АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Украіна вырвалася з заганнага кола саўка?

Украіна вырвалася з заганнага кола саўка?
07.06.2017
Пяць поспехаў, якім Беларусь можа пазайздросціць

За апошні год ВУП Украіны вырас на 2,3%, гэта значыць, краіна вярнулася да эканамічнага росту. Сярэдняя зарплата ў краіне за год вырасла аж на 25%, да 250 даляраў, — з улікам украінскіх цэнаў і долі нефармальнага сектара гэта азначае, што даходы ўкраінцаў і беларусаў выраўняліся.

Ці азначае гэта, што нават ва ўмовах вайны рэформы далі вынік?

Карэспандэнтка «Нашай Нівы» тыдзень правяла ў Кіеве і Чарнігаўскай вобласці. І многае яе зачапіла.

Дэцэнтралізацыя: Вера Фёдараўна ды Ала Мікалаеўна

Дэцэнтралізацыя ўлады — рэформа, рэалізацыі якой надаюць ва Украіне вялікае значэнне. Яе сутнасць — перадача вялікіх паўнамоцтваў і бюджэтаў органам мясцовага самакіравання, практычна — самім людзям на месцах.

У рамках дэцэнтралізацыі цяпер адбываецца стварэнне так званых «аб’яднаных грамад» замест сельскіх саветаў і раёнаў. Аб’яднаныя грамады ствараюцца не зверху, а знізу: людзі самі павінны выступаць з ініцыятывай пра стварэнне грамады (пры гэтым павінны вытрымлівацца пэўныя нормы: у цэнтры грамады павінна пражываць не менш за пэўную колькасць людзей, ад цэнтра грамады да яе крайняга пункта павінна быць не болей за 25 км і г.д.). Калі такія «пункты крышталізацыі» будуць створаныя, то потым людзі з суседніх населеных пунктаў павінны вырашыць, да якой з грамад ім выгадней прыяднацца. У выніку зменіцца адміністратыўная карта Украіны: вобласці (рэгіёны) застануцца, але раёны знікнуць, саступіўшы месца грамадам.

Што дае дэцэнтралізацыя на месцах, мы маглі бачыць на прыкладзе Парафіеўскай грамады, што месціцца ў Чарнігаўскай вобласці. Створана яна была ў 2015 годзе, у ёй пражывае 6000 чалавек.

Кіруе ёю Вера Карпенка. Ёй 70 гадоў, грамадскай дзейнасцю занялася пасля таго, як, адрабіўшы 34 гады настаўнікам матэматыкі ў школе, выйшла на пенсію. Як і скрозь ва Украіне, сваю пасаду здабыла, выйграўшы выбары: сярод 4 прэтэндэнтаў «набрала свае 70 адсоткаў».


Галава Парафіеўскай грамады Вера Карпенка на ганку адрамантаванага дзіцячага садка.

 

Бюджэт грамады ў параўнанні з часамі Януковіча вырас у 4 разы: у мінулым годзе ён склаў каля 20 млн грыўняў. Гэтыя грошы былі патрачаныя на працу школ, паліклінікі, дзіцячых садкоў, рамонт дарог. Вера Фёдараўна сустракае нас пад вечар, відна, што стомленая, але пра справы сваёй грамады гаворыць дэталёва і з заслужаным гонарам: «Вось капітальна адрамантаваны садок, 57 тысяч даляраў рамонт абышоўся. Вось адрамантаваная школа (памянялі 160 вокнаў — па акне на вучня, бо ў школе вучыцца 160 чалавек). Так, усе дадзеныя па закупах даем на ProZorro. Вось яшчэ адрамантавалі садок. Ала Мікалаеўна, я бачу, у цябе зноў нешта новае з’явілася, расказвай цяпер ты».



Загадчыца садка №2 «Сонейка» Ала Андрэйка сустракае нас на ганку у вышыванцы.

