АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Замест дапамогi — даюць штраф «Адданаму сэрцу»

Замест дапамогi — даюць штраф «Адданаму сэрцу»
12.06.2017
Адзіны ў Гродне прытулак для жывёл аштрафавалі за няправільны выгул сабак.

Валанцёры просяць дапамогі

Валанцёры «Адданага сэрца» звярнуліся да гродзенцаў па дапамогу: яны атрымалі штраф 115 рублёў (5 базавых велічынь). У маі жыхарка Гродна Д. напісала заяву ў міліцыю на валанцёраў, якія ў пустым полі без наморднікаў выгульвалі сабак. Жывёлы нікога не чапалі.

Пасля адміністрацыйнай камісіі і атрымання штрафу ў прытулку спынілі выгул сабак да часу, пакуль не агародзяць сеткай тэрыторыю. Жывёлы, якія вышэй за 25 см, увесь гэты час будуць сядзець у вальерах, бо ўсіх наморднікамі забяспечыць немагчыма.

«Гэтая непрыемная гісторыя адбылася 20 мая, у той момант, калі ў прытулку рамантавалі вальеры, а сабакі былі прывязаныя побач на не агароджанай тэрыторыі, — распавядае старшыня «Адданага сэрца» Алена Шыманiца. — Жывёлы былі пад кантролем. Грамадзянцы Д., якая ішла са сваімі дзецьмі каля прытулку, не спадабалася, што з-за брэху сабак прачнулася дзіця».

 

Ля прытулку адбыўся канфлік, жанчына выказала меркаванне, што тут сабакі бегаюць без наморднікаў і павадкоў, таму могуць пакусаць дзяцей.

 


Так валанцёры выгульвалі сабак з прытулку да атрымання штрафу

 


Замест дапамогi — даюць штраф

Жанчына напісала заяву ў міліцыю. Некалькі дзён праводзілася адміністрацыйная праверка, у выніку «Адданаму сэрцу» далі штраф — 5 базавых (115 рублёў) за тое, што на тэрыторыі прытулку валанцёры выгульвалі сабак без наморднікаў і павадкоў. Плюс выгул сабак у неналежным месцы.

«На камісіі жанчына адразу сказала, што мы — ненармальныя сабачнiкi, што жывёлы для нас важней за людзей. Яна казала, што мы ўвесь час выпускаем жывёл з прытулку натоўпам без павадкоў. Але такое немагчыма. У выніку нас аштрафавалі, камісія спаслалася на правілы ўтрымання сабак, хоць у iх нідзе не напiсана што ў полі трэба гуляць з сабакам у намордніку», — расказвае Алена.

 

У «Адданым сэрцы» былі б радыя, каб ім прапанавалі дапамогу ад горада — абгарадзілі тэрыторыю для выгулу, а не штрафавалі.


Прытулак перапоўнены — сабак часова не бяруць

 На сённяшні дзень валанцёры спынілі выгул вялікіх сабак — рыхтуюць наморднікі і збіраюць грошы на штраф ды агароджу тэрыторыі. Прытулак жыве цалкам за кошт ахвяраванняў. Валанцёры ў свой вольны час дапамагаюць бяздомным жывёлам — даглядаюць і шукаюць новы дом.

«Мы стараемся, але ўсё пацягнуць не хапае сіл. Зараз у нас штраф, купля ежы, аплата арэнды, а тут яшчэ чарговы збіты сабака, якому патрэбна аперацыя. Мы просім дапамогі ў неабыякавых гараджан. Калі збярэцца больш грошай, чым нам патрэбна, яны пойдуць на стэрылізацыю жывёл».

 

Сабак у прытулку цяпер каля 40. Часцей за ўсё непатрэбных жывёл людзі прывязваюць да плота прытулку, каб валанцёры іх забралі. Зараз прытулак перапоўнены, валанцёры часова перасталі браць жывёл.


hrodna.life


Дата стварэння навіны 12.06.2017

Возврат к списку