АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Нашчадкаў Скарыны можна знайсці праз ДНК. Ёсць след

Нашчадкаў Скарыны можна знайсці праз ДНК. Ёсць след
18.06.2017
У Празе адбыўся міжнародны сімпозіум «Францішак Скарына і Прага». У ім прынялі ўдзел беларускія, чэскія і расійская даследнікі жыцця і працы беларускага першадрукара.

Месца на Старамесцкай плошчы Прагі, на якім ў XV-XVI стагодзьдзях была размешчана друкарня чэскага выдаўца Яна Северына.

На сімпозіуме да 500-годдзя беларускага кнігадрукаваньня былі агучаныя вынікі апошніх даследзінаў, прысвечаных Скарыну.

- Сёння «Экспэртыза Свабоды» выходзіць не са студыі, а са Старамесцкай плошчы ў цэнтры Прагі. Разам з калегамі Сяргеем Шупам і Сяргеем Абламейкам мы стаім побач з дрэвам, на якім прымацаваны партрэт беларускага кнігадрукара Францішка Скарыны, ляжаць кветкі і цытрына.

Калегі, чаму гэтае месца? Як яно звязана з нашым земляком?

 


Сяргей Абламейка і Сяргей Шупа

Шупа: Як мы сёньня пачулі з дакладу нашых калегаў Пэтра Войты ды Ільлі Лямешкіна, тут, паводле адной з гіпотэзаў, знаходзілася друкарня, у якой Скарына друкаваў кнігі. Гэта была друкарня прадстаўніка праскай гарадзкой эліты Яна Сэвэрына, які здаваў сваю друкарню ў арэнду самым розным друкарам. Тут была надрукаваная першая чэская Біблія 1488 году. Арандатары мяняліся, і друкі былі як лацінскім шрыфтам, так і габрэйскім. Прамых доказаў няма, але навукоўцы лічаць, што менавіта тут Скарына друкаваў свае кнігі.


Гурневіч: Гэта не адзінае месца імавернага разьмяшчэньня друкарні, дзе пабачыла сьвет першая друкаваная беларуская кніга. На канфэрэнцыі прагучала, што яно выяўлена толькі сёлета. Але існуюць і іншыя вэрсіі?

 

Абламейка: Навукоўцы знайшлі план, на якім пазначана больш-менш дакладна, дзе была друкарня Яна Сэвэрына. І яны мяркуюць, што ён здаваў яе і Скарыну. Але і ў іншых дасьледнікаў ёсьць вельмі сур’ёзныя аргумэнты за іншыя адрасы. Два зь іх зусім недалёка ад гэтага месца. Але, як сказаў Томаш Госкавец, што нам замінае зрабіць сымбалічным менавіта гэтае месца?

 

- У сённяшнім сімпозіуме бралі ўдзел беларускія, чэскія і расійскія даследнікі. Ці прагучалі новыя сэнсацыйныя звесткі, прысвечаныя Скарыну?

 

Шупа: Там прагучала хутчэй некалькі адважных гіпотэзаў. Ільля Лямешкін спрабаваў зьняпраўдзіць вэрсію пра тое, што ў аснову скарынаўскага перакладу была пакладзеная вэнэцыянская Біблія. Ён выказаў думку, што хутчэй гэта была першая чэская Біблія 1488 году. Лямешкін таксама лічыць, што Скарына ня быў перакладнікам у поўным сэнсе слова, а быў рэдактарам царкоўнаславянскага тэксту і дадаваў туды нешта, каб наблізіць яго да паспалітага чытача, які ў той час слаба разумеў па-царкоўнаславянску. Гэта гучыць сэнсацыйна, але, па-мойму, недастаткова аргумэнтавана.

 Абламейка: Мяне здзівіла найперш паведамленьне ад расшыфравальніка партрэтаў скарынаўскай Бібліі Пэтра Войта. Ён лічыць, што гэта крыптапартрэты і што на іх ёсьць рэальныя тагачасныя пэрсанажы. Тады так практыкавалі. Нават апраналі ў адзеньне таго часу, а не біблійных часоў. Ён заявіў, што знайшоў падабенства і з каралём Іржы з Подзебрад, і зь Ягелёнчыкамі, або каралямі Ягайлавічамі. Галоўнае — ён заявіў, што ў «Кнізе прамудрасьці Божай» малады чалавек у доктарскай чырвонай мантыі, які моліцца перад Хрыстом, — гэта Скарына. І гэта сэнсацыя. У сутнасці, гэта другі патрэт Скарыны.

 

- Даследнікі лічаць, што ў Чэхіі могуць жыць Скарынавы сваякі. Знайсці іх можна нібыта дзякуючы дасьледаванню ДНК. Гучыць трошкі фантастычна.

