АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Астанавіце, Віце нада выйці!» — што кажуць таксісты пра затрыманне дырэктара «Алмаза»

«Астанавіце, Віце нада выйці!» — што кажуць таксісты пра затрыманне дырэктара «Алмаза»
15.06.2017
13 чэрвеня Камітэт дзяржкантролю затрымаў 34-гадовага бізнэсоўца Віктара Пузікава — уласніка найбуйнейшай сталічнай службы таксі «Алмаз 7788». Яго падазраюць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

«Наша Ніва» вырашыла пацікавіцца ў кіроўцаў таксі — што яны думаюць пра затрыманне транспартнага магната.

Нечакана, але многія кіроўцы машынаў «7788» увогуле чулі пра затрыманне толькі краем вуха.

«Я сам толькі сёння прачытаў навіну, адтуль і даведаўся, — распавядае адзін з кіроўцаў, Ігар. — у нас ёсць чацік для таксістаў, але там пакуль нічога канкрэтнага ніхто не ведае».

Сам Ігар пра Пузікава расказаць нічога не можа.

«Я 2,5 года працую на «Алмаз», але з Віктарам не знаёмы. Ну бачыў на офісе пару разоў, вось і ўсё. А хто ў нас цяпер начальнік, я і не ведаю».

Другі кіроўца «Алмаза» увогуле пытаецца ў журналістаў: «Скажыце, а пра затрыманне гэта праўда? Гэта не жарты?»

Сістэма па замове машынаў пакуль працуе. Але самі кіроўцы адзначаюць, што на вуліцах паменела алмазаўскіх машын маркі «Джылі». Не дзіўна — КДК наклаў арышт на 93 машыны.

«Вось і добра», — пасміхаецца алмазаўскі кіроўца «Нісана». Праўда, чаму радуецца — не тлумачыць.

Пра Пузікава і ўвогуле пра службу «Алмаз 7788», насамрэч, кажуць розныя рэчы.

Хтосьці і па сёння адгукаецца негатыўна.

«Я калісьці там працаваў. Калі ездзіш не на сваёй машыне, то сплачваеш за карыстанне аўто плюс за паслугі дыспетчара. Дыспетчару плаціш 1,20 капеек за кожны выклік. За машыну — па-рознаму. Хтосьці плаціць 250 рублёў за тыдзень, хтосьці 300, хтосьці — 40 рублёў штодня, — расказаў былы кіроўца «Алмаза». — Дык на «7788» было такое, што ты на бальнічным тыдзень правёў, а за машыну павінен заплаціць. Не зарабіў? Твае праблемы».

Але для кагосьці Пузікаў — не кіраўнік, а золата.

«Я дрэннага пра яго сказаць нічога не магу. У цяжкі час ён гатовы дапамагчы любому кіроўцу. Я ўпэўнены, што нават калі Віктар не знаёмы асабіста з кіроўцам, то, калі чалавеку патрэбная дапамог, ніколі не адмовіць, — расказвае Максім. Ён і па сёння кіроўца «Алмаза». — Калі трэба плаціць за машыну, але няма грошай, з Віктарам можна заўсёды дамовіцца, аддаць пазней. У яго няма такога: «Ты кіроўца, а я заснавальнік фірмы, я цябе не буду слухаць». Да яго можна прыйсці пагаварыць, штосьці прапанаваць. Ён заўсёды ідзе насустрач, прыслухоўваецца».


Дата стварэння навіны 15.06.2017

Возврат к списку