 

Трэба адзначыць, што арганізатары прасілі ўсіх, хто кантактаваў з нашай групай, гаварыць па-руску, каб усе зразумелі. І трэба адзначыць, што ўсе так і гаварылі, выбачаючыся папярэдне, што, можа, не дужа добра будзе атрымлівацца. І толькі Ала Мікалаеўна мякка сказала: «Прабачце, я буду гаварыць па-ўкраінску. Упэўненая, што зразумееце». Так, зразумелі. Бо любові да дзяцей, імкненню зрабіць іх дзяцінства шчаслівым, павазе да сваёй зямлі і гісторыі, якія заўважаліся ва ўсім, не надта і патрэбныя перакладчыкі.

 


Спальня сярэдняй групы.



«Украіна адзіная».

 

Увогуле, эфектыўнасць дэцэнтралізацыі добра ілюструюць украінскія дарогі. Там, дзе створаныя грамады, яны новыя, ідэальныя (так, так, не здзіўляйцеся, цяпер ва Украіне ёсць ідэальна роўныя дарогі!). Там, дзе дарогі належаць, як і раней, раённай адміністрацыі — яміна на яміне.



 Стэнд у Парафіеўскай школе расказвае пра аднавяскоўцаў, якія ваявалі ў АТА.

Мне падалося, што менавіта ў правінцыі ўкраінскай пералом адбыўся. Дамы ў вёсках дагледжаныя; нямнога, але трапляюцца новыя, сучасныя; уздоўж дарог — кавярні, шынкі; амаль няма смецця на ўзбочынах… Са смешнага — на пабеленай сцяне аднаго з дамоў нехта чырвонай фарбай вывеў вялікімі літарамі: «Тут живе злодій!»…

Каб усё было ProZorro

ProZorro — назва сістэмы адкрытых электронных дадзеных па закупах і тэндарах (ад украінскага «прозоро» — «празрыста» і з крэатыўным намёкам на героя, які прыходзіў на дапамогу абяздоленым жыхарам Новай Іспаніі, таксама як ProZorro прыходзіць цяпер на дапамогу жыхарам Новай Украіны, якія не жадаюць больш мірыцца з карупцыйнымі схемамі пры дзяржаўных закупах. «Усе бачаць усё» — дэвіз ProZorro. «Дагаварныя» тэндары, злоўжыванне службовым становішчам ускладнілася, дзякуючы электронным рэестрам. Знаўцы вельмі высока ацэньваюць унікальную архітэктуру ProZorro. Паколькі я не знаўца, то судзіць пра гэта не бяруся.

А вось дырэктар дэпартамента рэгулявання дзяржзакупаў Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю, аўтар і рэалізатар канцэпцыі ProZorro, Аляксандр Старадубцаў уразіў і мяне. Ну, які вобраз з’яўляецца пры словах «дырэктар дэпартамента» ва ўмовах Беларусі? А тут да нас выйшаў энергічны хлопец у майцы з лагатыпам ProZorro, з бранзалетамі на руках ды, энергічна жэстыкулюючы, стаў расказваць: «Раней я ў страшным сне не мог уявіць, што буду працаваць у міністэрстве. У міністэрстве, на дзяржаўнай службе! Я займаўся бізнэсам, і мне гэта было і цікава, і прыносіла грошы. Але я бачыў, што дзяржава наша не такая, у якой я хацеў бы жыць. І пасля рэвалюцыі я адчуў, што павінен нешта зрабіць для краіны. Я ведаў, як трэба зніжаць узровень карупцыі праз стварэнне электроннай сістэмы закупак. Таму я цяпер тут».

Кіраўнік дэпартамента рэгулявання дзяржзакупаў Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю 

Да слова, гэтую чароўную фразу: «Я хачу/павінен нешта зрабіць для дзяржавы» — мы чулі вельмі часта на працягу ўсяго перабывання ў Кіеве.

Чулі, напрыклад, таксама ад Сяргея Сарокі — грамадзянскага актывіста, суаўтара закона пра дзяржаўную службу і стратэгію рэформы дзяржаўнага кіравання. 20 гадоў ён адпрацаваў у бізнэсе на пасадах топ-менеджараў, мае досвед працы ў навуцы — а цяпер будзе працаваць у міністэрстве рэгіёнаў, рэалізоўваць распрацаваныя ім раней нормы законаў. Менавіта ён знаёміў нас з ходам рэформы публічнай адміністрацыі.

