АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Люблю, калі нашы супраць нянашых!

Люблю, калі нашы супраць нянашых!
23.06.2017
Пра Надзею Пятроўну з Дуброўна, якая паціскала руку Аляксандру Лукашэнку, заўзее за "Днепр" і Дашу Домрачаву.

"Ойча наш, што ёсць у небе, — казала сама сабе бабка Надзя, крочачы па мосце праз Дняпро. — Свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi".

Да стадыёна ёй было рукой падаць. Жыла на тым боку, ля ільнозавода. Пехатой толькі мост перайсці.

На мосце рамантавалі тратуар. Да абласных дажынак пачалі рыхтавацца, і ісці было кепска — адзін пясок. Але бабка Надзя на гэта не звяртала ўвагі. На душы ў яе было светла, як у царкве.

З ранку прыгатавала сняданне сабе і брату. Той пакуль не працаваў. Яму збіраліся групу інваліднасці даць, ды ўсё не давалі, а карміць трэба. Памыла посуд, уключыла тэлевiзар — ваеннае кіно, ну, яна і паглядзела. Потым падумала і ўсё ж такі села вязаць. Хоць і нядзеля, Божанька забараняе, але так ёй гэтая справа падабалася, што не грэх было крыху і ў нядзелю спіцамі пацікаць.


Брат пайшоў пацягацца на вуліцы на паўгадзіны. Вярнуўся і сказаў:

— Прывітанне табе знаёмыя перадаюць са стадыёна. 
— А чаго ты туды хадзіў?
— Думаў футбол паглядзець, а ён аж у чатыры.

"Во, футбол! — падумала Надзея Пятроўна. — Калі ўсё добра, дык я схаджу. Пазаўзею за Дуброўна".

На футбол Надзея Пятроўна выбіралася не вельмі часта. Яно і вядома: хворы чалавек, інвалід, 66 гадоў. Але калі пасылае Божанька дзень, за роднае Дуброўна яна заўзела аддана. Крычалкі ведала добра: "Дуброўна нікому не роўна, а Орша за ўсіх горшай".
Божанька не супраць спорту, а толькі за. Ёй не так даўно ў "ЗАЛУ" спартыўны канал падключылі і нумары тэлефонаў памянялі. Толькі кніжак яшчэ няма, але ж гэта дробязі жыцця. На ільнозаводзе ўсім памянялі, хто ў кватэрах.

Спорт па тэлевізары Надзея Пятроўна любіла. Футбол — зразумела. Нават калі нянашы з нянашымі ўвечары. Так, каб у твар, зразумела, нікога не пазнаеш, але ж цікава. А яшчэ цікавей — біятлон, лыжы, гімнастыка. Здавалася б, каб трошкі сілы, трошкі гадкоў скінуць — дык і сама б пабегла, як тыя ў тэлевізары.

Ненашых Надзея Пятроўна нікога не запамінала — навошта? А нашых ведала і ў твар, і па паходцы — Домрачаву, Арзамасаву і тую, што раней была за Арзамасаву… Во, Несцярэнка! Дай Божа памяці. Чацвёрка байдарачніц яшчэ. Ці хакей. Там жа таксама нянашы і нашы! Так цікава!

У 2017-м бабка Надзя ўжо была на адной гульні дубровенцаў. Ну як была? Паказалася трошкі, але надвор'е мянялася — галава балела. Да канца не дабыла, пайшла дамоў. На гэты раз адразу ведала: усю гульню паглядзіць.

Калісьці за Дуброўна брат гуляў. Але куды зараз — 64 гады. Раней гулец быў хоць куды. Настолькі адданы, што потым нават ляжаў праз гэта з нагамі ў санаторыі. Даставалася яму часта — верная прыкмета, што добры гулец. Гуляў і нехта з дваюрадных ды шмат яшчэ хто. Віталя Чартко, напрыклад. Зараз дзе ён — хто яго ведае.

Пастарэлі ўсе — няма ў камандзе родных. "Але як не заўзець? Тут нарадзілася, тут жыву. Ды і навошта на стадыён ісці, калі не заўзець?"

