АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Bellingcat даказала расійскае паходжанне «Бука», які збіў MH17

Bellingcat даказала расійскае паходжанне «Бука», які збіў MH17
05.06.2017
Расследавальніцкая група Bellingcat апублікавала фота, якое пацвярджае, што ЗРК «Бук», які збіў, па сцвярджэнні групы, летам 2014 года Boeing 777 у небе над Украінай, быў прыпісаны да расійскай брыгады.

Адноўлены фюзеляж Boeing 777. Фота: Michael Kooren / Reuters

 Міжнародная экспертна-журналісцкая група Bellingcat выявіла новую фатаграфію ЗРК «Бук» пад нумарам 332, які меркавана збіў малайзійскі Boeing над Данбасам ў 2014 годзе. Фота пацвярджае, што машына была прыпісаная да расійскай 53-й зенітна-ракетнай брыгады (вайсковая частка 32 406). Гэта апошні вядомы фотаздымак «Бука» перад перадыслакацыяй ЗРК з Расіі ва Украіну. Здымак, верагодна, быў зроблены ў 2013 годзе, аднак трапіў у сеціва толькі ў лютым 2015 года, адзначаюць следчыя ў сваім дакладзе.

 

У 2016 годзе ў Bellingcat заявілі, што малайзійскі Boeing быў збіты з «Бука» пад нумарам 332, да гэтага даследчыкі не маглі ўсталяваць другую лічбу. Комплекс «Бук» пад такім нумарам быў заўважаны «ў калоне, якая перамяшчалася ў чэрвені 2014 гады з базы 53-й брыгады ў Мілерава ля расійска-украінскай мяжы», — нагадваюць даследчыкі. Але тады яны не змаглі атрымаць фатаграфіі «маркіровак негабарытных грузаў на борце машыны і на бакавых шчытах гусеніц», а толькі фота з белай маркіроўкай цэнтра мас (размешчаны ў ніжняй частцы машыны і нагадвае прыцэл). Але такая маркіроўка не была ўнікальная для гэтага комплексу, тлумачаць у Bellingcat.

 

На новым фота (у Bellingcat заявілі, што знайшлі здымак «па наводцы» карыстальніка Twitter) знаходзіцца мужчына на фоне ЗРК «Бук» з нумарам 332, ззаду — ружовы кантэйнер для перавозкі ракеты 3М8 ЗРК «Кола». Пра тое, што пускавая ўстаноўка на фота тая самая, з якой, па сцвярджэнні Bellingcat, быў збіты малайзійскі Boeing, сведчаць белыя лічбы нумара, адзнакі габарыту пагрузкі і транспартныя маркі. «Яны знаходзяцца ў тым жа месцы, што і на фотаздымках і відэа «Бука» 332, калі ён быў у Расіі ў чэрвені 2014 года і ва Украіне ў ліпені 2014 года», — падкрэсліваюць аўтары дакладу.



Фота: bellingcat.com

 Даследчыкі Bellingcat па гэтых нумарах і адзнакам ідэнтыфікавалі ЗРК як «Бук» пад нумарам 332, прыпісаны да 53-й зенітна-ракетнай брыгады (в/ч 32 406).

 Фатаграфія з механікам была зроблена на транспартным двары 53-й брыгады, адзначаецца ў дакладзе. Пацвярджае гэта іншы здымак, апублікаваны неназваным курсантам у жніўні 2014 года (імя публікатара аўтары дакладу не паказваюць, вядома толькі, што ён праходзіў зборы ў Курску па накіраванні аднаго з маскоўскіх ВНУ). На здымку намаляваны той жа ружовы ракетны кантэйнер. Геатэг пацвярджае, што фота зроблена ў двары 53-й брыгады ў пасёлку Маршала Жукава недалёка ад Курска. Геолакацыю фатаграфіі аўтарам дакладу ўдалося пацвердзіць дзякуючы спадарожнікавым здымкам.

 


 

Фота: bellingcat.com

Альбом з фотаздымкамі быў загружаны ў лютым 2015 года, але па іх немагчыма было ўсталяваць ні імя механіка, ні даты і месцы, дзе былі зробленыя здымкі.

