АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Дык што паказвае “абсерваторыя” на Яновым возеры?

Дык што паказвае “абсерваторыя” на Яновым возеры?
12.06.2017

Адказ на гэтае пытанне складае ці не адзінае пэўнае ў кнізе “Зорныя камяні”, якая сёлета выйшла ў Мінску.

Аўтар кнігі “Зорныя камяні” Ілля Бутаў не першы год займаецца пошукамі ўсякіх анамалій на тэрыторыі Беларусі. Пачаў праводзіць штогадовыя канферэнцыі “Таямнічая Беларусь” і выйшаў на тутэйшую праблематыку. Што ён у ёй знайшоў сабе цікавага – паказваюць пытанні, на якіх пабудаваная кніга “Зорныя камяні”: Ці сапраўды былі ў Беларусі ў старажытнасці свае зорныя назіральні – абсерваторыі? Ці выбівалі на камянях сузор’і?

 

Тэма зораў, этнаастраноміі, трэба сказаць, апошнім часам перажывае які-ніякі росквіт: залетась кнігу “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія” выдаў Цімох Авілін. Сёлета кандыдацкую дысертацыю па тэме “Фарміраванне і развіццё астранамічных ведаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XIV–XVII стст.” абараніў гісторык Зміцер Скварчэўскі. Працы ўсіх трох аўтараў, уключна з Бутавым, навукоўцамі верыфікаваныя: Авілін пісаў кнігу пад кіраўніцтвам Таццяны Валодзінай з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, а ў Бутава рэцэнзентам – Сяргей Санько з Інстытута філасофіі.



Назіральня на Яновым возеры

 

Што да зместу кнігі “Зорныя камяні”, дык безумоўна кідаецца ў вочы адкрыццё аўтара, якое ён зрабіў літаральна год таму. “Старажытная абсерваторыя” на Яновым возеры з падачы шэрагу аўтараў звязваецца з летнім сонцастаяннем. Бутаў праверыў і высветліў: не з сонцастаяннем, а з апошнімі днямі траўня, калі сонца ўзыходзіць роўна з-за гары Гарадзец.

 

А 25 траўня, дадае ў гэтай жа кнізе спытаны гісторык Скварчэўскі, калі верыць храністу XVI ст. Стрыйкоўскаму, пачынаўся перадкупальскі, летні перыяд, звязаны, на яго думку, з персанажам Dzidzis Lado (літ. “вялікі Ладо”). У кожным разе, за месяц да сонцастаяння ў традыцыйным календары сапраўды ідуць святы, пераходныя ад вясны да лета (пасля той жа “Стралы” вяснянак ужо не пяюць).

 


Бажніца на Богінскім возеры

 

Схіляецца аўтар “Зорных камянёў” і да таго, што трэба верыць Вацлаву Ластоўскаму, які ў аповесці “Лабірынты” (1923) так пісаў пра нібыта былую бажніцу на Богінскім возеры:

 

“Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. (…) На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень”.

 

Бутаў не выключае, што тая богінская бажніца магла быць такою ж, якой выглядала бажніца, што, паводле апісання Саксона Граматыка ў ХІІ ст., была ў нямецкім цяпер Ютэрбогу (Jüterbog) і замест вокнаў мела адну круглую адтуліну з усходняга боку, адкуль сонечны промень трапляў у бажніцу на веснавое раўнадзенства. Гэтае сведчанне перапісаў расійскі гісторык ХІХ ст. Сразнеўскі, у якога наш Ластоўскі, відаць, і ўзяў ідэю для сваёй бажніцы. Бутаў згадвае Сразнеўскага (не згадваючы, аднак, Саксона Граматыка), але перад гэтым некалькі старонак натхнёна прысвячае разгляду аналогій, якія мелі б пацвярджаць, чаму такая бажніца на Богінскім возеры ўсё ж магла быць. Але “Лабірынты” Ластоўскага, як выглядае, цаглінка па цаглінцы складзеныя з пазычанняў з іншых аўтараў (пра гэта падрабязней: Ярамір быў жабай // Arche, № 5, 2011), што падмацоўвае думку пра прыдуманасць “бажніцы з адным акном” на Богінскім возеры.

 

Зрэшты, і без гэтай “аднааконнай” Богінскае возера застаецца дужа прыцягальным. Там і “літоўскія багі” на выспе былі, паводле яшчэ нядаўніх сведчанняў ад старых мясцовых, і берагі возера тапанімічна пазначаныя дужа згушчана: Дундаўшчына (літ. dundėti “грымець”, Dundulis “бог грымотаў, Дундаль”), Богінь, Ідаліна і Стуканы (апошнія два – адно насупраць аднаго, на процілеглых берагах возера), Стаўрова (а трохі на поўнач ад возера – Гаўраны, як тут не згадаць сабак першапродка Бая – Стаўры-Гаўры). Дык што каму яшчэ трэба, калі хочаш уразіцца, – Дундаль, багі-ідалы-стуканы, Стаўры-Гаўры. Паўней не бывае.

 


Сцебярацкія камяні

 

Таксама ў “Зорных камянях” разглядаецца комплекс з пяці камянёў са знакамі ля Сцебяракаў, што на Вілейшчыне. Тут падыход такі самы: ідзе дапушчэнне, што выяўленыя на камянях рогі – гэта рогі месяца, і далей на некалькі старонак рознага кшталту звесткі пра месяц. Цікава, вядома, пачытаць пра розныя аспекты міфапаэтычнага ўспрымання месяца, але сувязь з рагамі на сцебярацкіх камянях ад гэтага трывалейшай не робіцца.

 

Па факце ўся ахайна выпісаная факталогія нічога не дадае да таго, што было вядома перад тым: камяні размешчаныя па лініі з поўдня на поўнач; знакі – вось з паўсферай, рогі і складаныя крыжы; назва Сцебяракі перагукваецца з латышскім “Стабарагс” (stabs – слуп, стод; rags – рог, выступ) і “пазначае” і восі з паўсферай (“слуп”), і рогі. Ці гэтага, зноў жа хочацца запытацца, мала? Думаецца, не. Часам проста назваць як яно ёсць (“нічога не дадаючы ад сябе”, як казалі старагрэцкія філосафы) ужо дастаткова.

 

Дарэчы, няма ж ніякіх рысункаў на латышскім Стабарагу (па-польску яго называлі “Слупі Рог” – параўнайма назву кнігі Густава Мантойфеля “Слупі Рог і яго дачыненне да паэзіі наддзвінскіх латышоў”, што выйшла ў Кракаве ў 1885 г.). А ці не так, што першасная – назва, а рысункі на камянях – паэлементнае “раскрыццё” назвы? Значыць жа “Стабарагс”, з увагі на яго выгляд, “тое, што стаіць-застыла (stab-) і вытыркаецца (rag-)”.

 

Хутчэй ужо варта было б казаць, што назва “Сцебяракі” выглядае сінонімам заходнелітоўскага stabakūlis “вертыкальна ўсталяваны камень” (зах.-літ. kūlis “камень”), што, імаверна, гэтак жа паэлементна расклалася па назвах комплексу “Сцёб-камень (stab-) – сасна Куліна (kūl-)” на вытоку ракі Вяллі, ад якога да Сцебяракаў усяго 70 км.

 Пра сузор’і на камянях

 Нарэшце, большая частка кнігі прысвечаная гіпотэзе пра тое, што на нашых камянях з россыпам ямак прысутныя выбітыя сузор’і. Нягледзячы на аб’ём гэтай часткі, яна выглядае нейкай, так бы мовіць, “найменш абавязковай”. Сапраўды, ілюстрацыйны матэрыял з Заходняй Еўропы (асабліва з Швецыі, Даніі) паказвае, што там на камянях выяўлялі тое ж сузор’е Сіта (Коўш, Плеяды) – сем зорачак, выразна, асобна. Наколькі можна пераносіць тое сюды – пытанне. Бачыць Сіта ў чатырох зорках, у дзвюх зорках – гэта, даруйце за аналогію, чымсьці нагадвае расійскіх лінгвафрыкаў, якія нават у плямах на небе бачаць словы векавечнай расійскай мовы. Зрэшты, такім грашаць і заходнееўрапейскія шукальнікі сузор’яў на камянях.