Дзіцем яна і сама гуляла, калі ў інтэрнаце вучылася. Інтэрнат быў далёка, за Бешанковічамі. І на канькі станавілася, хоць ёй і забаранялі — небяспечна, магла ўпасці і разбіцца. Але яна ўсё роўна абувала канькі на калідоры і спрабавала дайсці да двара. Па лесвіцы павольна спаўзала, акуратна. Вельмі хацелася — не ўтаймаваць было дзяўчынку Надзю.

Божанька выратаваў. Нічога з ёй тады не здарылася.
Жыццё ў інтэрнаце было неблагое, вясёлае. Малая Надзейка і пабіцца з хлопцамі магла. Выхавальнікі, бясспрэчна, сварыліся, забаранялі, каралі. Аднойчы на Новы год нават не пусцілі дамоў — з-за бойкі. Сказалі: будзеш тут святы спраўляць! Думала: жартуюць, пэўна. Але не, сапраўды пакінулі адну. "Ай, нічога не губляю. Дамоў далека ехаць", — так палічыла і супакоілася.

У інтэрнат яе адправілі з-за эпілепсіі. З дзяцінства на групе інваліднасці. Бацькі б з ёй не справіліся — вось і аддалі ў спецустанову. Шэсць класаў там скончыла, але ведаў добра калі на тры было.

У 28 гадоў упала на некалькі дзён ў кому. Быў прыступ якраз на дарозе. Павалілася на пераходзе, а тут яшчэ машына ішла, зачапіла, працягнула за сабой. Стукнулася Надзея Пятроўна галавой аб бардзюр і страціла прытомнасць — кома.

Вось тады яна ўсё і пабачыла. Ёй у коме было паказана: як ў пекле справы, як на небе. Колькі гадоў прайшло, а яна і зараз усе памятае, нібыта ўчора было. Пасля гэтага ёй і паміраць стала не страшна. І падалася яна ў веру.

Дзяцей у Надзеі Пятроўны не было, хоць замужам трохі пажыла. Стрэўся адзін ашуканец. У давер уцёрся, усё хацеў, каб у кватэры прапісалі. Сястра сказала: не спяшайся, ты ж хворая. Не паспееш азірнуцца, здасць цябе куды-небудзь і глядзець не будзе. А мы свае, заўседы цябе дагледзім, не кінем. Надзея Пятроўна паслухала і згадзілася. Яна толькі з віду была цельпукаватая. Цяміла добра.

Кватэру яшчэ яе бацьку давалі як інваліду вайны. Яе згубіць было страшна. Муж адразу псіхануў: не хочаш прапісаць — хадзем разводзіцца. Ну і пайшлі.

Паплакала Надзея Пятроўна і супакоілася. Жыццё ёсць жыццё, усялякія выпрабаванні Божанька пасылае.
Трэба цярпець. Са скаргаў нічога не будзе. Адну зіму было так холадна ў кватэры, мо градусаў 13-15. Камунальшчыкі сказалі: зрабіць нічога нельгу, можно толькі зніжку. Адчувала Надзея Пятроўна, што зніжка малая. І плоціць яна за ўсе 18 градусаў, а на тэрмометры 13. "200 рублёў атрымаешь пенсіі — плаці. Хоць як інваліду і па ільготнаму тарыфу. Але ж Біблія вучыць: будзьце мудрымі, не кідайцеся ў паніку", — думала яна, гледзячы, як дубровенскія нашы гуляюць з нянашымі.


Першы раз яна сюды, на гэты стадыён, трапіла, бадай, у 1974-м. Не ўспомніць: даўно, ды і галава пабітая. Калі якія святы на арэне ці гульні — Надзея Пятроўна заўсёды хадзіла. Нядаўна "Дняпроўскія галасы" былі — вельмі спадабалася. Лавак больш прынеслі, сцэну паставілі. Хацелася б, каб рады вышэй былі. Хаця б два-тры дадалі. Але хоць так. Галоўнае, каб у душы было свята.

