АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ці хопіць сродкаў на пенсіі?

Ці хопіць сродкаў на пенсіі?
22.06.2017
У пенсійным фондзе – ізноў дзірка. Міністр працы Ірына Касцевіч распавяла дэпутатам пра тое, што Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і ў гэтым годзе спатрэбіцца дадатковае фінансаванне.

Не хапала раней, не хапае цяпер і не будзе хапаць у будучым, пакуль не зменіцца падыход да эканомікі. Гэтак незалежныя эканамісты каментуюць звесткі пры недахоп сродкаў у пенсійным фондзе. Для паляпшэння сітуацыі патрэбныя змены, як у самой пенсійнай сістэме, гэтак і агулам у эканоміцы, распавдае Белсат.


Летась фонд недалічыўся паўтара мільярда рублёў, іх пазычалі з бюджэту. Галоўная прычына, якую агучыла міністр Касцевіч, – невыкананне планаў росту эканомікі: урад чакаў павелічэння валавога ўнутранага прадукту на 0,3 %, а ў рэальнасці было падзенне на больш як два з паловаю адсоткі. Дый загад Лукашэнкі pабяспечыць у гэтым годзе сярэдні заробак па краіне не менш за 1000 рублёў пакуль не выкананы, таму і адлічэнні меншыя.

 

Паводле эканаміста Льва Марголіна, праблема не толькі ў агульным стане эканомікі Беларусі, але і ў аднабаковасці самой айчыннай пенсійнай сістэмы, якая працуе выключна на прынцыпе «салідарнасці».

 

«Гэта значыць пакуль людзі зарабляюць грошы, пенсіянеры атрымліваюць пенсіі, калі людзі пачынаюць зарабляць меней і калі людзі адʼязджаюць на працу за мяжу, то грошай для пенсіянераў таксама становіцца меней», – кажа Леў Марголін.

 

А з гэтым у Беларусі сурʼёзныя праблемы. У рэальным сектары эканомікі – штогод масавыя скарачэнні. Летась чыстыя звальненні склалі больш за 107 тысячаў чалавек. Адмоўна паўплывала і здушэнне малога бізнесу ды скарачэнне колькасці ІП. Дзеля пакрыцця дэфіцыту ў фондзе сацыяльнай абароны ўлады пайшлі і на непапулярную захаду павелічэння пенсійнага ўзросту.

 

«Нам толькі тэрміны дадаюць да гэтай пенсіі, вось і ўсё, няхай ён паспрабуе пражыць на гэтую пенсію, вы ведаеце хто», – кажа жыхар Мінску.

 

Вядома, беларускае грамадства сталее, і пенсіянераў робіцца больш. Але ці ёсць іншыя развязанні, акрамя пазнейшага сыходу на пенсію?

 

Жыхары Менску кажуць:

 

«Тут патрэбныя рэформы, тыя ж прыватныя пенсійныя фонды».

 

«Ну я малады, я пакуль пра гэта не думаю. Мне далёка да гэтага».

 

«Давайце дажывём да пенсіі і тады будзем думаць».

 

Але эканамісты кажуць, што думаць пра гэта трэба загадзя. На дзяржаўным узроўні яны раяць забеспячэнне пенсіяў падзяліць на некалькі крыніцаў – не толькі за кошт падаткаў цяперашніх працоўных, але і з дапамогаю пенсійнага страхавання ад працадаўцы ды ўласных адлічэнняў грамадзянаў на свае пенсіі. І хаця памеры беларускіх пенсіяў збольшага мізэрныя, то на збоі ў выплатах беларусы не наракаюць. Але якім коштам улады трымаюцца гэтай рэгулярнасці?

 

«Калі няма грошай на пенсіі, то яны проста друкуюць гэтыя грошы, бо разумеюць, што калі ўжо будуць затрымкі пенсіяў, то будуць вельмі сурʼёзныя наступствы», – мяркуе Леў Марголін.

 

Як вынік, падкрэслівае эканаміст, грошы – на час, але расце інфляцыя і кошты. Таму нават прагрэсіўныя змены ў пенсійнай сістэме не будуць працаваць без поўнага перагляду ўсёй эканамічнай палітыкі.



Дата стварэння навіны 22.06.2017

Возврат к списку

cashback