Удзельніца нашай паездкі з Казахстана, дырэктар Цэнтра аналізу грамадскіх праблем Меруэрт Махмутава пасля яго выступу трошкі з’едліва адзначыла: «Такое ўражанне, што ў вас тут, ва Украіне, няма інстытуцыйнай памяці. Усё, пра што Вы зараз гаварылі, я ужо чула гадоў дзесяць назад». — «Гэта была мімікрыя пад рэформы, — парыраваў сп. Сяргей. — Але ніякая сістэма не можа рэфармаваць сябе сама. У гэтым прычына няўдач рэформаў часоў Юшчанкі. Трэба, каб рэформы праводзіліся і кантраляваліся знешнім бокам».

«І як ні кляў ён гэту п'яўку»

Менавіта дзеля таго, каб пазбегнуць сітуацыі, апісанай класікам, актыўна ствараюцца ва Украіне Цэнтры аказання адміністратыўных паслуг. Мы наведалі адзін з іх, які месціцца ў Дарніцкім раёне Кіева. Нам паказалі усё: дызайнерскі рамонт, электронную чаргу, сучаснае абсталяванне, празрыстыя сцены унутраных памяшканняў, маладых усмешлівых супрацоўнікаў ва ўніформе… Гэта нагадвае ўдасканалены варыянт беларускіх цэнтраў «Адно акно».

Кранальная дэталь: у пакоі адпачынку персаналу стаіць бутыль, запоўненая крышкамі ад пластыкавых пляшак. Іх, аказваецца, збіраюць на пратэзы для воінаў, што былі скалечаныя ў АТА.

 


У пакоі адпачынку супрацоўнікі Цэнтру аказання адміністратыўных паслуг збіраюць пластыкавыя крышкі ад бутэлек на пратэзы для воінаў.

Прыкметы вайны ва Украіне скрабуць сэрца. Сёлета ў Кіеве такіх прыкмет стала менш: не так шмат мужчын у вайсковай форме на вуліцах, у адрозненне ад мінулых прыездаў — не трапляліся зборшчыкі дапамогі для арміі… Але не-не ды сутыкаешся ў натоўпе з маладымі мужчынамі на мыліцах, або са шнарамі на абліччы, або проста сустракаеш у натоўпе позірк — і ў ім столькі суму ў самай глыбіні, цяжкага ведання смерці. І разумееш: гэта хлопцы, якія прайшлі АТА.

 Менавіта такі позірк я пабачыла, калі да нас на сустрэчу прыйшлі афіцэры паліцыі. Не арыштоўваць удзельнікаў семінара (як маглі б падумаць беларусы), а расказаць пра сваю працу.

Сум на дне вачэй

Рэформа Міністэрства ўнутраных спраў пачалася ва Украіне са стварэння патрульнай паліцыі. Патрульная паліцыя павінна была стаць узорам адкрытасці сілавога ведамства. Ці стала?

Вырашылі, што лепш распусціць усіх старых супрацоўнікаў і набраць новых па конкурсе. Гэта маглі быць людзі «з вуліцы», але маглі быць і дзейныя супрацоўнікі МУС. Конкурсы пры наборы ў патрульную паліцыю былі гіганцкія. На 2000 месцаў у Кіеве было атрымана 27000 заявак.

Адбор ажыццяўляўся ў некалькі этапаў. Ад прэтэндэнтаў патрабавалася ідэальнае здароўе, маральная устойлівасць, яны павінны былі здаць нарматывы, прайсці тэст на агульны ўзровень ведаў, а таксама сумоўе. Надавалася ўвага й знешняй прывабнасці. Потым тыя, хто прайшоў праз гэта сіта, на працягу 4 месяцаў вучыліся: заканадаўства, фізічная падрыхтоўка, тактыка, заняткі са зброяй, псіхалагічная падрыхтоўка…

І вось на вуліцы Кіева выйшлі першыя абноўленыя патрулі. Маладыя (узроставы цэнз — да 35 гадоў), падцягнутыя, у сучаснай чорнай форме. Як з амерыканскага фільма! Першая рэакцыя кіеўцаў была прыхільнай. Новы твар паліцыі украінцам спадабаўся. Многія прасілі сфатаграфавацца разам, не верылі, што патрульныя могуць быць такімі ветлівымі, выхаванымі.