На футболе людзей менш, чым на "Галасах". Як звычайна. Шмат у Дуброўна не бывае. "Каб ім плацілі, можа, і хадзілі б. За грошы людзі на ўсё здольныя. Ды гэта не сакрэт. Заўсёды так было. Чалавека спакушаюць", — думала жанчына. "Днепр" з Дуброўна ўжо "гарэў" 1:2, але ліка яна не ведала. За ўсім на полі не ўсочыш, а табло на стадыёне не было.

Бабцы Надзі не аднойчы казалі: вам у вашай пяцідзесятніцкай царкве таксама плоцяць, каб вы хадзілі. "Нам Бог плоціць! І жыццё дае, і здароўе. Якія яшчэ вам грошы?" — адказвала. Вера павінна быць. Гэта нават у футболе бачна. Калі не верыць, дык і не выйграць, а калі паверыш, можа, калі-небудзь і будзе перамога.

Раней бабка Надзя хадзіла ў праваслаўную царкву, але потым ёй было з'яўленне, што хопіць: "Праваслаўныя выпіваюць, кураць, займаюцца абы чым. А Бог паказаў і загадаў: ідзі туды". І дарогу на Оршу паказаў. Сабралася і паехала — знайшла. Вылечванне атрымала. Яны за яе маліліся — і паправілася яна.

Потым сама людзям дапамогу давала. Малілася, шаптухай стала. Радыкуліт лячыла і шмат чаго яшчэ. Адна знаёмая руку зламала. А яна вылечыла. Ды так што ў Віцебске ў шпіталі толькі рукамі развялі: цуд!

"Днепр" тым часам прапусціў трэці гол. Ад каго? Гэтага Надзея Пятроўна і не спрабавала даведацца. Маладыя былі гульцы, і бабцы Надзі падабаліся. Бегалі, стараліся, хацелі гуляць. Для яе ўсе былі роўныя. Выбераш аднаго — а чым тыя хужэйшыя? Ды і як іх вывучыць: мяняліся, з'яўляліся, знікалі. Цвёрда памятала з футбалістаў толькі Малафеева.

Бывала, і іншыя бабкі прыходзілі на стадыён. Але рэдка. Часцей з гары глядзелі, як спартсмены бегаюць. Хоць і не ведаюць, хто там і што, а цікава. "Ідзеш, спынішся, з гары паглядзіш — і добра на сэрцы становіцца. А дабро ў сэрцы — самае галоўнае".

Злосці яна не любіла. З братам не сварылася, нягледзячы на тое, што ён паўгода не працаваў. Хоць і сказана ў Пісанні: "Брат мой, еш хлеб свой". У маці іх было пяцёра. Адзін згарэў — у хаце спалілі. А астатнія жылі — і добра.

Дуброўна зноў прапусціла, а яна ўсё разважала: "Чаго злавацца? Некаторыя людзі ёсць — тыя Лукашэнку працівяцца. А я — не. Ён пенсіянераў не крыўдзіць. 200 рублёў, безумоўна, мала, але і таму радавацца трэба. У нас хоць каго пастаў, будзе толькі горш. Я б Аляксандра Рыгоравіча пакінула яшчэ на адзін сезон".

Яна Лукашэнку нават аднойчы руку паціснула. Даўно гэта было, у 1994 годзе. Стаялі на вуліцы, як ісці на ільнозавод па Віцебскай. Яго яшчэ на першую пяцігодку ў той час выбіралі. Яна стаяла, а ён ішоў. Нешта распавядаў. А потым да нас павярнуўся. 

Яна крыху разгубілася: не падрыхтавалася, не ведала, што ў такіх выпадках гаварыць. І тады проста руку працягнула. Сказала: "Рада, што вы да нас у Дуброўна прыехалі!" І ўсё. На хаду ж, не падумаўшы, нічога выдатнага не скажаш. Ён паціснуў руку, сказаў дзякуй. Эх, даўно гэта было.

Яе думкі перапыніў фінальны свісток суддзі. Дубровенцы, лаючы свайго брамніка, рушылі па хатах. Лікам яна не цікавілася — навошта?

"Шмат чалавеку не трэба, — казала жанчына сама сабе, цяжка падымаючыся па мосце. — Усё і так ёсць. Толькі хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, і збаў нас ад злога".


па інф.ressball.by


Дата стварэння навіны 23.06.2017

Возврат к списку