АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Беларусы на службе ЦРУ: Кастусь Мярляк, першы агент у шэрагах беларускай эміграцыі ў ЗША

Беларусы на службе ЦРУ: Кастусь Мярляк, першы агент у шэрагах беларускай эміграцыі ў ЗША
25.06.2017
Кастусь Мярляк выкарыстоўваў сваё супрацоўніцтва з амерыканскай разведкай у тым ліку супраць сваіх палітычных апанентаў.

Гэты чалавек у дакументах ЦРУ згадваецца пад псеўданімамі Philip E.Launais, Donald R.Wakild і Conrad P.Mason, а таксама пад крыптанімамі AEPRIMER­1 ды AEREADY­2. Праграма AEPRIMER (1957—1959 гг.) фактычна дублявала мэты праекту AEQUOR, аб якім ішлося вышэй (нелегальнае пранікненне агентаў на тэрыторыю СССР), піша Наша Ніва. AEREADY (пазней AEDEPOT, 1957—1965 гг.) — гэта праект, які прадугледжваў падрыхтоўку агентаў на выпадак пачатку вайны з Савецкім Саюзам.

Паплечнік Рагулі

Кастусь Мярляк (часам прозвішча пішацца «Мерляк») нарадзіўся ў 1919 годзе ў Дзетамлі на Наваградчыне.

 

Хлопец добра вучыўся і нават атрымаў дзяржаўную стыпендыю ў сельскагаспадарчай школе. За Саветамі працаваў у банку, за немцамі служыў у Самапомачы і мясцовай адміністрацыі на Наваградчыне, дзе ягоным падначаленым пэўны час быў паэт і падпольшчык­-камуніст Валянцін Таўлай.

 

Князь Андрэй Трубяцкой, які падчас вайны быў прызваны ў савецкую армію і трапіў у палон, але вызваліўся адтуль дбаннем сваякоў, графаў Храптовічаў, пакінуў цікавыя ўспаміны аб сваім побыце ў акупаваным Наваградку, у тым ліку аб шумнай гулянцы местачковага «бамонду» ў кватэры супрацоўніка магістрата Кастуся Мерляка ў першыя дні 1943 года, калі госці пабілі ўвесь посуд і знішчылі нават стол, за якім сядзелі, а Барыс Рагуля адзначыўся яшчэ і страляннем з пісталета ў столь. Разам з тым Трубяцкой адзначыў, што вяртаць грошы за нанесеную шкоду не сталі, бо «ў пацярпелага грошай шмат». Але ці ў грошах шчасце? Вайна аднолькава жорсткая да ўсіх — увосень 1942 года загінула маці Кастуся, якую, як ён сцвярджаў, падчас партызанскага нападу жорстка збілі прыкладамі за адмову аддаць вопратку

 


Кастусь Мярляк (злева) з сям'ёй.

Падчас акупацыі Мярляк скончыў афіцэрскія курсы, а пазней быў інтэндантам паліцэйскага батальёна № 68, якім камандаваў Барыс Рагуля (больш вядомы як «Наваградскі швадрон»). З гэтай адзінкай Кастусь улетку 1944 года пакінуў Беларусь. Ён вывез на грузавіку бежанцаў з Наваградка — сям’ю Рагулі і сваякоў іншых байцоў батальёна.

 

Сям’я самога Мерляка засталася ў Беларусі — брат Іван быў пасля мабілізаваны ў савецкую армію, штурмаваў Будапешт і Вену.

 

Перайсці на бок саюзнікаў

 

А Кастусь перш трапіў у ліпені 1944­-га ў разведшколу ў Дальвіцы, але амаль адразу вырваўся адтуль. Праз некаторы час сустрэўся ў Берліне з беларускім кіраўніком школы Усеваладам Родзькам і паведаміў яму, што даўно мае планы перайсці на бок саюзнікаў, бо Нямеччына ў вайне відавочна прайграе.

 

Родзька ўхваліў такі план, і неўзабаве Мярляк апынуўся ў складзе вайсковай адзінкі, якую ўзначальваў даўні супрацоўнік абвера Юры Вежан (у дакументах ЦРУ прозвішча пішацца «Вежын»), які займаўся падрыхтоўкай беларускіх дэсантнікаў яшчэ напярэдадні нямецкага нападу на СССР. Цяпер у Італіі ён рыхтаваў для абвера агентаў-­беларусаў, якія мусілі інфільтравацца ў 2­-і корпус арміі Андэрса і агітаваць сваіх суайчыннікаў, што служылі ў гэтым фарміраванні, пераходзіць на нямецкі бок.

