АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

19-гадовая мінчанка выйграла суд у чыноўнікаў

19-гадовая мінчанка выйграла суд у чыноўнікаў
06.06.2017
Вікторыя Крышталь выйграла суд у чыноўнікаў з камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

19-гадовую студэнтку хацелі выселіць з кватэры, дзе жыве яе маці Таццяна Крышталь, бо дзяўчына не мае інваліднасці.

Таццяна і Вікторыя жывуць у мінскай кватэры, якую жанчына атрымала ў доме для людзей з інваліднасцю, бо перамяшчаецца на вазку. Усё было добра, але праблемы пачаліся, калі дачцэ Вікторыі споўнілася 18 гадоў. Чыноўнікі звярнуліся ў суд з пазовам аб высяленні. Паводле іх логікі, у яе няма інваліднасці, дзяўчына паўналетняя, а таму не мае права пражываць у адмысловым доме, па інф. nn.by

 «На сёння Вікторыя не адносіцца да катэгорыі асоб, якія маюць права пражываць у спецыяльным доме для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў. Таму мы просім падтрымаць наш пазоў», — выступаюць у судзе прадстаўнікі камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Дзе будзе жыць Вікторыя, чыноўнікі не тлумачаць. З прапаноў, якія гучалі на сустрэчах з Таццянай Крышталь і яе дачкой, ім раілі студэнцкі інтэрнат. Але там нельга жыць улетку, тым больш вечнай студэнткай яна быць не збіраецца.

На судзе Таццяна не можа стрымаць слёз: чыноўнікі руйнуюць сям’ю.

«Што я такога зрабіла? Я ўсё жыццё працавала, зарабіла дачцэ на вучобу, хаця перасоўваюся на вазку. Хіба гэтая сацыяльная абарона мне нечым дапамагла хоць раз? Спыталі, мо трэба чаго? Не. А цяпер хочуць сям’ю зруйнаваць», — абураецца Таццяна. Яна не можа зразумець, чаму дзяўчынку трэба высяляць, бо ў доме пустуюць 15 кватэр. Да таго ж дзяўчынка даглядае яе, дапамагае. Зарабляць яна сама не можа, вучыцца на платным аддзяленні другога курса Міжнароднага ўніверсітэта МІТСА».

 

Маці турбуецца, што дачку фактычна хочуць выкінуць на вуліцу.

«А дзе ёй жыць? У начлежках, можа быць? Бо кожны інтэрнат мае свае правілы атрымання жылля. Ёсць падставы для пражывання ў інтэрнаце. Ёсць пункты, хто мае права туды засяляцца. Таму і наступны інтэрнат нейкі можа падаць на Вікторыю ў суд і выселіць», — хвалюецца Таццяна.

Нават пракуратура не ўбачыла прычын высяляць студэнтку другога курса. Такую пазіцыю агучвае на судзе прадстаўнік пракуратуры Аляксей Кісляк. Вікторыя ж мае планы на будучыню — стаць на чаргу па жыллё, і жыць у гэтым доме ўсё жыццё не збіраецца.

У выніку суд падтрымлівае Таццяну і Вікторыю. Пазоў чыноўнікаў не задаволены.

«Спадзяюся, на гэтым усё скончыцца, бо такіх сем’яў хапае: дзе маці ці бацька мае інваліднасць, а дзеці — не. Цяпер чыноўнікам варта перапрацоўваць заканадаўства, каб не было такіх праблем», — тлумачыць Еўрарадыё пасля суда Таццяна.

А Вікторыя збіраецца на іспыт па грамадзянскім праве пасля вымушанага «семінара» у судзе.

 

 



Дата стварэння навіны 06.06.2017

Возврат к списку

cashback