АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Сем народаў Расіі, якія зніклі ці знікаюць

Сем народаў Расіі, якія зніклі ці знікаюць
12.06.2017
Ігар Бузоўскі: «На тэрыторыі Савецкага Саюза ніводная нацыя не знікла, а на тэрыторыі Еўропы — вялізная колькасць моваў растварылася».


Каб прадэманстраваць, што сітуацыя ў Расіі не зусім такая маляўнічая, як мяркуе спадар Бузоўскі, мы прывядзем некалькі простых прыкладаў.

 

Дзеля параўнання, паводле апошняга расійскага перапісу беларускай мовай валодае 173 тысячы жыхароў Расіі.

 

Ніўхі

 

 Фота dementievskiy.livejournal.com.

 Гэты народ у кнізе 1Q84 апісваў Харукі Муракамі. Старая назва ніўхаў — гілякі. «Зімою юрта бывае поўная дыму, які ішоў ад ачага, і да таго ж яшчэ гілякі, іх жонкі і нават дзеці паляць тытунь. Магчыма, гэтай кепскай звычцы яны абавязаны сваім малым ростам, азызлым тварам, пэўнай млявасцю і лянотай сваіх рухаў», — пісаў Муракамі.

 Ніўхі жывуць на Сахаліне і Хабараўскім краі. «Ніўх» абазначае чалавек. Прадстаўнікоў гэтага народа засталося не так і мала на тэрыторыі Расіі — больш за 4 тысячы. Але ніўхскай мовай валодаюць усяго 198 чалавек. І вялікая частка з іх проста можа адрозніць самыя папулярныя словы. Сапраўдных носьбітаў мовы ніўхаў застаецца менш за сотню чалавек, у асноўным пенсіянераў.

 

Водзь

  

 Фота gumilev-center.ru.

 

Старажытны фіна-ўгорскі народ, які насяляў тэрыторыю сучаснай Ленінградскай вобласці Расіі. На сёння ў Расіі жыве 64 прадстаўнікі гэтага народа, ды яшчэ 10 у Эстоніі. Хоць ў сярэдзіне XIX стагоддзя водзі было больш за 5 тысяч. У 1926 годзе — звыш 700 чалавек. Носьбітамі мовы водзі з’яўляецца 6-10 чалавек.

 

Іжорцы

 

 Фота portal.do.mrsu.ru.

 

Іжорцы і славяне былі тымі, хто пачынаў асіміляцыю водзі. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу існуе Іжорскі трубны завод, а вось саміх іжорцаў у Расіі засталося 266 чалавек. Яшчэ да сярэдзіны ХХ стагоддзя іжорцы захоўвалі сваю мову. У 1926 годзе іжорцаў налічвалася больш за 16 тысяч.

 

Ітэльмены

   Фота slavanthro.mybb3.ru.

Назва паходзіць ад этноніма «тутэйшы». Жывуць на тэрыторыі Камчацкага края і Магаданскай вобласці. На сёння ітэльменаў у Расіі пражывае больш за 3 тысячы чалавек, але родную мову ведаюць толькі 82 чалавекі. У канцы XVII стагоддзя колькасць ітэльменаў ацэньвалася ў 12 тысяч. Перадача вуснай мовы ад бацькоў да дзяцей спынілася ў ітэльменаў яшчэ 50 гадоў таму.

 

Ханты і мансі


 Фота aquatek-filips.livejournal.com.

 

Калісьці гэтыя народы кантралявалі вялізныя тэрыторыі зямлі Югры на паўночным Урале. Гэта адзін з найбольш багатых рэгіёнаў Расіі. На сёння ханты застаецца 31 тысяча, а мансі — 12 тысяч. Разам прадстаўнікі гэтых народаў складаюць усяго 2% ад жыхароў Ханты-Мансійскай акругі. Хаця яшчэ ў 1939 годзе іх было каля 20%. Катастрафічная сітуацыі і адносна валодання мовай. Мансі ведаюць менш за тысячу чалавек, а ханты — каля 9 тысяч.

 

Карэлы

  


Фота karjalan.ru.

 Гэта яшчэ не зусім малалікі народ Расіі, аднак колькасць карэлаў вельмі імкліва зніжаецца. У 1926 годзе іх налічвалася амаль 250 тысяч чалавек. А паводле перапісу-2010, карэлаў засталося 60 тысяч. Яны складаюць усяго каля 10% жыхароў Карэліі. І нават калі ўлічыць, што ў 1940-я ў выніку савецка-фінскай вайны многія карэлы пераехалі ў Фінляндыю, то ў 1959-м у Расіі яшчэ жыло 167 тысяч карэлаў. Носьбітаў карэльскай мовы ў Расіі засталося ўсяго 25 тысяч чалавек.

 

Нанайцы


  Фота rigma.info.

 Малы народ з Далёкага Усхода. На сёння ў Расіі жыве больш за 11 тысяч нанайцаў, але толькі кожны дзясяты хаця б мінімальна нешта можа сказаць на сваёй мове. Найбольш нанайцаў жыве ў Камсамольску-на-Амуры — каля тысячы чалавек.


Зміцер Панкавец, nn.by 


Дата стварэння навіны 12.06.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку