АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Зміцер Дашкевіч: Я найперш ― бацька, муж, цясляр і змагар

Зміцер Дашкевіч: Я найперш ― бацька, муж, цясляр і змагар
19.06.2017
Ці заўжды трэба адстойваць свабоду сваёй думкі, ці заўжды супраціў ― шлях да перамогі, што стаіць за “справай патрыётаў”, ці варта падпісваць згоду аб супрацоўніцтве са спецслужбамі, каб выйсці на волю?

Зміцер Дашкевіч пра здраду, крыўду на спецслужбы і абарону Курапат у жывым эфіры Еўрарадыё. Днямі лідар “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч атрымаў прэмію Васіля Быкава “За свабоду думкі”. 

 

Я найперш ― бацька, муж, цясляр і змагар. Свой выбар я зрабіў пад уздзеяннем рэферэндуму 1995 году. Калі ён праводзіўся, мне было 13 гадоў і я плакаў, калі дралі на шматы сцяг бел-чырвона-белы ― не мог зразумець, чаму нацыя выракаецца сваіх сімвалаў. Гэты дзіцячы боль, магчыма, стаў прычынай, чаму я далучыўся да “Маладога фронта”.

 

Калі мяне арыштавалі ў 2006 годзе, я стаяў ― што мне рабіць? І мне прапанавалі адмовіцца ад сваіх поглядаў. Гэта пазбавіла б ад крымінальнай адказнасці. Як можна здрадзіць сябрам, разам з якімі я дзейнічаў? Калі ўжо турма, то я мушу гэты шлях прайсці.

 

Зона ў 2006 годзе моцна адрознівалася ад зоны сённяшняй. Раней цябе саджалі, і ты проста сядзеў, а цяпер табой і днём і ноччу займаюцца.

 

Мне ніводнага разу не прапаноўвалі супрацоўніцтва са спецслужбамі. Магчыма, недаацэньваюць мой патэнцыял. Нават крыўдна. Усё, што прапаноўвалі, калі мяне пераводзілі з зоны ў зону, ― ламалі падпісаць прашэнне на імя прэзідэнта.

 

Калі мы, шэсць чалавек, прыйшлі ў Курапаты, было ідыятызмам меркаваць, што мы нечага даможамся. Я там будаўнікам у нейкай дзёрзкасці крычаў: “Вы тут нічога не пабудуеце!”, а потым сам сабе думаў: “Што я вярзу такое?!”. І на трэці дзень качання ў тых калюжынах, я ўжо маліўся, каб нас пасадзілі проста. Каб прыйшоў АМАП і нас пасадзілі. Але мы там былі дзеля свайго сумлення.

 

Я аднолькава праціўнік як гетэрапарадаў голых, так і гомапарадаў голых. Прыватнае сексуальнае жыццё няхай застаецца прыватным сексуальным жыццём. І я супраць таго, каб нехта меў права лезці ў гэта прыватнае жыццё ― выбіваць дзверы, арыштоўваць за гэтае жыццё.

 

У Курапатах некалькі разоў за апошні час бачылі людзей і накідках “Белай Русі” ― яны там прыбіралі. Цудоўна. Людзі нарэшце, праз 30 гадоў, прыйшлі ― няхай прыбіраюць. Гэта цудоўнае супрацоўніцтва з уладай. Але калі яны захочуць навязаць сваё бачанне таго месца, заліць усё ў бетон і цыбуліны праваслаўнай царквы там насадзіць, то гэта ўжо не тое супрацоўніцтва і дапамога.

 

Калі ёсць канкурэнцыя паміж людзьмі, паміж палітыкамі, у палітычнай ды эканамічнай сферах, то ніколі не пальецца кроў. Кроў праліваецца там, дзе ёсць маніякальная прага ўлады, грошай, уплыву і гэтак далей.

 

Часта апазіцыйныя актывісты выбарчай тэматыкай прыкрываюць сваё нежаданне працаваць паміж электаральнымі кампаніямі. Нам не трэба было ніякай электаральнай кампаніі, каб не ў самы зручны час пайсці і збіраць подпісы за бел-чырвона-белы сцяг. Ці каб пайсці на абарону Курапат.

 

Трэба дамагацца зменаў праз выбары. Але праблема беларускай сітуацыі ў тым, што нам трэба дамагчыся, каб выбары былі. Калі мы іх не даможамся, то і далей будуць такія фармулёўкі: “Нехта патрапіў у парламент”. Сёння ўсе, хто сядзіць у парламенце ― прызначаныя людзі.

 

Дзе былі гэтыя дэмакратычныя дэпутаты, калі арыштоўвалі на суткі, чаму гэтыя людзі не ламіліся ў КДБ, калі патрыётаў валаклі ў КДБ, дзе гэтыя дэпутаты былі, калі Сяргей Пальчэўскі клаўся пад бульдозер? Я б мог іх паважаць, калі б было нейкае дзеянне, нейкі рух. Сядзець, тыркаць кнопкі і распавядаць, як яны прагаласавалі ― гэта проста смешна.

 

Дамагчыся зменаў магчыма тады, калі мы навучымся быць вернымі ў малым. Праблема прыхільнікаў перамен у тым, што мы, застаючыся нявернымі ў малым, увесь час прэтэндуем на вялікае. Навошта чакаць змены рэжыму, каб пачаць сваіх дзяцей вучыць размаўляць па-беларуску ― чаму цяпер не рабіць гэтага? Бо гэта патрабуе высілкаў? Калі б тры мільёны чалавек, якія ў сацапытаннях выступаюць за беларускую як адзіную дзяржаўную мову, заўтра выйшлі і пачалі размаўляць па-беларуску ― гэта б ужо была іншая дзяржава. Гэтага не адбываецца. Але мы ўвесь час разважаем, як дамагчыся ўлады, як зрынуць рэжым.

 

Трэба не пра амбіцыі разважаць, а рабіць простую справу. Мяне часам папракаюць, што я ў калюжынах у Курапатах валяюся, па слупах лажу ці ўлёткі раскідваю. Маўляў, не твая гэта справа! Я хто палезе? Я маю права некага да нечага заклікаць калі сам гэта раблю.



Дата стварэння навіны 19.06.2017

Возврат к списку