АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Была ці не Магілёўская школа жывапісу?

Была ці не Магілёўская школа жывапісу?
07.06.2017
Аспірантка Нацыянальнай акадэміі навук Катажына ШАЎРУК вывучае асаблівасці манументальнага жывапісу Магілёўшчыны XVII — XVIII стагоддзяў, які ў пэўным сэнсе можна аднесці да нераскрытых таямніц нашай мінуўшчыны.

У гісторыі беларускага мастацтва дасюль шмат "белых плямаў". 

— Мне хацелася запоўніць прабел у вывучэнні манументальнага жывапісу каталіцкіх храмаў усходняй Беларусі. Прычым для мяне істотны не толькі мастацтвазнаўчы аспект, але і агульнакультурны: чаму менавіта пэўны сюжэт, герб... Гісторыя касцёла настолькі ўплеценая ў гісторыю горада і рэгіёна, што самі роспісы набываюць дадатковы сэнс.

— На якіх матэрыялах грунтуецца даследаванне?

— Я разглядаю пераважна каталіцкія святыні, матэрыялы ж па праваслаўных выкарыстоўваю для параўнальнага аналізу. Мае асноўныя аб’екты — гэта магілёўскі касцёл Святога Станіслава (балазе пробашч у даследаванні зацікаўлены) і мсціслаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Першапачаткова гэта былі святыні Ордэна кармелітаў. Разглядаю таксама Бялыніцкі кармелітанскі кляштар, дзе захоўваўся абраз Маці Божай Бялыніцкай: храм ужо не існуе, але ёсць яго апісанні. Дарэчы, у архіве акадэмічнага цэнтра захоўваюцца фотаматэрыялы Вольгі Церашчатавай і Міхаіла Кацара са зруйнаваных ужо святынь. Давялося таксама папрацаваць у архівах Львова (тут пэўны час знаходзілася кармелітанская галоўная капітула), Варшавы, Кракава (галоўны архіў ордэна). Карысталася кармелітанскімі хронікамі, летапісам Сурты і Трубніцкага, дзе шмат матэрыялаў па гісторыі касцёла і Магілёва ўвогуле.

— Дарэчы, а чаму абралі менавіта гэты перыяд?

— XVII — XVIII стагоддзі — пераломны час у беларускім мастацтве, пачынаюць фармавацца рэгіянальныя школы, напрыклад, тая ж магілёўская. Ва ўсходняй Беларусі пашыраецца рэлігійная разнастайнасць, з’яўляюцца ордэны, якія прыносяць новыя ўплывы. Да ўсяго даследаванні манументальнага жывапісу можна падзяліць на тры перыяды: за савецкім часам выявы інтэрпрэтавалі з пэўных ідэалагічных пазіцый, калі ў каталіках бачылі паноў-прыгнятальнікаў; на пачатку 1990-х апісвалі касцёлы да рэстаўрацыі, з паднаўленнямі перыяду ХХ стагоддзя, а пасля рэстаўрацый адкрыліся першапачатковыя сюжэты. Так што толькі цяпер можна з упэўненасцю казаць пра іканаграфію XVII — XVIII стагоддзяў.

— А ці можна казаць пра адметную Магілёўскую школу манументальнага жывапісу ў названы перыяд?

— Пэўныя адметнасці вылучаюцца. Па-першае, і ў каталіцкіх, і ў праваслаўных, і ва ўніяцкіх роспісах прасочваецца народная аснова. Па-другое, не было такога, што каталіцкія святыні распісвалі адны мастакі, а праваслаўныя — іншыя: мастака, часта мясцовага, запрашалі незалежна ад яго веравызнання. Напрыклад, Антонію Главацкаму, мастаку пры біскупе Станіславе Богушы-Сестранцэвічы ў Магілёве, прыпісваюць аўтарства роспісаў і каталіцкіх, і праваслаўных святыняў (а яшчэ ён быў партрэтыстам, рабіў тэатральныя дэкарацыі і нават наладжваў феерверкі ды ілюмінацыйныя шоу). Прычым у роспісах, што я вывучаю, шмат неаднароднасці: у адных бачны акадэмічны ўплыў, у іншых — прымітыў.

— Ці вызначаюцца, скажам так, уласна магілёўскія сюжэты?

