АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусь купляе Су-30: як адрэагуе Польшча?

 Беларусь купляе Су-30: як адрэагуе Польшча?
22.06.2017
Беларускія экспэрты асцерагаюцца, што набыццё самалётаў сапсуе адносіны Мінска з Захадам; польскія адносяцца да здзелкі спакойна...

 Су-30СМ ВПС Расіі

Беларусь купляе ў Расіі 12 сучасных знішчальнікаў Су-30СМ. Кошт здзелкі – 600 мільёнаў даляраў. Пра падпісанне кантракту заявіў у аўторак кіраўнік расійскай Фэдэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Дзмітрый Шугаеў


Пакупка высакаклясных, але дарагіх у эксплёатацыі самалётаў можа павялічыць вайсковую залежнасьць Беларусі ад Расіі й сапсаваць стасункі Мінска з краінамі NATO – папярэджваюць беларускія вайсковыя аналітыкі. Як на набыцьцё Менскам грозных расейскіх самалётаў глядзяць у Варшаве? Зь беларускімі і польскімі вайсковымі экспэртамі размаўляў Аляксандар Папко, Польскае радыё.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова прасіў у Расіі новыя знішчальнікі, каб замяніць Су-27 савецкай вытворчасці, якія былі выведзеныя з эксплаатацыі ў 2013 годзе. Расійскае кіраўніцтва, аднак, прапанавала Лукашэнку не самалёты, а расійскую авіяцыйную базу. Дыскусіі пра размяшчэнне ў Беларусі расійскага вайсковага аб’екту не сьціхалі на працягу чатырох гадоў. У выніку, як бачна, перамагла пазыцыя беларускага кіраўніцтва. Расея згадзілася паставіць менавіта самалёты. Аднак гэтую перамогу нельга назваць абсалютнай – сцьвярджае вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.


Продаж новых самалётаў можа быць абцяжараны палітычнымі й эканамічнымі ўмовамі, якія могуць яшчэ мацней прывязаць Беларусь да Расеі – папярэджвае Аляксандар Алесін.

Су-30 – гэта выдатны шматфункцыянальны самалёт з магутным радарам. Зьнішчальнік здольны весьці паветраны бой, атакаваць наземныя цэлі, праводзіць паветраную выведку. Аднак магчымасьці Су-30 пераўзыходзяць патрэбы абароны адносна невялікай беларускай тэрыторыі, а кошты эксплуатацыі могуць моцна ўдарыць па беларускім бюджэце.

Вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў палічыў, што кошт паліва й тэхнічнага абслугоўваньня Су-30 у два-тры разы вышэйшы, чым кошты эксплёатацыі расійскага зьнішчальніка Міг-29, і ў чатыры рызы вышэйшы, чым кошты эксплёатацыі швэдзкага Saab Gripen. Паводле Андрэя Паротнікава, толькі на падтрыманне навыкаў пілотаў Су-30 Беларусь павінна выдаваць штогод каля 175 мільёнаў даляраў, альбо 40% свайго вайсковага бюджэту.


Гэтыя ацэнкі падзяляе і Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Гэтая зьдзелка не настолькі ўжо выгадная для Беларусі. Эканамічную сытуацыю Беларусі нельга назваць бліскучай. Як заявіў сам Лукашэнка, кожны самалёт каштуе мінімум 25 мільёнаў даляраў. Гэты кантракт напружыць наш бюджэт, а акрамя таго, будзе расьцягнуты ў часе. Мы не атрымаем імгненна баяздольнага авіяцыйнага падразьдзяленьня. Расея, аказваючы паслугу Беларусі, прывязвае яе да сябе яшчэ мацней. Такая складаная авіяцыйная тэхніка патрабуе аўтарскага нагляду й сэрвісу з боку прадпрыемства-вытворцы.


