АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Як гарадзенскія апазіцыянеры змагаюцца з паклёпам?

Як гарадзенскія апазіцыянеры змагаюцца з паклёпам?
08.06.2017
Вадзім Саранчукоў, лідар абласной арганізацыі БНФ, падаў у суд на мясцовую тэлерадыёкампанію за фільм «Маршам у нікуды», прысвечаны ўдзельнікам вясновых пратэстаў.

Зварот у пракуратуру, паводле актывіста, ніякіх вынікаў не даў. Чаму паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні?

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачанне паказала ў эфіры 10-хвілінны фільм, у якім паліваюцца брудам мясцовыя актывісты ды прадстаўнікі палітычных структураў. У ход пайшоў увесь прапагандысцкі набор штампаў пра апазіцыю: «вечныя беспрацоўныя», «алкаголікі» і г.д.

 

Як аператыўныя кадры трапілі на ТБ?

 

Адзін з «герояў» фільма Вадзім Саранчукоў, удзельнік вясновых пратэстаў, які атрымаў суткі за адну з акцыяў, вырашыў не мірыцца з абразамі ды падаў позву спачатку ў пракуратуру, пасля —у суд. З пракуратурай, паводле Саранчукова, атрымаўся звычайны «футбол»: з гарадской пераслалі ў абласную, адтуль —непасрэдна на Гарадзенскае тэлебачанне.

 

«У фільме былі выкарыстаныя кадры аператыўных здымак, якія пасля нейкім загадкавым чынам трапілі на тэлебачанне,— лічыць абласны лідар БНФ.— Як? Будзем разбірацца».

 

Аналагічную скаргу ў пракуратуру падаў і каардынатар БХД Сяргей Верамеенка. Эквілібрыстыка з перанакіраваннем зварота ў ягоным выпадку паўтарылася. Пры гэтым актывіст не можа зразумець, чаму фінальным адрэсатам ліста апынулася Гарадзенскае тэлебачанне, якое, фактычна, з’яўляецца зацікаўленым бокам у разбіральніцтве. Верамеенка таксама гатовы судзіцца з тэлевізіёншчыкамі.

 

«Вялікі начальнік» і ДТЗ

 

Чаму паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні, хоць вясновыя пратэсты, здаецца, захапілі ўсе абласныя і шматлікія раённыя цэнтры краіны? Напрыклад, пра аналагічныя фільмы ў Віцебску ці ў Брэсце мы нічога не чулі.

 

Паводле няспраўджанай інфармацыі, мела месца асабістая ініцыятыва альбо хутчэй справа выпадку. На пачатку красавіка ў Гродне адбылося ДТЗ з удзелам «вялікага начальніка», які апынуўся нецвярозы за стырном. Паколькі імя «начальніка» так і не было агучана, па горадзе папаўзлі чуткі, што ім аказаўся ніхто іншы, як Мікалай Мельячэнка, дырэктар Тэлерадыёкампаніі «Гродна». Пасля ДТЗ той меўся нейкім чынам «выкупіць віну перад Радзімай», таму і паўстаў фільм, зроблены неахайна і на хуткую руку нават па мерках айчынных прапагандыстаў.

 

Сайт «расійскі», таму і караць няма каго?

 

Для гарадзенцаў, зрэшты, гэта ўжо не першы выпадак абароны свайго гонару праз дзяржаўныя структуры. У мінулым годзе журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка ўжо звяртаўся ў міліцыю з нагоды публікацыяў у інтэрнэце з абразамі на ягоны адрас ды ў бок ягоных родных. Тады «брудныя» матэрыялы з’явіліся на маргінальным рэсурсе «Stop opp», які прафесійна гадамі бэсціць гарадзенскую «апазіцыйную тусоўку».

 

Сайт меў пад сваім крылом адмысловую групу ў «УКантакце», на адміністратараў якой і выйшлі гарадзенскія міліцыянты. Праваахоўнікі дадалі пры гэтым, што да сайту гэтыя людзі не маюць ніякага дачынення, таму і караць іх, нібыта, няма за што. Хто ж тады адказны за сайт?

 

Аказалася, што інтэрнэт старонка зарэгістраваная… у Расіі, дакладней —у Маскве. А гэта ўжо не юрысдыкцыя беларускай міліцыі. На гэтым тады справа і скончылася. На дадзены момант «Stop opp» паспяхова працягвае сваю дзейнасць, публікуючы абразлівыя матэрыялы на гарадзенскіх ды агульнарэспубліканскіх апазіцыйных дзеячоў ды журналістаў.

 

Па інф. bchd.info



Дата стварэння навіны 08.06.2017

Возврат к списку

cashback