АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Алесін: «42 тоны на такой хуткасці — гэтак мог і дом знесці»

Алесін: «42 тоны на такой хуткасці — гэтак мог і дом знесці»
25.06.2017
Танк збіў слуп у час рэпетыцыі параду ў Мінску 24 чэрвеня, кадр з відэа відавочца на Youtube.

Чарговая рэпэтыцыя вайсковага параду на Дзень рэспублікі ў Мінску прайшла ўвечары 24 чэрвеня, паведамляе радыё Свабода. Яшчэ да пачатку рэпэтыцыі адбыўся інцыдэнт: на праспэкце Незалежнасьці, каля мэтро «Маскоўская», танк, што кіраваўся на парад, на высокай хуткасьці рэзка ўвайшоў у занос, зьляцеў з дарогі і зьбіў ліхтарны слуп.

 

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін мяркуе, што арганізатары рэпэтыцыяў параду пралічыліся.

«Гэта можа быць тэхнічная непаладка, прыкладам, бакавы фрыкцыён заела, — кажа Алесін у камэнтары Свабодзе. — А танк Т-72 даволі цяжкі ў кіраваньні, ён патрабуе рэальнай фізычнай сілы ад кіроўцы. Усё ж 42 тоны, на такой хуткасьці мог і дом зьнесьці. На парадах ці падчас праходу вайсковай тэхнікі на манэўрах такое бывала, што ў дамы заяжджалі, асабліва пры павароце. Яшчэ відаць, што пакрыцьцё мокрае, а хуткасьць вялікая, вось і не ўлічыў.

 

Якое можа быць пакараньне танкісту? Мяркую, будуць разьбірацца, і калі выявіцца, што адбылася тэхнічная паломка, дык вялікага спагнаньня ня будзе.

 

Але рэч ня толькі ў танкісту. Чаму такая хуткасьць? Чаго імчаўся? Ведаю, што для такіх рэпэтыцыяў складаецца вельмі шчыльны графік, усё па хвілінах расьпісана. Магчыма, зь нейкай прычыны вось менавіта гэты танк ды той, што быў за ім, адсталі ад калёны. Потым спрабавалі дагнаць — вось і вынік.

 

 Аляксандар Алесін, архіўнае фота


А гэта значыць, што пралічыліся арганізатары, магчыма, трэба на такія рэчы адводзіць больш часу, улічваць, што нехта можа зьбіцца з графіку, і каб потым ён не ляцеў па вуліцы, не даганяў.

 

Яшчэ важны момант — што мінакі на ходніках ніяк не папярэджаныя, што доступ да дарогі адкрыты. Магчыма, трэба неяк агароджваць, можа, вайсковую аўтаінспэкцыю далучаць, каб іхныя машыны стаялі ўздоўж вуліцы, калі ідзе тэхніка. Памятаеце, пару гадоў таму на рэпэтыцыі ўжо быў інцыдэнт з вайсковай тэхнікай, каля плошчы Бангалёр гэта было? Задыміўся. Такое магчыма, што нешта ламаецца, але трэба рабіць высновы».

 

На просьбу пракамэнтаваць прапанову ўвогуле адмовіцца ад вайсковых парадаў экспэрт сказаў:

 

«Ведаеце, у Беларусі парады — адзіная магчымасьць даказаць усім, што войска ў нас ёсьць. Вайскоўцы сядзяць у гарнізонах, па казармах, тэхніка ў ангарах — і ў людзей уражаньне, што арміі нібыта няма. І тады ўзьнікае пачуцьцё: а хто ж нас абараняе? Вось яны гэтак, праз „прамоўшн“ і даказваюць, што не дарма хлеб ядуць. І, мяркую, лепш вось такімі інфармацыйна-прапагандысцкімі акцыямі, умоўна ваяваць, чым па-сапраўднаму. А тое, што парады большасьці нашых грамадзянаў падабаюцца і што на гэта зьвяртаюць увагу іншаземцы, магу засьведчыць. Ведаю, што на парад 3 ліпеня вайсковы аташэ Японіі адмыслова ў Менск прыедзе, францускі аташэ будзе — значыць, цікавяцца, ёсьць на што паглядзець. Таму мяркую, што парады сваю працу робяць».




Дата стварэння навіны 25.06.2017

Возврат к списку