АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Знайшоўся старадаўні абразок з беларускай малітвай

Знайшоўся старадаўні абразок з беларускай малітвай
14.06.2017
Краязнаўца Кастусь Шыталь: Паходжанне абразка — загадка. Каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку І Сусветнай вайны.

Піша краязнаўца Кастусь Шыталь.

Гэты абразок Маці Божай Вастрабрамскай я знайшоў паміж старонак кніжачкі «Żywy różaniec», якую летась даслала мне Юлія Цярэнцьева з вёскі Зарачча на Браслаўшчыне.

Некалі пра сям’ю Цярэнцьевых, якія кінулі Мінск і пераехалі на Паазер’е, я прачытаў у «Нашай Ніве». Знайшоў Юлію Цярэнцьеву на фэйсбуку і даслаў запыт у сябры. Гэтае віртуальнае знаёмства прывяло да цікавай знаходкі. Аднойчы Юлія напісала, што ў яе ёсць старыя каталіцкія выданні і папрасіла парады, што з імі рабіць. Я прапанаваў даслаць іх мне і паабяцаў перадаць іх у музей Віцебскай дыяцэзіі, калі ён будзе створаны (размовы пра музей ходзяць у дыяцэзіі не першы год).

У старых малітоўніках і рэлігійных кніжках часта можна знайсці папяровыя абразкі. Іх укладалі як закладкі між старонкамі ці проста, каб не згубіўся. Разгарнуўшы кніжачку «Żywy różaniec», якую даслала мне Юлія, я знайшоў моцна патрапаны каляровы абразок Маці Божай Вастрабрамскай. Перагарнуў яго — і быў вельмі здзіўлены.

 

На зваротным баку абразка быў надрукаваны верш па-беларуску лацінкай. Частка тэксту страчана, аднак лёгка было зразумець, што гэта за верш. «Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці мы клічам Цябе…» — песню на гэтыя словы, злёгку змененую, сёння спяваюць у многіх беларускіх касцёлах.

Простыя і натхнёныя словы, напісаць якія мог толькі такі аўтар, які не толькі паэтычны дар меў, але і добра ведаў душу беларуса-селяніна.

 


Матачка Божая, Матачка Добрая,

Бедныя дзеці, мы клічам Цябе.

Песняй пакорнаю мольбы складаючы,

Сэрцы свае аддаём мы Табе.

 

Нас, сваіх дзетачак, што ў Цябе просяцца —

Матачка Добрая, Ты пашкадуй;

Ласкай аджыўчаю Бога Прадвечнага,

Матачка Божая, нас абдаруй.

 

Вылеч Ты сэрца нам раны глыбокія,

Міласцяй чыстаю нас запалі,

Каб хвала Божая ўмест жальбы вечныя,

Ў неба ляцела, ляцела з зямлі.

 

Светам нябесным галовы нам цёмныя,

Матачка Божая, Ты асвяці,

Каб мы пазналі Мудрасць Адвечную,

Богу служылі тут верна ў жыцці.

 

Дай жа нам, дзеткам, дарожаньку простую,

Хвіліну смерці шчасьлівую дай.

Вядзі нас, Матачка, зоранька ясная,

У вечную хвалу, у цудны Божы рай.

 


Гэтая рэлігійная песня лічыцца народнай. У пачатку ХХ стагоддзя яе паклаў на музыку ксёндз Фабіян Абрантовіч, які быў беларусам і ідэйным прыхільнікам беларускага адраджэння. Песня была надрукаваная ў малітоўніку «Голас душы», выдадзеным у 1926 годзе ў Вільні. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў ксёндз Канстанцін Стэповіч.

На абразку няма ні даты і месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Трэба сказаць, што каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку І Сусветнай вайны. Прынамсі такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы калекцыю каталіцкіх абразкоў, якую я сабраў у ваколіцах Глыбокага. Абразкі, датаваныя міжваенным перыядам, такога афармлення не мелі.

 

Гістарычных звестак пра друк беларускіх абразкоў перад І Сусветнай вайной вельмі мала. У 1912 годзе Рамуальд Зямкевіч перасылаў Аляксандру Ельскаму «абразок Маці Божай Вастрабрамскай з вершаванай малітвай пяра Сыракомлі. Гэты абразок быў выдадзены ў бягучым годзе коштам маім [г. зн., Зямкевіча] і пана Власта (Вацлава Ластоўскага)». Яўхім Карскі піша, што «Образки… с белорусскими молитвами на обороте напечатаны в 1913 г. в Вильне и Кракове».

 

Ці не адзін з абразкоў гэтага выдання знайшоўся на Браслаўшчыне?

 

Гісторык літаратуры Вячаслаў Мартысюк з Брэста адказаў мне, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» стылістычна не падобны да вершаў Сыракомлі. Аднак, можа, усё ж Зямкевіч і Ластоўскі надрукавалі абразок з гэтым вершам, але памыляліся, прыпісваючы яго аўтарства Сыракомлю?

 

Мы не ведаем іншага абразка Маці Божай Вастрабрамскай таго часу з вершам па-беларуску.

 

У любым выпадку, гэты абразок — адно з першых каталіцкіх выданняў часоў беларускага Адраджэння. Спадзяюся, навукоўцам удасца высветліць яго паходжанне.

Яшчэ адна акалічнасць звяртае на сябе ўвагу. Абразок моцна патрапаны, забруджаны пальцамі сялянскіх рук. Гэтаксама выглядаюць у старых малітоўніках старонкі з папулярнымі малітвамі, якімі чалавек маліўся сотні, тысячы разоў.

 

Падобна, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» быў адной з улюбёных малітваў чалавека, якому гэты абразок належаў.

 

Па інф. nn.by


Дата стварэння навіны 14.06.2017

Возврат к списку