Але з цягам часу замілаванне трохі прайшло, і грамадства стала патрабаваць ад паліцэйскіх найперш эфектыўнасці. А вось з гэтым не ўсё так добра, як хацелася б. Перашкаджае вайна, якая прыводзіць да перамяшчэння вялікіх масаў людзей ды парой і зброі, і супраціў старой сістэмы, і банальны дэфіцыт часу й грошай. Напрыклад, вось такая паказальная нестыкоўка: па новым заканадаўстве караць за перавышэнне хуткасці кіроўцаў можна толькі тады, калі яно зафіксавана аўтаматычнай камерай назірання. Такі закон прыняты, каб пазбегнуць карупцыі, каб нядобрасумленныя паліцэйскія не маглі браць хабар з парушальнікаў. Але тут — упс! — выявілася, што закон прыняты, а камер назірання — няма! У выніку ліхачы маглі ганяць з хуткасцю гуку, а аштрафаваць іх у патрульных мажлівасці не было…

Але пра той позірк.

 Андрэй Ткачоў. Фота з яго фэйсбука.

…Андрэй Ткачоў з Харкава, эканаміст і юрыст. Быў там арганізатарам Еўрамайдану. Сутыкаўся з несправядлівасцю суда, калі яго спрабавалі за гэта асудзіць па падложных дакументах. Калі ў 2014 годзе пачалася вайна, папрасіўся добраахвотнікам у войскі. У АТА з 7 красавіка 2014 года. На свае вочы, страўнік, плечы пабачыў і адчуў жалю варты стан украінскай арміі ў той час. Не было формы. Спалі на голых жалезных раскладушках. Не было нават прадуктаў.

Два тыдні капалі акопы на мяжы вось у такіх умовах, а потым сябры-тэнісісты (Андрэй майстар спорту па тэнісе) прывезлі тушонку, іншыя прадукты, коўдры. Яго, праўда, у той жа вечар, так супала, перавялі ў іншую частку, але хлопцы з заставы былі вельмі задаволеныя (смяецца). Потым служыў пад Луганскам. Кажа, што, канечне, было цяжка і страшна, асабліва калі траплялі пад абстрэлы з усіх бакоў. Але мэта была — абараніць сваю зямлю, каб гэта не пайшло далей.

У 2015 пасля дэмабілізацыі рэфарматарка МУС Украіны Эка Згуладзэ запрасіла яго ў сваю каманду. Удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі рэформаў. Разглядалі мадэлі ЗША, Канады, Чэхіі, Польшчы.

Сутнасць распрацаванай рэформы, як яе бачыць Андрэй, — пераход ад савецкай карнай сістэмы да паліцыі як сэрвіснай службы. Паліцыя забяспечвае грамадзянам паслугі бяспекі. І тады вельмі важнай становіцца прафілактыка. Цяпер Андрэй працуе ў Дэпартаменце патрульнай паліцыі.

 

Тыповая такая біяграфія для новай паліцыі.

Я думаю, што аўтаматычныя камеры для фіксацыі перавышэння хуткасці неўзабаве з’явяцца ў патрэбнай колькасці.

«Я праектны менеджар»

 Калі я дзівілася маладосці ды выгляду начальніка дэпартамента Аляксандра Старадубцава, то я яшчэ не бачыла намесніцы міністра МУС Украіны па пытаннях еўраінтэграцыі Анастасіі Дзеевай. Худзенькая дзяўчынка у нагавіцах-кюлотах, на светлым плашчыку — брошка-матылёк.

 

Анастасія Дзеева, намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны

Анастасіі 25 гадоў. Пасля дзвюх гадоў працы ў Міністэрстве ўнутраных спраў яна стала намеснікам міністра, прычым самым маладым ва Украіне. «Мяне зусім не цешыць гэты факт,» — сказала яна амаль адразу, бо працаваць на такой пасадзе маладой жанчыне цяжка. Не абыходзіцца і без крыватолкаў. «Але я не чытаю каментароў пра сябе, — кажа яна. — Проста раблю сваю працу».