— Скажам, у сюжэтах можна пабачыць вопратку тагачасных гараджан: Святая Марыя ў галаўным уборы магілёўскай мяшчанкі, грамадзяне Егіпта, апранутыя па тамтэйшай жа модзе XVII стагоддзя. Таму гэты старазапаветны сюжэт, Юзаф у карэце, некаторымі навукоўцамі ідэнтыфікаваўся як гістарычны — падарожжа Кацярыны ІІ, сустрэча яе з аўстрыйскім імператарам Юзафам у Магілёве ў 1780-м. Апошняе меркаванне адлюстроўвае распаўсюджаную сярод жыхароў горада на Дняпры трактоўку сюжэта. Аднак паводле праведзенага даследавання час паўстання дадзенага роспісу вызначаецца прамежкам часу ад 1760-га да 1767 года (задакументаваны год завяршэння прац па аздабленні касцёла). Такім чынам, кампазіцыя прысвечана менавіта старазапаветнаму сюжэту. Доказаў таго, што роспіс выяўляе гістарычную падзею, не існуе, а прыпісванне дадзенай кампазіцыі зместу, звязанага з гісторыяй горада, носіць характар гарадскога фальклору. Першапачатковая ж выява набыла новыя сэнсы праз народную адаптацыю сюжэта.

Вельмі папулярны сюжэт манументальных роспісаў у храмах усіх канфесій — братэрства: Каін і Авель, Юзаф з братамі. Маўляў, канфлікты ёсць, але хрысціянскія канфесіі — роднасныя. У некаторых калектыўных выявах магілёўскага касцёла сустракаюцца партрэты рэальных гістарычных асоб, якіх мы не можам ужо сёння ідэнтыфікаваць. Сюжэты, відавочна, біблейскія, але рэалістычныя абрысы твару, адзін і той жа чалавек выяўлены то там, то там. Таксама ў роспісах касцёлаў сустракаюцца геральдычныя знакі. Мая апошняя паездка ў львоўскі архіў дазволіла ідэнтыфікаваць герб, што выяўлены ў капліцы Святога Антонія магілёўскай катэдры: ён належаў Андрэю Корвен-Гасеўскаму, смаленскаму старасце, які з чатырохтысячнай арміяй (уключаючы гараджан — паспалітае рушанне) дзесяць месяцаў абараняў Мсціслаў ад 25-тысячнага рускага войска Шэйна.

Зазначу: больш ні ў якім рэгіёне, акрамя Магілёўшчыны, вы не знойдзеце звароту да гістарычных сюжэтаў у сакральным манументальным жывапісе. Прычым усе яны звязаныя з руска-польскай вайной 1632 — 1634 гадоў. І хаця вайна працягвалася ўсё стагоддзе, але менавіта названыя тры гады вельмі істотныя для Магілёўшчыны. Напрыклад, прывілей на пабудову магілёўскага касцёла быў дадзены ў 1633-м. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ, калі рускія войскі парушылі ўмовы папярэдняга перамір’я і пайшлі на пачатку ў вельмі паспяховы наступ на Смаленшчыну, быў абраны каралём Уладзіслаў IV. Вельмі набажны чалавек, а да ўсяго, як і ўсе вялікалітоўскія князі і польскія каралі, прыхільны да ордэна кармелітаў, ён прасіў яго членаў аб малітоўным заступніцтве. Дык вось, як толькі ён прыйшоў да Смаленска са сваім войскам, нейкім цудоўным чынам ворагі пачалі яму прайграваць баі адзін за адным, а 10 верасня 1633 года яго войска адсунула супернікаў да іх папярэдніх межаў. Кароль на такім узрушэнні выдаў прывілей на пабудову кармеліцкага касцёла ў Магілёве. Ён быў спачатку драўляны, гарэў, а сучасны будынак датуецца XVIII стагоддзем. І апісаны сюжэт адлюстраваны ў роспісах касцёла. Таксама падзеі той вайны адлюстраваны ў мсціслаўскім касцёле: узяцце Мсціслава і “разня Трубяцкога”, падчас якой забілі кармелітаў. Наогул, для каталікоў названая гістарычная падзея сталася бітвай за ўвесь Касцёл, таму ў храмах адлюстраванні гістарычных падзеяў прасякнуты трагізмам і пакутніцтвам.



— Відаць, не толькі ў касцёлах інтэрпрэтавалі гістарычныя падзеі ў роспісах?

— Так, да гістарычных падзей звярталіся і праваслаўныя. Напрыклад, у Куцеінскім манастыры пад Оршай (гістарычна — частка Магілёўшчыны) былі выяўленыя тыя ж падзеі, але з супрацьлеглага пункту гледжання: прыход рускіх войскаў у Оршу быў прадстаўлены як сустрэча Мельхісэдэкам і царамі ваяроў-вызваліцеляў (апошнія пададзены як вызваленчае войска Аўрама). Зазначу, да пачатку ХХ стагоддзя была захаваная частка драўлянай абхадной галерэі (пазней сам храм стаў мураваным), дзе і знаходзілася фрэска. У роспісе выкарыстоўваецца прыём змяшчэння біблейскіх персанажаў у мясцовы пейзаж. У якасці кампазіцыйнага фону прадстаўлены тыповы беларускі пейзаж з мясцовай расліннасцю. На заднім плане — дзве групы будынкаў, якія ўвасабляюць мясцовую архітэктуру. Тутэйшы каларыт падкрэсліваецца абмундзіраваннем вайскоўцаў і іхняй зброяй. Вайна 1632 — 1634 гадоў, апроч тэрытарыяльных і палітычных інтарэсаў, закранала таксама рэлігійныя стасункі: шчыльна звязаная з падзеямі еўрапейскай Трыццацігадовай вайны канфлікт паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй прадстаўляўся як супрацьстаянне католікаў і праваслаўных, пратэстантаў і мусульман. Адсюль — розная трактоўка падзей прадстаўнікамі канфесій..

— Ці параўноўвалі вы манументальны жывапіс з абразамі? Напрыклад, у “Нараджэнні Маці Божай” Пятра Яўсеевіча з Галынца пад Магілёвам шмат этнаграфічных дэталей…

— Нараджэнне Маці Божай — сюжэт больш характэрны праваслаўным храмам. Сустракаецца, напрыклад, у магілёўскім Мікольскім манастыры. Там няма этнаграфічных дэталей, але адметная каларыстыка, некананічная падача святла. Гэта асаблівасць праваслаўнага магілёўскага манументальнага жывапісу — яскравая праца са святлом. Я планую параўнаць матэрыял з Магілёва і Мсціслава яшчэ са слаўгарадскімі выявамі.

— У якім стане касцёлы, якія даследуеце, цяпер?

— Магілёўскі адрэстаўраваны ў 1990-я. Тады, праўда, былі знішчаны паднаўленні ХХ стагоддзя, якія таксама маюць мастацкую каштоўнасць. Ну а Мсціслаўскі касцёл у аварыйным стане: страха цячэ, роспісы псуюцца… Тут і складаная фінансавая сітуацыя ўплывае, і прыхаджан няшмат. Мсціславу, да ўсяго, “не пашанцавала” і ў плане ягонай сённяшняй аддаленасці ад буйных беларускіх гарадоў. Гэта горад прыгожы і атмасферны, але туды вельмі нязручна дабірацца, таму і турыстаў мала…

Наогул, стан не вернутых вернікам касцёлаў, колішніх храмаў іншых рэлігійных аб'яднанняў там, дзе няма ці мала прыхаджан, — актуальнае пытанне для ўсёй Беларусі. Напрыклад, у Беніцы пад Маладзечнам руйнуецца вельмі прыгожы бернардынскі касцёл. Пакуль яго яшчэ можна захаваць, але пытанне — для каго? Вёска вымірае, там ці не два чалавекі ў каталіцкай парафіі. Каб гэты касцёл быў у вялікім горадзе, яго можна было б выкарыстоўваць па прызначэнні альбо прыстасаваць, напрыклад, для канцэртнай залы, як тое робяць у Вільнюсе. Але няма ідэй, відавочна, як у Касцёла, так і ў прадстаўнікоў органаў улады.

Тое ж тычыцца і пытання перадачы рэліквій з музеяў назад у храмы: варта клапаціцца ўсім разам, каб у касцёле ці царкве былі створаныя ўмовы для захавання гэтых рэчаў. Дзяржава і Касцёл павінны ўвесь час знаходзіцца ў дыялогу адносна захавання рэлігійнай спадчыны, але, мяркую, сакральнае мастацтва павінна ў першую чаргу служыць мэтам, дзеля якіх стваралася. Калі мы вымаем аб’екты рэлігійнага мастацтва з яго натуральнага асяродку, мы пэўным чынам парушаем складаны сімвалічны тэкст і не можам у поўнай меры зразумець семантыку твора.

па інф. "Культура" 


Дата стварэння навіны 07.06.2017

Возврат к списку