 


Аўтар кнігі “Зорныя камяні” сумленна ездзіў у экспедыцыі, зрысоўваў дзірачкі на камянях (часам і папіраючы пры гэтым ботамі камяні), аб’ездзіў больш за палову ўсіх вядомых у нас на паўночным захадзе камянёў (не адзін дзясятак), нават некалькі новых знайшоў – і на фоне такой вартай павагі актыўнасці прапанавана ўсяго некалькі выпадкаў, дзе “маглі быць” выбітыя на камянях сузор’і, дый тыя выпадкі, мякка кажучы, небессумнеўныя. Не неверагодныя, вядома, але ўсё ж хутчэй “не”, чым “так”. У адсутнасці хоць якіх падмацаванняў, напрыклад, жывой традыцыі.

 

 

 

У заключэнне

 

І ўсё было б нічога, калі б на хісткім грунце не рабілася “прарыўных” абстрактных высноў кшталту “выява [сузор’я на камяні] можа сімвалізаваць Верхні свет, перанесены на зямлю” (с. 161). А потым такое тыражуецца. Як і пра “падмацаванасць” існавання бажніцы на Богінскім возеры. Як і пра сувязь рагоў на сцебярацкіх камянях з месяцам. Як і, напрыклад, зусім дзікая, непаважлівая да лексікі міфалагічных першакрыніцаў фраза “Месяц изменяет Солнцу с утренней зарей Аушрой” (c. 54) – бо “адасобіўся, гуляў і закахаўся” (у аўтарытэтнай літоўскай песні – atsiskyrė, vaikštinėjo, pamylėjo) – гэта не тое самае, што вульгарнае “изменяет”. Дый выраз “стабакулесовы камни” (ад заходнелітоўскага stabakūlis “вертыкальна пастаўлены камень”) – варварызм яшчэ той, ад такога ў кампаніі крывяцца.

 

Што да абмацвання камянёў у пошуках “адкрыццяў”, дык добры прыклад можна прывесці з каменем “Доўбіца”, што недалёка ад Стаўрова на тым Богінскім возеры. У рэдкай формы камені – нібы “выдзеўбанае” паглыбленне на паверхні. Дык вось, там мясціна называецца “Блуднае”: блукаюць, мроіцца, чуюцца гукі. Сакральнасць навідавоку. Куды сюды яшчэ што іншае ўпіхваць, дый нашто?..

 

Такім чынам, што ў сухой рэшце па кнізе? Неацэнны даробак аўтара кнігі “Зорныя камяні” – вызначэнне каляндарнага часу, на які арыентаваная зорная назіральня на Яновым возеры. Астатняе? Астатняе, баюся, можа толькі затлуміць перагружанымі выкладамі і хісткімі гіпотэзамі галовы. Хоць, вядома, аўтар зусім “па-навуковаму” (ці хутчэй мо “па-постмадэрнісцку”) следам за кожным блокам сцвярджэнняў дадае: хаця гэта, канечне, можа быць і не так. Лепшай рытарычнай фігуры – каб пераканаць нас цяперашніх, поўных сумневаў – цяпер не прыдумаць. Але тут той выпадак, калі верыць трэба ўсё ж гэтай агаворцы.

 

І ўсё ж адна загадка ў выніку застаецца. Але яна не пра тое, ці выбівалі сузор’і. Загадка – якая сувязь паміж цікавасцю да сакральных камянёў і тэмай абароненай Іллём Бутавым у 2011 г. навуковай дысертацыі “Оценка и создание исходного материала для селекции моркови столовой в условиях Беларуси”. Вось гэта сапраўды па-чалавечы цікава.

 

Алесь Мікус, budzma.by



Дата стварэння навіны 12.06.2017

Возврат к списку

cashback