Беларусь і Расія маюць агульную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Набыцьцё Менскам 12 цяжкіх знішчальнікаў можа сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі Балтыі, Польшчай і Ўкраінай, а таксама падштурхнуць гонку ўзбраенняў у рэгіёне – асцерагаецца Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Су-30 – гэта шматфункцыянальны самалёт, які прызначаны для нанясеньня дакладных удараў па зямлі – як карэктаванымі авіяцыйнымі бомбамі, так і тактычнымі авіяцыйнымі ракетамі. Нават гаворыцца, што ён можа быць носбітам тактычнай ядзернай зброі. Зьяўленьне такіх самалётаў на тэрыторыі Беларусі не застанецца незаўважаным у нашых суседзяў. Я лічу, што продаж Беларусі Су-30 ў пэўным сэнсе можа быць «траянскім канём».


На думку Аляксандра Алесіна, натуральнай рэакцыяй краінаў Балтыі, Польшчы і Ўкраіны будзе набыццё новых сыстэмаў супрацьпаветранай абароны.

Польскія экспэрты, аднак, заяўляюць, што зяўленне ў Беларусі 12 новых знішчальнікаў трывогі ў краінах NATO ня выкліча.

Адбываецца натуральны працэс мадэрнізацыі беларускай арміі. Ён не парушае балянсу сілаў у рэгіёне, бо апошнія гады выдаткі на ўзбраеньне павялічваюць усе краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы – кажа галоўны рэдактар часопісу Przegląd Sił Zbrojnych («Агляд узброеных сілаў») Норбэрт Бончык (Norbert Bączyk).


Норбэрт Бончык: 12 машынаў не ствараюць значнай перавагі. Пры гэтым трэба зазначыць, што ўзброеныя сілы Беларусі ў апошнія гады праходзяць вельмі хуткую мадэрнізацыю. Набыццё самалётаў Су-30 не зяўляецца выключэннем. У апошнія гады Беларусь набывае ў Расеі й іншыя сыстэмы ўзбраення, але адначасова разбудоўвае ўласную абаронную прамысловасць. Рост абаронных выдаткаў адбываецца ва ўсіх краінах рэгіёну. Найлепшым прыкладам таму зьяўляецца Летува. Польшча таксама набывае ракеты JASSM, якія запускаюцца з самалётаў F-16, і радыюс дзеяння гэтых ракетаў пакрывае ўсю тэрыторыю Беларусі.

Набыццё Беларуссю 12 самалётаў ня можа істотна змяніць раскладу сілаў у рэгіёне – салідарны з Норбэртам Бончыкам галоўны рэдактар часопісу Lotnictwo («Авіяцыя») Шымон Тэтэра (Szymon Tetera). Пры неабходнасці Расія здольная перакінуць у Беларусь уласную авіяцыю, значна больш шматлікую за беларускую – кажа экспэрт.

Шымон Тэтэра: Калі б напружанне ў рэгіёне вырасла, то Расея магла б перадаць Беларусі вялікую колькасць машынаў альбо перакінуць у Беларусь уласную авіяцыю, як яна часам рабіла раней.

Гонка ўзбраенняў у рэгіёне ідзе ўжо некалькі гадоў, і прычынай яе стала не пераўзбраеньне беларускай арміі – падкрэсьлівае польскі вайсковы экспэрт Норбэрт Бончык. Мадэрнізаваць свае арміі Польшчу, Летуву, Эстонію і іншыя краіны NATO прымусіла агрэсія Расіі супраць Украіны.

Паўночнаатлантычны альянс не разглядае Беларусь як крыніцу пагрозы. Пра небяспеку з беларускага кірунку можна казаць толькі ў кантэксьце вайсковага саюзу Расіі й Беларусі – зазначае вайсковы экспэрт Норбэрт Бончык. Малаверагодна, што набыццё самалётаў расійскай вытворчасці сапсуе адносіны Мінска з заходнімі й паўднёвымі суседзямі. Іх увагу значна больш прыцягвае вайсковая палітыка Масквы.



Дата стварэння навіны 22.06.2017

Возврат к списку