Намесніца міністра кажа, што ніколі не планавала працаваць у міліцыі, бо міліцыя ніколі не выклікала ў яе сімпатыі. Да таго, як трапіць на працу ў МУС, займалася рознымі праектамі ў ролі праектнай менеджаркі. У такой форме бачыць сваю дзейнасць і зараз: «Я праектная менеджарка».

У МУС трапіла па запрашэнні Экі Згуладзе, для якой таксама характэрны не міністэрскі, а праектны падыход. За два гады працы змагла прынесці шмат інвестыцый, і ўсе яны працавалі, а не цяклі некаму ў кішэню. «Мы паказалі, што нас цікавяць не грошы, а спосабы мяняць краіну. Я паказала вынік, які быў важны міністру, кабміну. Намміністра — гэта палітычная пасада. Гэта быў выклік: што я магу зрабіць для дзяржавы».

Упершыню за часы незалежнасці рэформа МУС атрымала палітычную падтрымку. Яе робіць новая каманда, якая дэманструе новыя падыходы і новы прафесіяналізм, новую жыццёвую філасофію. Вядома, многія з агромнага міністэрства — у яго ўваходзіць каля 300 тыс. чалавек — трохі ў шоку ад гэтага. Тым не менш змены адбываюцца даволі хутка.

Акрамя рэформы патрульнай паліцыі, якую спн. Дзеева прывяла як прыклад successful story, міністэрства цяпер займаецца распрацоўкай і ажыццяўленнем рэформаў усёй нацыянальнай паліцыі, Нацыянальнай гвардыі, памежнай службы, міграцыйнай службы і службы па надзвычайных сітуацыях. Ва ўмовах, калі «агрэсар знаходзіцца за крок ад нас», гэтыя службы павінны працаваць па найлепшых стандартах.

Вось, да прыкладу, служба па надзвычайных сітуацыях. «Мы хочам, каб пажарная інспекцыя тушыла пажары, а не бізнэс,» — сказала намесніца міністра пад смех прысутных. — Бо лічыцца, што пажарныя інспектары — гэта хабарнікі, як колішняя ДАІ. Але аказваецца, што яны выконваюць нармальную функцыю, калі правільна ім гэтую функцыю абазначыць. Цяпер мы займаемся ачысткай заканадаўства для таго, каб яна не аказвала ціску на бізнес. Ёсць ідэя перавесці аб’екты бізнэсу на добраахвотнае страхаванне. Калі чалавек паказвае добры поліс, то яго не правяраюць пажарныя інспектары».

 

Увогуле, 30 тысяч выратавальнікаў-пажарнікаў павінны пакрыць плошчу усёй Украіны і забяспечыць, каб пасля выкліку пажарныя прыбывалі ў любы пункт за 15 хвілін. «Гэтыя хлопцы — сапраўдныя героі, — адзначыла намесніца міністра. — Але яны працавалі ў жудасных умовах. Калі немцы прыязджаюць і заходзяць у пажарнае дэпо, яны кажуць: «О, які класны музей! Нам таксама трэба такі зрабіць. А цяпер пакажыце машыны, на якіх ездзіце». Але гэта ж і ёсць машыны, на якіх працуюць пажарныя! Таму перад намі — многа работы». Зараз пажарным павялічылі зарплату, забяспечылі сацпакет, мяняюць форму баявую. На 24% абноўлены «музейны» аўтапарк. Палепшыць працу выратавальных службаў закліканая і дэцэнтралізацыя: у новых «грамадах», тэрытарыяльных адзінках, якія ўтвараюцца зараз ва Украіне, ствараюцца цэнтры бяспекі, у якіх аб’ядноўваюцца паліцыя і пажарныя.

 

Пра дэцэнтралізацыю і будучае новае адміністратыўнае дзяленне Украіны мы больш даведаліся на наступны дзень, падчас паездкі ў Чарнігаў і Парафіеўскую аб’яднаную грамаду.

 

Перамагчы непераможнае

Барацьба з карупцыяй — самая складаная задача ў сучаснай Украіне. Карупцыя мае шмат абліччаў.

У рэйтынгу ўспрымання карупцыі, які кожны год складае сусветная няўрадавая арганізацыя Transparecy International, Украіна на 135 месцы (да слова, на першым месцы ў ім — Данія, на апошнім — Самалі, Расія — на 134, Беларусь — на 79).

