АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Як развалілі Мотавела

Як развалілі Мотавела
23.06.2017
Кіраўніцтва Мінскага мотавелазаводу падало на банкруцтва.

Згодна з заяўкай на банкруцтва, якую кіраўніцтва «Мотавела» падало ў эканамічны суд Мінску, прадпрыемства віннае крэдыторам удвая больш, чым каштуе.

У заяве, падпісанай былым мэрам Мінску Мікалаем Ладуцькам, якога ўлады прызначылі летась дырэктарам прадпрыемства, гаворыцца, што прычына – хранічная нерэнтабельнасць і неплацежаздольнасць, паведамляе Белсат.

 

Кітайскія дэталі, беларускі лагатып

 

Прыёмная заводу сёння цэлы дзень адказвае на званкі кароткімі гудкамі. Працаўнікі ж сустрэлі навіну без здзіўлення.

 

«Напэўна, правільна гэта, таму, што завод не працуе, – кажуць у размове з намі працаўнікі заводу. – Няма заводу – што тут казаць».

 

Паводле рабочых, пра закрыццё заводу гаворкі пакуль не вялося.

 

Мяркуецца, што будзе проста зліквідаваная юрыдычная асоба, на якой вісяць даўгі. А завод перададуць на баланс іншай дзяржаўнай структуры. Іншая справа, што кіраўніцтва прадпрыемства хоча перанесці вытворчасць з цэнтру Мінску ў індустрыяльны парк пад Смалявічамі, а ўчастак – прадаць.

 

«Учора быў сход у інтэрнаце і казалі, што не разваліцца пакуль завод. А раз падалі на банкруцтва, то што з ім будзе. Ну некалі нам прафсаюзны бух нам казаў, калі банкрут будзе, для нас гэта будзе лепш. А як лепш – хто яго ведае. Маўляў, усе даўгі, напэўна, скасуюць нам», – кажуць працоўныя.

 

Яшчэ адзін працоўны дадае, што да закрыцця «Мотавела» рыхтаваліся і пяць, і сем, і дзесяць гадоў таму, але завод усцяж «па-ціхенькаму працуе».

 

Рамы скончылі штампаваць паўгода таму

 

Што праўда, вытворчасці, паводле працаўнікоў, практычна няма. Завод працуе чатыры дні на тыдзень, але станкі не выкарыстоўваюцца ўвогуле – імпартаваныя кітайскія дэталі збіваюць уручную і толькі наносяць на іх беларускі лагатып. Цалкам ад вырабу ўласных дэталяў для сваіх ровараў і матацыклаў, «Мотавела» адмовіўся ўжо пры існым кіраўніку – прадстаўніку дзяржавы, былым мэры Мінску Мікалаю Ладуцьку.

 

«Вось я на штампоўцы працую, мы робім дэталі для зборкі. І з новага году мы ўжо ніводнай дэталі не выпускаем. Усё прывазное», – кажа нам адзін з працоўных.

 

Паводле мужчыны, яшчэ да канца 2016-га ён штампаваў рамы і шчыткі над ланцугом.

 

Серыйна завод вырабляе толькі ровары. Матацыклы «Мінск» – выключна на замову. Заробкі рабочых – Br 400–500. Сваю колькасць працаўнікі ацэньваюць на 60–100 чалавек.

 

На пачатку гэтага году акцыі ААТ «Мотавела» былі канфіскаваныя ў папярэдняга ўласніка – аўстрыйскай кампаніі ATEC Investments, што належыць Аляксандру Мураўёву, а самога Мураўёва пасадзілі на 11 гадоў – паводле абвінавачання ў махлярстве і карупцыі.

   

Раней збанкрутаваў яшчэ адзін беларускі актыў Мураўёва – шклозавод Ялізава.

 

«Я не думаю, што Мураўёў увогуле збіраўся гэты завод падтрымліваць у адпаведнасці з яго профілем. На мой погляд такія інвестары могуць разглядацца толькі як інвестары ў двукоссі, і прыходзяць для таго, каб зрабіць гэтае месца пустым і пабудаваць на ім нешта, што дае больш хуткую аддачу», – лічыць шэф-рэдактар «Экономической газеты» Леанід Фрыдкін.

 

У 2004 годзе завод хацеў выкупіць італьянскі вытворца скутэраў Cagiva, і прынесці на яго свае тэхналогіі.

 Замест гэтага ўлады вырашылі аддаць яго няпрофільнаму бізнесоўцу, потым нацыяналізавалі.

  

«Адмова кампаніі, якая спецыялізуецца на вытворчасці скутэраў, і ўвогуле яго ігнараванне, можна разглядаць толькі як эканамічнае злачынства, – кажа Леанід Фрыдкін. – А выбар інвестара, які не мае ніякага досведу ў працы з такімі вытворчасцямі, гэта – зноў такі эканамічнае злачынства».

 

Сёлета страты заводу, паводле вынікаў першага кварталу, склалі Br 350 тысячаў (новымі). Завод вінен крэдыторам больш за $ 60 млн. Ягоныя актывы каштуюць каля 30-ці.




Дата стварэння навіны 23.06.2017

Возврат к списку

cashback