 

Як высветліў РБК, чалавек на здымку займаецца рамонтам ваеннай тэхнікі, у прыватнасці, ён рамантаваў «Бук-М1». Механік (яго імя вядома рэдакцыі РБК) растлумачыў РБК, што быў у многіх гарадах Расіі ў сілу спецыфікі сваёй працы. Ён пацвердзіў, што «дакладна быў» у Курску ў 2013 годзе і, «магчыма», у 2014 годзе.

 

Акрамя «Бука» ў альбоме таксама ўтрымліваюцца фатаграфіі зараджальнай устаноўкі 9А85 комплексу С-300, спецмашыны (у Bellingcat мяркуюць, што гэта можа быць аўтаматызаваная сістэма кіравання баявымі дзеяннямі «Паляна-д4 9С52») і яшчэ адной устаноўкі «Бук-М1». Члены каманды Bellingcat высветлілі асобу механіка на фотаздымках і знайшлі яго профілі ў сацыяльных сетках. На адной са старонак яны ўбачылі фатаграфію «Бука» з нумарам 332, на другой — фота іншага ЗРК «Бук» і спецмашыны. Апошнія два здымкі былі загружаныя 31 сакавіка 2013 года. На трэцім — намаляваная пускавая ўстаноўка 9А83 для зенітнай ракетнай сістэмы 9К81 С-300В. Ён быў загружаны 20 чэрвеня 2013 года. Як адзначылі ў Bellingcat, «на іншых фотаздымках, загружаных да 31 сакавіка 2013 года і пасля 20 чэрвеня 2013 года, не бачныя месца яго [чалавека на фотаздымках] працы ў якасці механіка ваеннай тэхнікі».

 

Зыходзячы з таго, што фатаграфіі былі выкладзеныя ў інтэрнэт у 2015 годзе ў адным фотаальбоме, а таксама ўлічваючы ўмоўны нумар машыны, аўтары даследавання Bellingcat заключаюць, што «практычна напэўна» здымак быў зроблены ў 2013 годзе. Тым не менш яны дапускаюць, што фатаграфія магла быць зроблена вясной 2014 года.

 

Трагедыя з Boeing 777 адбылася ў небе над ўсходняй Украінай 17 ліпеня 2014 года ў 16:20 па мясцовым часе. Самалёт ляцеў рэйсам MH17 «малайзійскіх авіяліній». На яго борце знаходзіліся 298 чалавек, усе яны загінулі. Большасць пасажыраў на борце былі грамадзянамі Нідэрландаў. Праз некалькі гадзін у інтэрнэце сталі з'яўляцца заявы пра тое, што пасажырскі самалёт збілі прарасійскія сепаратысты з зенітна-ракетнага комплексу «Бук», прыняўшы па памылцы грамадзянскі самалёт за ваенны. Пазней Bellingcat ўстанавіла нумар ЗРК — 332, а таксама паведаміла, што комплекс прыпісаны да 53-й зенітнай ракетнай брыгады ў Курске. Машына была дастаўлена з Курска ў Мілерава (Растоўская вобласць), а адтуль — на ўсход Украіны, сцвярджаюць следчыя. Па іх дадзеных, перавозку «Бука» кантраляваў адстаўны расейскі афіцэр Сяргей Дубінскі, які фігураваў у СМІ як камандзір разведкі ДНР з пазыўным Хмурны. Сам ён сваю датычнасьць да гібелі лайнера адмаўляў.

Рада бяспекі Нідэрландаў у канчатковым дакладзе пра абставіны крушэння Boeing 777 назвала прычынай катастрофы трапленне ў лайнер ракеты класа «зямля - паветра», выпушчанай з устаноўкі «Бук». Па словах кіраўніка расследавання Т'іббе Яустры, пуск ракеты быў здейснены з раёна плошчай 320 кв. км (у названай зоне знаходзіліся як сілы апалчэнцаў, так і Украіны). У выніку абломкі самалёта апынуліся раскіданыя на плошчы ў 50 кв. км.

 па інф. novychas.by са спасылкай на rbc.ru



Дата стварэння навіны 05.06.2017

Возврат к списку