Ва Украіне цяпер фарміруецца новая структура барацьбы з гідрай, сімвалам якой ва Украіне сталі знакаміты залаты батон ды залаты ўнітаз былога прэзідэнта Януковіча (унітаз і дасюль стаіць у рэзідэнцыі ў Міжгор’і).

Антыкарупцыйная рэформа ідзе ў некалькіх кірунках. Ствараюцца адкрытыя рэестры баз дадзеных у многіх патэнцыйна «карупцыягенных» галінах. Усе дзяржслужбоўцы павінны запаўняць электронную дэкларацыю аб даходах, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе. Кожны можа паглядзець, чым валодае той ці іншы чыноўнік і ці магчыма гэта патлумачыць памерам яго зарплаты. У дэкларацыю павінны ўносіцца звесткі пра ўсё, чым карыстаецца дэкларант. Такая фармуліроўка (чым карыстаецца) была ўведзеная для таго, каб выявіць маёмасць, афіцыйна зарэгістраваную на іншых асоб (нерухомасць, машыны і г. д.). Ёсць адказнасць па падачу непраўдзівых звестак — ад адміністратыўнай да крымінальнай, у залежнасці ад сумы, не паказанай у дэкларацыі. Але — упс! — дагэтуль крымінальнай адказнасцю ніхто не пакараны. Увогуле, пакуль слабае месца барацьбы з карупцыяй — суды. І хаця справы аб карупцыі актыўна расследуюцца, вынесеных па іх прысудаў — літаральна адзінкі. «Прабуксоўку» судовай рэформы тлумачаць вялікім аб’ёмам працы (ва Украіне каля 8000 суддзяў), а таксама вялікім «супрацівам матэрыялу» ў гэтай вельмі карумпаванай прафесіі.

 

А суддзі хто?

Калі пасля рэвалюцыі 2014 года правялі апытанне пра тое, колькі насельництва давяраюць / не давяраюць судам, то выявілася, што давяраюць цалкам 0,7% (відаць, самі суддзі і члены іх сямей), давяраюць часткова — 8%, цалкам не давяраюць — 81% украінцаў. Карупцыя, залежнасць, кругавая парука… Што з гэтым было рабіць? Як змяніць судовую сістэму, каб панавалі законнасць, юрыдычная дакладнасць, роўнасць перад законам? Найперш былі прынятыя законы «Аб аднаўленні даверу да судовай улады ў Украіне» (красавік 2014), «Аб забеспячэнні права на справядлівы суд» (люты 2015), змены да Канстытуцыі ў частцы правасуддзя і новая рэдакцыя закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў» (чэрвень 2016). Згодна з імі, цалкам абнавіўся склад Вышэйшай кваліфікацыйнай камісіі, Вышэйшай рады правасуддзя, старшынь судоў сталі выбіраць самі суддзі. Часовая следчая камісія стала разбіраць справы так званых «суддзяў Майдану» (тых, хто выносіў несправядлівыя прысуды у дачыненні ўдзельнікаў Майдану; з 330 суддзяў пакарана 33). Туга, але йдзе працэс пераатэстацыі суддзяў. На вынікі пераатэстацыі/прызначэнне суддзяў актыўна ўплывае Грамадская рада добрасумленнасці, якая на аснове даступнай інфармацыі ацэньвае маральныя якасці і прафесіяналізм кандыдатаў. Больш за 1000 суддзяў звольніліся самі перад перспектывай люстрацыі і пераатэстацыі.

На лета 2016 году давер украінцаў да судовай сістэмы трохі падняўся (цалкам ці часткова сталі давяраць 31%), але пры гэтым 80% лічаць, што судовая рэформа амаль не праводзіцца ці праводзіцца вельмі павольна.

 

А каб надаць гэтаму працэсу паскарэння, зноў спатрэбілася дапамога грамадскасці. Вопыт Грамадскага руху «Чэсна. Фільтруй суд», напэўна, зацікавіць і беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, ды й усіх, хто сутыкаўся з беларускай судовай сістэмай. Менавіта яны ўзялі на сябе вялікую частку працы па чыстцы аўгіевых судовых стайняў.

