АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Міністэрства культуры будзе садзейнічаць стварэнню музея Алеся Адамовіча

Міністэрства культуры будзе садзейнічаць стварэнню музея Алеся Адамовіча
09.06.2017
Міністэрства культуры і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гатовыя дапамагчы ў стварэнні музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Аб гэтым гаворыцца ў адказе намесніка міністра культуры Васіля Чэрніка на зварот прадстаўнікоў грамадскасці. У лістападзе 2016 года ў Магілёве адбыўся круглы стол "Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады”, закліканы актывізаваць збор сродкаў на музей пісьменніка ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. 


На пасяджэнні быў створаны грамадскі савет пры абласной арганізацыі „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, задачай якога з’яўляецца арганізацыя працы па зборы грошай і прыцягненне ўвагі да творчасці Адамовіча. У красавіку прадстаўнікі магілёўскай грамадскасці звярнуліся да органаў рэспубліканскай улады з просьбай зрабіць ствараны музей Алеся Адамовіча філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На зварот адказаў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, які паведаміў, што Міністэрства культуры і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гатовыя садзейнічаць стварэнню экспазіцыі і аказваць каардынацыйна-метадычную дапамогу па адкрыцці музея Алеся Адамовіча ў Глушы. 


Згодна з пададзенай ім інфармацыяй, на канец тысяч на рахунак стварэння музея пры Бабруйскім райвыканкаме паступіла 11,8 тысячы рублёў. „Сёлета райвыканкамам запланаваныя шэраг мерапрыемстваў, заробленыя сродкі ад якіх плануецца накіраваць на стварэнне музея: правядзенне ўстановамі культуры раёна дабрачынных акцый, прыцягненне спонсараў, пералічэнне часткі грашовых сродкаў, заробленых на суботніках, і іншае”, — гаворыцца ў адказе намесніка міністра. Ён таксама ўказвае, што ў траўні ў Глушы прайшла нарада з удзелам дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўнікоў Бабруйскага райвыканкама і грамадскасці, падчас якой таксама былі разгледжаныя пытанні па стварэнні апякунскага савета ў мэтах каардынацыі пытанняў, звязаных са стварэннем музея і размеркаваннем сродкаў. Як паведамілі БелаПАН у Бабруйскім райвыканкаме, зараз прапрацоўваюцца юрыдычныя пытанні стварэння гэтага апякунскага савета, піша racyja.com .

 

Даведка

Як крытык і літаратуразнавец Алесь Адамовіч выступіў у друку ў 1950. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Аўтар навуковых прац «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага» (1958)[1], «Культура творчасці» (1959), «Беларускі раман» (1961), «Становление жанра: Белорусский роман» (Масква, 1964), «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный: Уроки творчества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек» (1978, даклад на VIII Міжнародны з'езд славістаў), «Літаратура, мы і час» (1979), «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (1980), «О современной военной прозе» (Масква, 1981), «Война и деревня в современной литературе» (1982), альбома «Сказ пра Івана Мележа» (1984), брашуры «Литература и проблемы века» (Масква, 1986), кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Выбери — жизнь» (1986), «Ничего важнее» (Масква, 1985), «Додумывать до конца» (Масква, 1988), «Отвоевались!» (Масква, 1990).



Кадр з фільма "Ідзі і глядзі"

Выйшлі раман «Война под крышами» (1960), які разам з раманам «Сыновья уходят в бой» склалі дылогію «Партизаны» (1963, па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), «Хатынская аповесць» (Масква, 1972; на беларускай мове ў 1976, інсцэніравана ў 1977), аповесці «Асия. Последний отпуск» (1975), «Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев» (1981), «Последняя пастораль» (часопіс «Новый мир», 1986). У 1985 г. на кінастудыі «Масфільм» пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм «Иди и смотри» (сцэнарый А. Адамовіча і Э. Клімава, апублікаваны ў 1986, у аснову якога пакладзены «Хатынская аповесць» і «Каратели…»). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985), узнагароджаны залатым прызам. У 1987 г. выйшла кніга апавяданняў і эсэ «Моление о будущем». Адзін з аўтараў дакументальных кніг «Я з вогненнай вёскі…» (з Я. Брылём, У. Калеснікам, 1975) і «Блокадной книги» (з Д. Граніным, Масква, 1979, 2-е, поўнае выданне, у перакладзе на беларускую мову ў 1985).

 

А. Адамовіч адным з першых падняў у літатартуры тэму Чарнобыльскай катастрофы, яе сапраўдных маштабаў.

 

Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) — за «Хатынскую аповесць».

 

Фільм на сцэнарый А. Адамовіча «Ідзі і глядзі» трапіў у спіс фільмаў тэлевізійнага шоу «50 фільмаў, якія неабходна паглядзець, перш чым памерці».

"Беларускі партызан"


Дата стварэння навіны 09.06.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку