АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У парламенце Ўкраіны патрабуюць ад Нацыянальнай паліцыі справаздачы пра справу Паўла Шарамета

У парламенце Ўкраіны патрабуюць ад Нацыянальнай паліцыі справаздачы пра справу Паўла Шарамета
21.06.2017
Некалькі дзён таму спікер Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка паведаміў, што следства пакуль не ідэнтыфікавала асоб падазраваных.

Камітэт Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі звяртаецца да спікера парлямэнту Андрэя Парубія з патрабаваннем арганізаваць публічную справаздачу праваахоўных органаў пра хаду расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета, паведамляе радыё Свабода.

«Трэба звярнуцца да кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі, каб яны выступілі са справаздачаю ў парлямэнце пра хаду расследавання, бо 20 ліпеня спаўняецца год з дня забойства Паўла Шарамета, і было б лягічна, каб адбылася такая справаздача, як адбываецца расследаванне», — сказала намесніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вольга Чарвакова.


Вольга Чарвакова, намесніца старшыні парламенцкага камітэту ў пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі


У сваю чаргу кіраўнік камітэту Вікторыя Сюмар дадала, што па выніках сённяшняга паседжаньня такая рэкамэндацыя будзе накіраваная старшыні Вярхоўнай рады Ўкраіны. «Мы неаднаразова прасілі нашыя праваахоўныя органы быць больш публічнымі ў гэтай справе. Было і адпаведнае даручэньне прэзыдэнта Парашэнкі, але справаздач мы не пачулі ні ад адной са структур», — дадала яна.


Паводле Вікторыі Сюмар, дасягнута дамоўленасць з Камітэтам абароны журналістаў, які базуецца ў Нью-Йорку, пра падрыхтоўку справаздачы ў справе Паўла Шарамета. «Яны будуць кантактаваць з ўсімі органамі ўлады і будуць гатовыя прэзентаваць нам сваю справаздачу 12 ліпеня на пасяджэнні нашага камітэту», — паведаміла старшыня камітэту Вярхоўнай рады ў пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі.

«Я вельмі спадзяюся, што на гэтую справаздачу праваахоўныя органы прыйдуць, каб пачуць, як гэтая сытуацыя ацэньваецца мэдыяэкспэртамі і людзьмі, якія прафэсійна займаюцца абаронаю журналістаў за мяжою», — падкрэсліла Вікторыя Сюмар.

Кіраўніца парлямэнцкага камітэту таксама паведаміла са спасылкай на адпаведную інфармацыю ад Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, што падчас дасудовага расьсьледаваньня дапытана больш як тры тысячы асоб, у тым ліку і відавочцаў выбуху, праведзена больш як 280 аглядаў і даследаванняў публікацый. «Мы і надалей будзем адсочваць гэтую сытуацыю. Вельмі хацелася б, і мы будзем рэкамэндаваць, каб гэтая справа была значна больш падсправаздачнаю. Цікавасць да гэтай справы застаецца, і адсутнасць сталых тлумачэнняў, што адбываецца ў справе, не спрыяе даверу да ўлады ў цэлым. Нам патрэбныя такія справаздачы, і патрэбна сталае інфармаванне. На жаль, пакуль што мы ня можам адысці ад такой традыцыйнай для нас звычкі не паведамляць прамежкавыя вынікі», — падкрэсьліла Вікторыя Сюмар.


Некалькі дзён таму спікер Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка паведаміў, што следства пакуль не ідэнтыфікавала асоб падазраваных. «На жаль, гэтае крымінальнае злачынства было ўчынена даволі кваліфікавана, таму сьледзтва пакуль не знайшло тую асобу, якая абгрунтавана можа падазравацца ў датычнасьці да гэтага забойства», — сказаў Арцём Шаўчэнка.

6 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў праваахоўныя органы прадставіць публічную справаздачу пра расьсьледаваньне забойства журналіста Паўла Шарамета.


Сёлета ў траўні журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм «Забойства Паўла». Аўтары расследавання заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не звярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Ўсціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

15 мая следчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны дапыталі Ігара Ўсціменку ў гэтай справе, але журналістам дагэтуль не паведамілі падрабязнасці ягоных сведчанняў. У той самы дзень старшыня Службы бяспекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што Ігар Усціменка пасля звальнення са Службы бяспекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спецслужбы і не выконваў ніякіх яе заданняў.


16 траўня ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Траян заявіў, што да забойства Паўла Шарамета могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД. «Ён (Павел Шарамет — РС) быў у апазыцыі і да расійскага прэзідэнта, і таксама да беларускага прэзідэнта», — сказаў ён і дадаў: «Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаваў. Як мінімум, Расіі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну».

Беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей.

Дата стварэння навіны 21.06.2017

Возврат к списку