НАБУ

На першай лініі антыкарупцыйнай абароны (ці ўжо наступу?) — нядаўна створанае Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ). Яно мае займацца найперш топ-карупцыяй, верхнімі эшалонамі. Мэта дзейнасці — разбіць карупцыйныя схемы. Працуе НАБУ ўжо 2 гады. Цікавы момант: у НАБУ працуюць дэтэктывы — гэта пасада, у якой аб’ядноўваюцца функцыі следчага і аператыўнага супрацоўніка. На месца дэтэктыва быў конкурс 80 чалавек на месца. Цяпер штат НАБУ — 560 чалавек, з якіх 255 дэтэктываў (сярэдні ўзрост якіх — 27 год).

НАБУ было адзінай арганізацыяй, дзе нас папрасілі нічога не фатаграфаваць — супрацоўнікі арганізацыі павінны захоўваць ананімнасць, у мэтах бяспекі і эфектыўнасці працы.

Цяпер у працы 319 спраў аб карупцыі, 91 чалавеку паведамлена аб падазрэнні, 57 спраў накіравана ў суд. І тут зноў пачынаюцца праблемы: у судах справы часта «застраюць». Напрыклад, некаторыя падсудныя маюць па 15—20 адвакатаў, варта аднаму з іх не прыйсці на пасяжэнне — і справа не рухаецца. Таму з 4 млрд арыштаваных грывень у бюджэт пакуль нічога не вернута!

 

Наракаюць у НАБУ і на недасканаласць заканадаўства (напрыклад, на тое, што цяжка здымаць недатыкальнасць дэпутатаў, суддзяў), і на пракуратуру, якая, па словах супрацоўнікаў, часта не спяшаецца супрацоўнічаць, а парой і спрабуе аказаць ціск. Дзейны прэзідэнт краіны не падкантрольны НАБУ.

Агульная выснова: НАБУ сама па сабе працуе вельмі эфектыўна, але інерцыйнасць сістэмы і магутны супраціў тых, у каго нячыстыя рукі, пакуль не дазваляюць гаварыць, што мэты дасягнутыя.

Фенаменальная моц грамадзянскай супольнасці

Ладзіла маю паездку кааліцыя грамадскіх арганізацый «Рэанімацыйны пакет рэформаў» (Украіна) у супрацы з «Пражскім цэнтрам грамадзянскай супольнасці» (Чэхія) і «Цэнтрам дэмакратыі і вяршэнства права» (Украіна).

 Трэба расказаць падрабязней пра асноўнага арганізатара — кааліцыю грамадскіх арганізацый «Рэанімацыйны пакет рэформ» (РПР). Людзям з Беларусі цяжка нават уявіць гэтую фенаменальную структуру.

 РПР — не юрыдычная асоба, РПР нідзе не зарэгістравана. 79 грамадскіх арганізацый і 22 групы экспертаў аб’ядналіся ў кааліцыю, каб распрацоўваць канцэпцыі і штурхаць рэформы. Тарас Шаўчэнка, сустаршыня Рады РПР (да слова, не толькі поўны цёзка знакамітага Кабзара, але й нарадзіўся з ім у адзін дзень), пад кіраўніцтвам якога былі распрацаваныя і прынятыя многія законы сучаснай Украіны, упэўнены: «Поспех рэвалюцыі — гэта яшчэ не зарука пазітыўных змен. Пасля Аранжавай рэвалюцыі многім падалося, што да ўлады прыйшоў чэсны прэзідэнт, і мы палічылі сваю місію выкананай. Думалі, што цяпер настане справядлівае жыццё. Але ўлада вельмі хутка расслабілася, і змены да лепшага не адбыліся. Цяпер мы разумеем, што каб не страціць здабыткі Рэвалюцыі годнасці, трэба, каб грамадскасць працягвала жорстка кантраляваць і заканадаўчую, і выканаўчую уладу».

Мы мелі мажлівасць кантактаваць з многімі прадстаўнікамі РПР, і яны ўражвалі як высокім узроўнем кампетэнтнасці, так і маладосцю ды напорыстасцю. З заслужаным гонарам яны гаварылі, што на сёння супрацоўнічаць з РПР жадаюць і прэзідэнт, і прэм’ер-міністр, і міністры, і дэпутаты Вярхоўнай Рады, і прадстаўнікі практычна ўсіх партый. РПР супрацоўнічае з усімі, падкрэслілі арганізатары, але падтрымлівае выключна тыя законапраекты, якія лічыць карыснымі для краіны.