 

Як толькі Мярляк, забяспечаны грашыма і легендай на імя «Конрад Мацкевіч», выйшаў на заданне, ён зараз жа здаўся ў палон да амерыканцаў і быў інтэрнаваны ў лагеры, адкуль неўзабаве таксама ўцёк. Пры дапамозе беларускіх святароў у Рыме яму ўдалося легалізавацца пад сваім сапраўдным іменем. Пры канцы 1947 года Кастусь Мярляк эміграваў у Аргенціну, дзе ажаніўся ў 1950­-м з Ганнай Губерт, этнічнай немкай родам са Случчыны, а таксама разгарнуў шырокую грамадскую дзейнасць сярод беларусаў­-эмігрантаў. Беларусы ў Аргенціне да той пары былі раскіданыя па мностве разрозненых арганізацыяў, пераважна прасавецкага кірунку. Мерляку ўдалося аб’яднаць эмігрантаў на незалежніцкім, антысавецкім грунце ў межах Згуртавання беларусаў у Аргенціне. З 1948 года Кастусь Мярляк узначальваў таксама прадстаўніцтва Рады БНР у гэтай краіне.

 

Аргенцінскі перыяд

 

У справе Мерляка, што захавалася ў ЦРУ, прыведзены тэкст ліста, змешчанага ў №28 (118) савецкай газеты «За вяртанне на Радзіму» ад траўня 1957 года, пад загалоўкам «Не, пан Мярляк, на хлусні далёка не паедзеш!». Аўтарам быў пазначаны жыхар г.п.Васілевічы Гомельскай вобласці Мікалай Чырык, які трапіў у нямецкі палон падчас баёў у Крыме, а пасля бадзянняў па паваеннай Еўропе перабраўся ў Паўднёвую Амерыку, дзе, жывучы пад іменем Івана Вежанскага, «зведаў сапраўдную сутнасць» заснаванага Кастусём Мерляком Згуртавання беларусаў у Аргенціне, якое, паводле Чырыка, было «зборышчам прадажных душ, якія за амерыканскія даляры льюць бруд на нашу краіну і вярбуюць шпіёнаў для падрыўной дзейнасці ў ёй».

 

Ці сапраўды маральнае аблічча сяброў ЗБА было такім жахлівым? Наўрад ці. Напрыклад, адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Мерляка ў Аргенціне быў сумленны чалавек Пятро Саўчыц — колішні актывіст Саюза беларускай моладзі ў Вілейцы, які падчас нацысцкай акупацыі ўратаваў ад спалення вёску Бараўцы. Партызаны падарвалі на дарозе побач аўтамабіль з немцамі, і гітлераўцы ў адплату за гэта хацелі спаліць вёску разам з жыхарамі, а Саўчыц заступіўся за вяскоўцаў. Ён жа ратаваў з вілейскай турмы СД людзей, западозраных у супрацоўніцтве з партызанамі.

 

Мікалай Чырык распавядаў, як цудоўна ўладкаваўся з усёй сям’ёй у БССР, дзе яго дачка мае магчымасць вучыцца на роднай мове. Пералічваючы імёны сваіх сяброў у эміграцыі, ён заклікаў: «Плюньце на агідную хлусню нікчэмнага Мерляка, хутчэй вяртайцеся на родную зямлю». Агульны тон ліста паказвае, што ён відавочна зазнаў праўкі савецкага рэдактара, калі не быў сфальсіфікаваны цалкам. З пазнейшых дакументаў у справе мы даведваемся, што Мярляк паведамляў аргенцінскім спецслужбам аб прасавецкай актыўнасці Чырыка.

 

Першы, ды не найлепшы

 

З часам Кастусь Мярляк адчуў, што вычарпаў усе магчымасці працягваць кар’еру ў Аргенціне, і вырашыў перабрацца ў ЗША. Ён прыбыў у Нью-­Ёрк у 1954 годзе, і ўжо пры канцы 1956­-га распачаў супрацоўніцтва з ЦРУ. На той час Мярляк быў адзіным агентам гэтай спецслужбы ў асяродку беларускай эміграцыі ў ЗША.

 

Падчас першай сустрэчы з супрацоўнікамі ЦРУ ў прысутнасці Міколы Абрамчыка 17 снежня 1956 года ў Нью­-Ёрку ён прапанаваў амерыканскай разведцы спіс з трох дзясяткаў патэнцыйных, на ягоную думку, кандыдатаў для праекта AEREADY. Сярод іх быў, напрыклад, Леў Стагановіч — сын колішняга пасла польскага Сейму Аляксандра Стагановіча і былы сябар Саюза беларускай моладзі ў Баранавічах.

