АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

уМоўны дуэлянт

уМоўны дуэлянт
14.06.2017
Юрыст Арцём Агафонаў выклікаў Случака на дуэль: «Беларуская мова — мёртвая. А цяпер паспрабуй мяне засудзіць».

 Слаўгарадскі юрыст Арцём Агафонаў вырашыў справакаваць гомельскага актывіста Ігара Случака.

Агафонаў адмыслова пакінуў у сацсетках наступны допіс па-руску: «Белорусский язык — мёртвый. Говорю специально для тебя. Теперь попробуй меня засудить. Принимаешь вызов? Или только против детей способен геройствовать?», піша Наша ніва.

Пры гэтым, Агафонаў удакладняе, што свядома правакуе Случака, а сам ён так пра мову не думае.


Ігар Случак пакуль не адрэагаваў на сітуацыю.

 

Гомельскі актывіст Случак, які сам сябе называе «моўным інспектарам», вядомы заявамі ў суд на тых, хто негатыўна выказваецца пра беларускую мову. Пасля яго заявы за выказванне «Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго пара ўжо закапаць як мага глыбей» атрымаў штраф былы гомельскі міліцыянт Васіль Варушчанка.

 

Таксама апошнім часам набрала розгалас гісторыя з 16-гадовым хлопчыкам, які ў сацсетках назваў беларускую мову мёртвай. Случак напісаў скаргу ў Салігорскі райвыканкам.

Пасля гэтага Ігару прыйшоў ліст ад маці падлетка, яна прасіла забраць заяву. Жанчына пісала, што яе сын усвядоміў памылковасць свайго меркавання і гатовы публічна папрасіць прабачэння за свае словы на старонцы суполкі ва Укантакце, дзе ўсё і пачалося. Маці таксама прасіла дараваць яе сыну неабачлівасць, паколькі ён нядаўна перанёс хіміяпрамянёвы курс тэрапіі пры лячэнні злаякаснага анкалагічнага захворвання. Гэтая акалічнасць і справакавала бурную дыскусію ў інтэрнэце — наколькі правільна ці няправільна дамагацца пакарання за абразу мовы пры такіх абставінах.

 

Заяву Ігар забіраць не стаў. А пазней з'явілася інфармацыя, што ліст ад маці напісаў сам хлопец.

 

Праўда, адміністратыўную справу супраць падлетка спынілі, караць яго не будуць.

 

На гэтую гісторыю з падлеткам і адрэагаваў Арцём Агафонаў.

 

Вось толькі сам Агафонаў асоба, мякка кажучы, даволі спрэчная. Былы член лябедзькаўскай АГП, пасля падзей у Крыме і ўсходзе Украіны ён падтрымаў расійскую агрэсію.

Агафонаў быў тым, хто напісаў скаргу на кіроўцу бел-чырвона-белага аўтобуса, які вазіў у Слуцк ахвотных ушанаваць памяць паўстанцаў.

 

Акрамя таго, Агафонаў актыўна піша на прапагандысцкія рэсурсы «рускага свету», прасоўваннем якіх займаецца так званы НОД.

 

Таксама ў лютым 2017 годзе з’явілася інфармацыя, што Агафонаў стаў сустаршынёй аргкамітэта руху «Грамадзянская згода».

 

«Мэтавая аўдыторыя — кансерватыўная рускамоўная большасць, якая не хоча дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і абвастрэння міжнацыянальных супярэчнасцяў. Стаўленне да ўлады — незалежнае, аднак у рэзкай канфрантацыі не зацікаўленыя», — акрэсліваў мэты арганізацыі сам Агафонаў.



Дата стварэння навіны 14.06.2017

Возврат к списку