беларусі рэвалюцыя, па інф.nn.by

Алексіевіч прыехала ў Брусэль разам з дэлегацыяй грамадзянскай супольнасці з Беларусі, у якую ўвайшлі палітыкі-апазіцыянеры Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, незалежныя дэпутаты Ганна Канапацкая і Алена Анісім, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

 

Алексіевіч выступіла з прамовай перад дэпутатамі. Яе трансляваў у сябе ў фэйсбуку Анатоль Лябедзька. Прыводзім асноўныя тэзісы з прамовы пісьменніцы:

 

— Канец «чырвонага чалавека» быў нашай марай. На самай справе, гэта не атрымалася. Па-першае, бо камунізм не мёртвы. Гэта таксама рамантычная ідэя 90-х, што з чым з чым, а з камунізмам мы скончылі…

 

— Народная свядомасць не жыве аналізам, яна жыве практыкай. Калі я пісала кнігу [Час second hand], я ўбачыла што жаданне развітання з гэтай ідэяй [камунізмам] яно ў вачах і розумах эліты. Калі я спускалася ўніз, была настальгія. Усе маглі вучыцца ў інстытутах, усё залежала ад цябе, а не ад грошай бацькоў. Была бясплатная медыцына, ніхто не ўспамінае, якая яна была, але яна была бясплатная.

 

— Аказалася, што ўсе нашы намаганні — апазіцыі, дэмакратычна настроеных мастакоў — працавалі ў прасторы для нас. Мы як бы самі сябе пераконвалі ў тым, з чым самі і былі згодныя. Але калі мы выходзілі ў народ, то нашы лозунгі альбо вельмі спрашчаліся, альбо мы павінны былі іх падладжваць пад аўдыторыю. А аўдыторыя заўсёды — гэта мой досвед — казала: «Якая свабода, зайдзі ў краму, там ёсць усё, гарэлка, каўбасы, нават банан». Калі ты пачынаеш казаць аб тым, пра што мы адзін аднаму казалі — правы чалавека, распад імперыі, новы час — ты як быццам іншапланетнік.

 

— Я цяпер праехала па вёсках. Людзі ў Беларусі вельмі пакрыўджаныя на Лукашэнку, пакрыўджаныя у тым, што і ён расчараваў, іх мара не спраўдзілася. Думалі, што зноў усім будзе добра, усё зноў падзеляць, як, дапусцім, у Швецыі. Мне адна жанчына сказала: «Вось у Швецыі добра, усё падзялілі сумленна, а ў нас несумленна». Гэта розная культура свабоды, якая ў нас толькі-толькі пачынаецца.

— Я задавала людзям пытанні — і пажылым, і сучасным: скажыце, вы хацелі б жыць у вялікай краіне ці маленькай годнай краіне? Вы ведаеце, адсоткаў 80 калі не больш, адказвалі, што хочуць жыць у вялікай і не могуць прывыкнуць да жыцця ў маленькай. Гэта пры тым, што тады ішла вайна ў Чачні.

 

— У нас жа не распавядаюць гісторыю Беларусі, як яна жыла да рэвалюцыі, як яна жыла «за польскім часам», у савецкі час, цяпер. Яны распавядаюць міфалогію, якую пакінуў гэты час. Вось хто выхоўваў новае пераходнае пакаленне, а не мы з вамі. Яго зрабіла культура савецкая.

 

Затым Святлана Алексіевіч адказала на пытанні еўрадэпутатаў.

 

Фота з твітара Пятраса Аўштравічуса.

 


Дата стварэння навіны 27.06.2017

Возврат к списку