 ​Шупа: Гісторык Павал Котаў і дасьледнік Сяргей Кнырэвіч шукалі сьлядоў Скарынавага сына Сімяона ў архівах гораду Індржыхаў Градэц (Jindřichův Hradec) на поўдні Чэхіі. Яны знайлі 8 дакумэнтаў, зь якіх частка ўвогуле ніколі не публікавалася і не была расчытаная. Павал Котаў распавёў, што на адным з дакумэнтаў быў адбітак пальца Сімяона Руса. Узьнікла паўжартам такая думка, ці ў гэтым адбітку не захаваліся сьляды генэтычнага матэрыялу, паводле якога можна распазнаць, ці нехта з тых, хто лічыць сябе нашчадкам Скарыны, сапраўды ім ёсьць ці проста за такога сябе выдае. Бо невядома, ці былі ў Сімяона дзеці. Сам ён называў сябе не Скарынам, а Русам. Магчыма, калі пашукаць сёньня сярод чэхаў людзей з прозьвішчам Рус і зрабіць аналіз на ДНК, можа там генэтычныя сьляды маглі і застацца.

 

- Падчас адкрыцьця канфэрэнцыі ўдзельнікам раздаваліся цытрыны. Такую ж цытрыну паклалі вось тут пад дрэвам, дзе была друкарня Северына. Якое гэта мае дачыненне да Скарыны?

 

Абламейка: Чэскія навукоўцы заявілі сёньня, што Францішак Скарына першым у Празе пачаў вырошчваць цытрусавыя культуры: лімоны і апэльсіны. І пачаў ён гэта рабіць на 200 гадоў раней, чым гэта адбылося ў суседніх эўрапейскіх краінах. Таму сёньня на стале прэзыдыюму сталая цэлая ваза цытрусавых.

 

Шупа: Такім чынам, сёньня ўзьнік новы сымбаль Скарыны. Гэта ўжо ня толькі Сонца месяцовае, але і цытрына.

 

- Давайце вернемся да сэнсацыяў або прынамсі да новай інфармацыі, якая сёньня прагучала і якая можа змяніць нашае ўспрыняцце Скарыны. Што звярнула вашую ўвагу?

 ​Абламейка: З вуснаў Пэтра Войта і Томаша Госкаўца прагучала інтэрпрэтацыя Скарыны, яго тыпалёгіі і дзейнасьці. Фактычна яны разнацыяналізоўваюць Скарыну. Яны вырашылі нам сказаць, што Скарына ня быў патрыётам, а быў касмапалітам. Так Госкавец і сказаў. Пэтр Войт сказаў, што цяпер мае месца аднабаковы нацыянальны культ Скарыны. Маўляў, а ён жа належыць усяму сьвету. Гэта таксама праўда. Але калі я спытаў у Томаша Госкаўца, для каго выдаваў кнігі Скарына, то ён адказаў, што для ўсяго сьвету. Аднак мы ведаем прадмовы і пасьляслоўі Скарыны, ведаем ягоныя тэксты, і так сказаць нельга. Скарына шмат разоў пісаў «для братоў маіх, для Русі, каб яны, чтучы, маглі лепей разумеці». Ён уклаў гімн патрыятызму, роднаму Полацку і роднай мове. Ён казаў: я гэта раблю таму, што мяне міласьцівы Бог з таго языка на сьвет Божы пусьціў. Ён казаў: Божа, ня можам мы паслужыці ў вялікім людзям языка рускага, сіімі маленькімі кніжкамі. Калі чытаць Скарыну, то гэта наш першы патрыёт.


- Якія таямніцы вакол Скарыны можна яшчэ раскрыць?

 

Шупа: Магчыма, дасьледаваньне нашчадкаў Скарыны дасьць адказ на пытаньне, дзе ён памёр і дзе пахаваны.

 

- А як пасьля сённяшняга сімпозіуму можна ацаніць стан скарыназнаўства?

 

Абламейка: Я не расчараваны тым, што я сёньня пачуў і пабачыў. Прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прэзэнтавалі больш за 10 кніжак, прысьвечаных Скарыну. Гэта ня так дрэнна. Рыхтуюцца новыя. У Менску ў верасьні адбудзецца міжнародны двухдзённы кангрэс і дзяржаўныя сьвяткаваньні. Увага да гэтай тэмы міністра замежных справаў Беларусі таксама ня горшы прыклад. Падзеньне ўзроўню ў параўнаньні з тым, што была падчас 500-годзьдзя з дня нараджэньня Скарыны, ёсьць, але разам з тым прысутнічае аптымізм. Справа працягваецца. Як сказаў гісторык Георгій Галенчанка ў нядаўнім інтэрвію Свабодзе: «Можна напісаць цэлую кнігу пра тое, чаго мы пра Скарыну ня ведаем».


Дата стварэння навіны 18.06.2017

Возврат к списку