 

У рапарце аб сустрэчы адзначалася, што Мярляк нічога не ведаў аб ранейшых супольных праектах ЦРУ і Рады БНР — што, аднак, наўрад ці адпавядала праўдзе: падчас вандроўкі з Аргенціны ў ЗША Кастусь у Бразіліі сустрэўся з Віктарам Спалічам, які «расказаў сваю гісторыю жыцця, асабліва з часоў пабыту ў Нямеччыне й Лондане, і растлумачыў, як і чаму ў 1953 годзе прыбыў ён у Бразілію». Рэч у тым, што пад іменем Віктара Спаліча хаваўся Якуб Амор (Кастусь Кадушка) — той самы меркаваны краўнік дэсантнай групы Рады БНР, які ў 1952-­м адмовіўся выконваць заданне і выехаў з Еўропы ў Бразілію.

 

Кастусь Мярляк выкарыстоўваў сваё супрацоўніцтва з амерыканскай разведкай у тым ліку супраць сваіх палітычных апанентаў. У справе, напрыклад, захоўваецца паведамленне Мерляка ад красавіка 1957 года аб з’яўленні ў Нью-­Ёрку газеты «Беларускае слова», якая, на ягоную думку, мела пракамуністычны кірунак і выдавалася асобамі, якія былі вядомыя сваёй камуністычнай дзейнасцю — сярод іх называліся Іван Касяк, Аркадзь Арэхва і Палікарп Манькоў. Ім закідалася таксама распальванне між эмігрантамі варажнечы паводле канфесійнай прыкметы (прапаганда супраць каталікоў ды ўніятаў) і скіраванасць супраць праамерыканскіх беларускіх арганізацыяў.

 

Адзначалася таксама, што Манькоў і Арэхва мелі на эміграцыі ў Еўропе праблемы праз сваю пракамуністычную актыўнасць перад вайной у Заходняй і Усходняй Беларусі адпаведна, а Касяк, які перш быў актывістам камуністычнага руху ў міжваеннай Вільні, затым падчас нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з СД у Менску і Вілейцы. Падобныя паведамленні рабіў Мярляк і аб пракамуністычнай дзейнасці беларускага эмігранта ў Канадзе, выдаўца газеты «Беларускі голас» Сяргея Сіняка (Хмары), альбо аб антыбэнээраўскіх выказваннях літаратара Алеся Яцэвіча­-Змагара.

 

Скраў у банку

 

Між іншага, яшчэ напачатку супрацоўніцтва Кастусь выказаў пажаданне, каб адрас ягонага бацькі ў Дзетамлі Навагрудскага раёна выкарыстоўваўся ў межах праграмы рассылкі эмігранцкіх выданняў, бо ён і раней паспяхова перапісваўся з бацькам, дасылаючы лісты і пасылкі з Вашынгтона ад імя сваёй цёткі, Барбары Пятроўскай.

 

У справаздачы аб тэсціраванні, якое Кастусь Мярляк прайшоў у ліпені 1957 года ў ЦРУ, адзначаецца, што ягоны інтэлект «вышэйшы за сярэдні па ЗША, што выгадна адрознівае яго на тле выпускнікоў каледжаў і афіцэраў упраўлення», прытым гэта было пераважна вынікам ягонай самаадукацыі. З другога боку, яму не ставала «іскры творчасці і арыгінальнасці».

 

Падчас апытання 25 ліпеня 1957 года Мярляк прызнаваў, што, запаўняючы паперы на выезд у ЗША, прыхаваў свае дачыненні з абверам. Апытанне прадугледжвала мноства пунктаў, якія мелі на мэце высветліць, ці здзяйсняў агент непажаданыя ўчынкі і ці не быў ён адкрыты для шантажу. Так, напрыклад, высветлілася, што Кастусь у 1940 годзе скраў з савецкага банка, дзе працаваў у Карэлічах, 700 рублёў, а падчас нямецкай акупацыі не раз займаўся падробкай дакументаў. Таксама ў 1947, вандруючы па Італіі, ён нібыта знайшоў 31 тысячу ліраў і нічога не зрабіў, каб вярнуць іх уладальніку.