У РПР ёсць групы, якія займаюцца адвакацыяй асобных блокаў пытанняў: антыкарупцыйнай рэформай, судовай рэформай, рэформай публічнай адміністрацыі, дэцэнтралізацыяй, рэформай органаў правапарадку, медыя-рэформай і гэтак далей.

Жывы горад Кіеў

Карцінкі з жыцця горада, якія фармальна не ўваходзілі ў праграму, таксама запамятаюцца.

…Вось раніцай мы з кіргізскай журналісткай, уладальніцай газеты «ПалітКлініка» Дзілбар Алімавай праходзім па Алеі Герояў нябеснай сотні, каля помніка ім. Мама з двума дзеткамі кладзе кветкі, мужчына чыноўнічага выгляду спыняецца, нядоўга моліцца і ідзе далей — на працу. Дзілбар просіць мяне перакласці на рускую тэкст верша, выбітага на помніку.

Мамо, не плач. Я повернусь весною.

У шибку пташинкою вдарюсь твою.

Прийду на світанні в садок із росою,

А, може, дощем на поріг упаду.

Голубко, не плач. Так судилося, ненько

Що слово «матусю» не буде моїм.

Прийду і попрошуся в сон твій тихенько

Розкажу, як мається в домі новім.

Мені колискову ангел співає

I рана смертельна уже не болить.

Ти знаєш, матусю, й тут сумно буває

Душа за тобою, рідненька, щемить.

Мамочко, вибач за чорну хустину

За те, що віднині будеш сама.

Тебе я любив. I любив Україну

Вона, як і ти, була в мене одна.

Я пераклала, і мы абедзве, канечне, расплакаліся.

…Вось у музеі Булгакава на Андрэеўскім спуску Таццяна Абрамаўна Рагазоўская вядзе экскурсію: узор кіеўскай расійскай інтэлігенткі даўняга гарту, метафарычная, вышуканая расійская мова, неперадавальныя інтанацыі, дух традыцыі і фантастычная любоў да таленту Міхаіла Афанасьевіча — і кажа пра тое, што на фестывалі перакладаў «Белай гвардыі» найбольшую цікавасць чытачоў выклікаў пераклад на беларускую мову, які зрабіў Алесь Жук, а прачытаў Аляксандр Фядута. Потым на верандзе «дома пабудовы неймавернай» мяне частуюць чаем «ад Ларыёсіка», найсмачнейшай выпечкай ды яшчэ больш смачным варэннем з грэцкіх арэхаў («вы такое не толькі не каштавалі, а нават не чулі пра такое»), і мы гаворым з Таццянай Абрамаўнай пра Святлану Алексіевіч, пра тое, як непрыгожа павяла сябе Таццяна Талстая ў адносінах да яе, пра Архана Памука — да той пары, пакуль яе клічуць праводзіць чарговую экскурсію.

…Таксіст кажа: «Кіеў — жывы горад. Каго ён палюбіць — таму дапаможа. Зачапілі Вы мяне. Хочаце, я правязу вас строй вуліцай, дзе вы дакладна не былі. Гэта вам нічога не будзе каштаваць» — і правозіць мяне па Борычавым Току.

…Наглядчыца ў адным з музеяў: «Канешне, стала цяжэй жыць. Вайна. Я атрымліваю зарплату і пенсію, і ўсё роўна у апошнія два дні да зарплаты мне няма на што схадзіць у краму. Ой, але я не магу казаць пра такое на рабоце».

…Прыкладаю руку да тысячагадовага мура Сафіі.

…Па радыё рэклама беларускага маянэзу, па-ўкраінску са старанным беларускім акцэнтам: «Бацько наказаў йісты!»

Так, праўду сказаў таксіст-філосаф: Кіеў — жывы горад.

Наталка Бабіна, Кіеў— Мінск, nn.by



Дата стварэння навіны 07.06.2017

Возврат к списку