 

У справе захоўваюцца вынікі фізічнага і псіхалагічнага тэсціраванняў, ацэнкі інтэлектуальнага ўзроўню, праверкі на паліграфе і падрабязны разбор біяграфіі Мерляка і ўсёй яго сям’і. Між іншага, ён паведаміў, што падчас нацысцкай акупацыі таемна вывез у лес з гета дзвюх дзяўчат-­яўрэек. Пры канцы справаздачы аб сумоўі эксперт ЦРУ адзначыў, што падчас расповеду пра сваю дзейнасць у 1939—1941 гадах Кастусь Мярляк заўважна хваляваўся і прызнаўся, што ўпершыню гаворыць праўду пра гэты перыяд свайго жыцця.

 

Скандалы, расследаванні

 

Захавалася ў справе і датаваная вераснем 1957 года копія тэксту ліста пад загалоўкам «Мы дэмаскуем», дасланага ў Раду БНР ужо згадваным Сяргеем Хмарам. Ва ўласцівым сабе духу ён пачынаў: «Заўсёды мы стараемся дэмаскаваць усякую крывіцую здзелку, а таксама не падтрымоўваем і розных зарубежніцкіх махінацыяў». Хмара звяртаўся да эмігрантаў з інфармацыяй пра арышт групы Вострыкава і планы Радаслава Астроўскага па вярбоўцы новых агентаў для ЦРУ. Ліст скончваўся папярэджаннем «зацікаўленым, каб яны ведалі, у чым тут справа, і перасцерагчы наіўных, каб іх не спаткаў лёс, падобны тым, якія паслала Абрамчыкава група». Хмара таксама адзначаў, што Астроўскі нібыта працуе на карысць Народна­-працоўнага саюза (НТС) — расійскай нацыяналістычнай арганізацыі, з якой той сапраўды меў дачыненне яшчэ ў акупаваным нацыстамі Смаленску. А НТС, пісаў Хмара, у сваю чаргу, працуе на ЦРУ. Натуральна, такія «расследаванні» не маглі застацца па­за ўвагай амерыканскіх спецслужбаў.

 

У снежні 1957 года Мярляк прапаноўвае ЦРУ новых кандыдатаў для падрыхтоўкі ў межах праграмы AEREADY — сярод іх Вальтар (Уолтэр, Вячка) Станкевіч, які пазней стане рэдактарам беларускай службы радыё «Свабода» (сын мовазнаўца Яна Станкевіча), і Нікодым Жызнеўскі, які ўзначальваў беларускае радыё ў Чыкага (ягоны брат, сябар СБМ Уладзімір быў забіты падчас антыпартызанскай акцыі ў 1943 годзе ля Глыбокага).

 

Яшчэ адным з кірункаў дзейнасці Кастуся Мерляка ў супрацы з ЦРУ быў пошук кандыдатаў для легальных вандровак у ПНР і СССР дзеля разведкі. Напрыклад, разглядалася магчымасць выкарыстання ў гэтых мэтах праграмаў студэнцкага абмену. Кастусь настойваў, што як мага большую колькасць агентаў трэба выправіць у Польшчу, адкуль яны здолеюць падтрымліваць сувязь і з Беларуссю. Аналіз прыватных лістоў з Польшчы і СССР, з якімі меў магчымасць азнаёміцца Мярляк у 1959 годзе, паказваў, на ягоную думку, што Саветы рыхтуюцца да вайны.

 

У лістах ад розных адрасатаў гучалі трывожныя ноты: «Дзядзя Фёдар [умоўная назва СССР] кажа, што рыхтуецца да сустрэчы з вамі»; «Яны кажуць, што неўзабаве прыйдуць да вас і забяруць вашы даляры ды аўтамабілі, і я думаю, што так яно і будзе, калі меркаваць па тым, што адбываецца».

 

Брат Кастуся пісаў, што не хоча вайны, і пытаўся, ці той з ім згодны. Бацька ў лістах таксама папярэджваў: «Паводзьцеся добра, бо, калі мы да вас дабярэмся, у вас будуць праблемы».

 

Агент з агентам

 

Прыкладна на гэты ж час прыпадае шэраг сустрэчаў Мерляка з Аляксандрам Сітнікавым, другім сакратаром місіі БССР пры ААН, з якім яны пазнаёміліся ў студзені 1959 года ў пункце абмену кніг і перыёдыкі з БССР і ПНР, што дзейнічаў у адной з нью­ёркскіх кнігарняў пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця. Змест гутарак, якія вяліся, у тым ліку, на палітычныя тэмы, падрабязна зафіксаваны ў рапартах ЦРУ. Сітнікаў усяляк агітаваў Кастуся прыехаць у Беларусь самому ды пераканацца ў яе росквіце.

 

Пасля нарады з сябрамі Мярляк прыйшоў да высновы, што Сітнікаў з’яўляецца агентам савецкіх спецслужбаў і, мусіць, братам Васіля Сітнікава, які напачатку 1950­-х быў намеснікам галоўнага рэзідэнта МДБ у Вене (пазней В.Р.Сітнікаў курыраваў ад КДБ маскоўскую багему, знаходзячыся на пасадзе намесніка старшыні Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах). Кастусь, у сваю чаргу, намаўляў Сітнікава застацца ў ЗША. Нічым гэтыя размовы не скончыліся.

 

Неўзабаве Кастусь Мярляк трапіў у непрыемную гісторыю. Увесну 1958 года Савецкую Беларусь вырашыў наведаць уласны дзядзька Кастуся, які яшчэ з даваеннай пары жыў у эміграцыі. Ён захацеў пабачыць радзіму перад смерцю. Кастусь падбіў яго, каб ён падчас паездкі здымаў на каляровую фота­ і кінастужку сцэны з савецкага жыцця. Дзядзька з жонкай пагадзіўся. Праўда, са сваякамі ім сустрэцца так і не далі, у Мінску іх затрымлівалі за фатаграфаванне на чыгуначным вакзале, пастаянна сачылі і нібыта нават спрабавалі атруціць. У выніку дзядзька даслаў Кастусю рахунак на 1800 даляраў. Акурат у гэты момант у ліпені 1959 года высветлілася, што ЦРУ спыняе супрацоўніцтва з Кастусём Мерляком, як адзначана ў дакументах — «у мэтах эканоміі».

 

Сваякі яшчэ пару гадоў спрабавалі дамагчыся ад Мерляка выплаты грошай, але ўвесну 1962 года былыя куратары агента канчаткова пастанавілі, што Кастусь Мярляк перавысіў свае паўнамоцтвы, абяцаючы, нібы паездка будзе аплачаная.

 

…Мярляк жа надалей заставаўся палітычна актыўным, у 1959—1963 гг. ён узначальваў Беларуска­-амерыканскае задзіночанне (БАЗА).

 

На прыёме ў КДБ

 

У 1992 годзе Мярляк выдаў аўтабіяграфію пад няхітрай назвай «Жыццё і дзейнасць Кастуся Мерляка», дзе, распавядаючы пра сябе ў трэцяй асобе, паведаміў аб уласным жыцці ад нараджэння да часоў перабудовы. Між іншага, ёсць у ёй і інфармацыя, якая намякае на яго ўтаямнічанасць у супрацьстаянне разведак — напрыклад, там ідзецца пра трагічную ролю Кіма Філбі, чыёй злой воляй мемуарыст тлумачыць нават паваеннае аднаўленне дзейнасці БЦР, якое прывяло да расколу беларускага грамадства на чужыне.

 

Успаміны Мерляка надзвычай падрабязныя, эгацэнтрычныя і настолькі засмечаныя канцылярызмамі, што іхны стыль месцамі нагадвае нават «Запіскі Самсона Самасуя». Але ні пра крадзеж грошай з савецкага банка, ні пра работу на ЦРУ там, вядома, не згадана.

 

Пра яго казалі: «Калі Мерляка не пускаюць праз дзверы — ён улазіць праз вакно» — і ён цытаваў гэта з гонарам.

 

Былы рагулеўскі інтэндант і агент ЦРУ, Мярляк не пабаяўся наведаць Беларусь пасля атрымання ёю незалежнасці. Больш за тое, ён нават запісаўся на прыём да тагачаснага старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага і дамогся ад яго запэўнівання, што тым з эмігрантаў, хто не здзейсніў злачынстваў, няма чаго баяцца ў незалежнай Беларусі.

 

Старшыня замежнай камісіі БНФ Валянціна Трыгубовіч, якая была разам з Мерляком на той сустрэчы, прыгадвала: «І вось выходзім мы з ім на ганак Камітэта дзяржбяспекі, і ён раптам так здзіўлена ў мяне пытае: «А дзе журналісты? Я быў прыняты старшынёй КДБ — я мушу гэта расказаць журналістам…»

 

Памёр Кастусь Мярляк на 88-­м годзе жыцця 27 лістапада 2007 года.

http://nn.by/?c=ar&i=192000


Дата стварэння навіны 25.06.2017

Возврат к списку